Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

     У 2017 годзе ў сельгаспрадпрыемствы раёна прыбылі на працу 23 дыпламаваныя маладыя спецыялісты, 9 з іх – з вышэйшай адукацыяй і 14 – з сярэдне-спецыяльнай.

Больш за ўсё нядаўніх выпускнікоў ВНУ і каледжаў папоўнілі сем’і спецыялістаў ААТ “Агра-Вішнеўскі” – 5 чалавек, КСУП “Сакаўшчына-агра” – 4, ААТ “Лоск”, КСУП “Пяршаі-2014” і КСУП “Падбярэззе” – па 3. Усім маладым спецыялістам прадастаўлена добраўпарадкаванае жыллё.

     У сярэдзіне верасня прайшоў справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, якую з 2013 года ўзначальвае дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 ААТ ААБ “Беларусбанк” І. А. Пукала. Яна выступіла са справаздачай перад прысутнымі. Іна Аляксееўна была абрана старшынёй і на чарговы тэрмін.

Гэта грамадскае аб’яднанне, як і большасць іншых, існуе за кошт дабравольных ахвяраванняў. За 2016 год іх паступіла 156 рублёў 15 капеек, за першае паўгоддзе бягучага года – 103 рублі 27 капеек. Як бачна, сумы зусім нязначныя, таму часцей даводзіцца шукаць спонсараў і разлічваць на іх, бо ёсць такія акцыі, у якіх раённае аддзяленне абавязкова прымае ўдзел. Традыцыйна на раённым выпускным балі лепшыя выпускнікі школ атрымліваюць падарункі ад фонду. Актывісты фонду штогод удзельнічаюць у Тыдні лесу і прымнажаюць лясныя багацці раёна. На сходзе былі ўручаны падзячныя пісьмы за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовічу, старшыні райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскаму, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Р. М. Русакевічу.

 

     19 верасня на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў фінал конкурсу сацыяльных і бізнес-праектаў жыхароў Валожынскага раёна, аб’яўлены ў рамках маштабнага праекта “Валожын без бар’ераў”. Арганізатарам конкурсу выступаў фонд “Інтэракцыя”, адукацыйным партнёрам – грамадскае аб’яднанне “Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу”.

У фінал выйшлі 5 праектаў, прадстаўленых самымі рознымі людзьмі, сярод якіх – гаспадар аграсядзібы “Бацян” Уладзімір Бацян, спецыялісты, якія працуюць з інвалідамі, і іншыя. Усе праекты накіраваны на тое, каб дапамагчы людзям вызначыць свой прадпрымальніцкі, творчы патэнцыял, знайсці прымяненне сваім планам. Адбылося знаёмства з экспертамі, што далі ацэнку праектам, іх мэтазгоднасці ў рэаліях нашага раёна. Кожнаму з аўтараў праектаў назначаны індывідуальныя эксперты, якія да 10 снежня будуць праводзіць навучанне. Усе фіналісты пройдуць стартап-школу. Канчатковыя вынікі будуць абвешчаны 11 снежня.

 

      З 11 па 16 верасня ў Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі прайшоў Тыдзень спорту і здароўя. У рамках арганізацыі прафесіянальных субот у праграме Тыдня адбылася спартландыя паміж ліцэістамі і вучнямі СШ № 1 райцэнтра, у якой перамагла дружба.

Некалькі дзён не сціхалі футбольныя баталіі. Першае месца занялі юнакі з групы 35-98, другое і трэцяе – 25-99 і 12-19. Сярод дзяўчат у лёгкаатлетычным кросе першынствавала Лізавета Каранік з групы 19-33, другое і трэцяе месцы занялі яе аднагрупніцы Вольга Шчарбінская і Вікторыя Грышэль. У юнакоў лепшы вынік у кросе паказаў Арцём Поклад, другі і трэці – на рахунку Уладзіміра Салаўёва і Іллі Сакалоўскага. Па выніках тыдня лепшымі былі дзяўчаты з групы 19-33, другое і трэцяе месцы занялі групы 19-32 і 29-31. У юнакоў тройка прызёраў размеркавалася наступным чынам: групы 25-99, 12-19 і 35-98.

 

      З 21 па 23 верасня ў аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна праходзіла міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш “Паляванне і рыбалоўства. Восень-2017”.

Свае трафеі на выставе прадстаўлялі і паляўнічыя нашага раёна, члены раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

 

     У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры працуе выстава нашага земляка – вядомага беларускага скульптара Валерыя Калясінскага.

На гэты раз ён выступае ў незвычайнай іпастасі: прадставіў гледачам 40 сваіх керамічных работ. На адкрыцці выставы прысутнічалі сам творца, выхаванцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў на чале з настаўніцай Л. І. Капустай, жыхары пасёлка.

 

     У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры Валожына пачалі працаваць новыя групы – функцыянальнай аэробікі і ёгі, якія вядзе малады спецыяліст Любоў Лерантовіч.

Набор жадаючых працягваецца. Заняткі – на платнай аснове.

 

Падпіска-2017

За што я люблю раённую газету?

Алена КРЭЙНІС, жыхарка Валожына:

– “Працоўная слава” – гэта брэнд Валожыншчыны! І, скажу я вам, брэнд з саліднай рэпутацыяй. Мяне можна назваць пастаянным падпісчыкам: чытаю газету, колькі сябе памятаю, – мусіць, гадоў сорак. Асабліва люблю артыкулы пра людзей. Самае цікавае, калі героі рэпартажаў – мае знаёмыя. У вялікіх інтэрв’ю на ўсю старонку, дзе няспешна цячэ размова аб розных баках жыцця, адразу адкрываеш новыя грані ў чалавеку. Вельмі радуюся за маленькіх спартсменаў, якія займаюць прызавыя месцы, за студэнтаў, што дасягнулі нейкіх вышынь. Ну і за землякоў, якія пераехалі, але, тым не менш, не забываюць пра родны раён. І, вядома, падабаецца чытаць пра культуру, цікавыя мерапрыемствы і іх асвятленне. У розныя часы ў раёнцы друкаваліся фота маіх дзяцей, кулінарныя рэцэпты мужа і нават нататка пра нашага пудзеля. Так што “Працоўная слава” – сапраўды любімая газета!

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars