“Уладар” сябе апраўдаў

Общество

     У КСУП “Падбярэззе” пачалі ўборку “другога хлеба”. Першыя гектары выкапанай бульбы радуюць сельгасвытворцаў: такія гатункі, як “уладар”, “ласунак” і “лілея”, даюць па 265 цэнтнераў з гектара супраць леташняга ў 180 цэнтнераў.

Сёлета ў раёне толькі дзве гаспадаркі займаліся вырошчваннем прадукту нумар адзін у нашай краіне: у “Падбярэззі” пасадзілі 20 гектараў, у “Сівіцы” – 27. Як патлумачыў дырэктар КСУП “Падбярэззе” Анатолій Яраслававіч Лужынскі, у сельгаспрадпрыемстве ёсць бульбасховішча, што дае магчымасць зберагчы клубні. Набыты спецыяльны бульбаўборачны камбайн “ПКК-2-02” і 20-тонны сартавальны комплекс. За дзень пры спрыяльным надвор’і ўбіраюць 2-2,5 гектара бульбяных палеткаў. Сартаванне праводзяць уласнымі сіламі.

Плошчы вызначаюць у адпаведнасці з запатрабаванасцю прадукцыі – садзяць, у асноўным, пад заказ. Так, штогод 20 тон закупляе райбальніца, 60 тон ідзе на нарыхтоўку ў райспажыўтаварыства, 50 тон у якасці спонсарскай дапамогі паступае ва ўстановы адукацыі раёна, каля 100 тон здаецца на Мінскае агароднінасховішча. Астатняе рэалізуецца па свабоднай цане: напрыклад, летась каля 400 тон прадалі насельніцтву, 180 тон накіравалі на крухмальны завод. Рэнтабельнасць ад продажу склала каля 6 працэнтаў.

На ўра ідзе вырашчаны ўраджай і сёлета. Напрыклад, на кірмашы ў мінулую нядзелю 1,5 тоны свежавыкапаных клубняў разышліся вокамгненна. Пакупнікоў спакушае прымальная цана: буйная бульба каштуе ад 22 ад 25 капеек за кілаграм, дробная – ад 6 да 12 капеек. Набыць падбярэзскую прадукцыю можна на восеньскіх кірмашах, што праходзяць у райцэнтры, а таксама на месцы ў гаспадарцы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий