Камандзіроўка ў Паднябесную

камандзіроўка

     Мінулым летам жыхарка Валожына, намеснік па спорце і турызме начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Валер’еўна Башаркевіч здзейсніла вандроўку ў Кітай.

Міністэрства камерцыі гэтай рэспублікі праводзіла міжнародны семінар для дзяржслужачых рускамоўных краін па тэме “Вялікі шаўковы шлях”. Дэвіз мерапрыемства гучаў так: “Адзін пояс – адзін шлях”. У групу прадстаўнікоў ад Беларусі наша зямлячка трапіла па запрашэнні Упраўлення па спорце і турызме Мінаблвыканкама.

Як сцвярджае Валянціна Валер’еўна, два тыдні ў КНР падаліся цэлай эпохай. Настолькі іншым аказалася тамтэйшае жыццё. Чалавеку, за плячамі якога ёсць вопыт замежных падарожжаў, цяжка было ўспрыняць асобныя адметнасці культурных традыцый, маштаб шматмільённых гарадоў і бясконцыя людскія патокі, што рухаюцца па вуліцах, навадняюць гандлёвыя цэнтры, рынкі, паркі.

Група беларусаў накіравалася ў горад Урумчы – цэнтр Унгурска-Суарскага аўтаномнага раёна. УСАР – буйнейшая адміністрацыйная адзінка, што займае 1/6 частку КНР і цэнтральнае становішча ў Еўразіі. Раён лідзіруе па колькасці адкрытых кантрольна-прапускных пунктаў, праз якія можна трапіць (пакінуць) на тэрыторыю рэспублікі. Тут пражываюць 20,5 млн чалавек, сярод якіх 13 карэнных нацыянальнасцей і безліч тых, што прадстаўляюць розныя краіны свету. Плошча раёна – 1660 тысяч кв. км.

Для ўдзельнікаў семінара была падрыхтавана сур’ёзная, насычаная інфармацыяй і практычнымі заняткамі, праграма. Гасцей знаёмілі з мінуўшчынай Кітая, гісторыяй яго ўзаемаадносін з іншымі краінамі. Лектары – эканамісты, гісторыкі, навукоўцы – дзяліліся звесткамі аб арганізацыі турыстычнага бізнесу, які, дарэчы, мае некаторыя адрозненні ад нашага. Усе турфірмы, гасцініцы, спартыўныя комплексы ў КНР належаць дзяржаве і падпарадкоўваюцца міністэрствам эканомікі кожнай з правінцый.

З прадстаўнікамі Беларусі была праведзена спецыяльная сустрэча. Бакі разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферы турызму. Падарожжы ў нашу краіну карыстаюцца папулярнасцю ў кітайцаў. Якасць паслуг у цэлым задавальняе азіяцкіх вандроўнікаў. Цікава, што нараканні ўзнікаюць толькі ў дачыненні да харчавання. Наша кухня здаецца ім занадта прэснай. Беларускія ж турысты таксама з недаверам ставяцца да некаторых кітайскіх прысмакаў. Як заўважыла Валянціна Валер’еўна, візуальна ўспрыняць пэўныя з іх значна лягчэй, чым паспытаць на смак.

Для міжнароднай групы былі наладжаны экскурсіі ў паркі Хуаншынь, Шуймагоў. Пашчасціла пабываць у адным з самых вялікіх гарадоў – Шанхаі, дзе гасцям прадаставілі магчымасць наведаць знакаміты культурны цэнтр Учжэнь, музеі шоўку і чаю. Цікавая экскурсія адбылася на адзін з сусветнавядомых гарналыжных курортаў “Шаўковы шлях”. Было адзначана, што прынцыпы работы такіх комплексаў у Беларусі і Кітаі падобныя.

Нашы дзяржслужачыя змаглі абмеркаваць вопыт у вядзенні турбізнесу з камандамі з усіх краін-удзельніц сустрэчы. Цікава расказалі аб нацыянальных адметнасцях прадстаўнікі Туркменістана, Азербайджана, Балгарыі, Малдовы. Кожная дэлегацыя падрыхтавала прэзентацыю і мела магчымасць яе абараніць. Беларусы зрабілі акцэнт на аб’ектах турызму, якія спецыялізуюцца на прыёме падарожнікаў з краін Азіі. Трэба адзначыць, што Валожынскі раён карыстаецца попытам у прадстаўнікоў КНР. Жыхары Паднябеснай усё часцей становяцца гасцямі на аграсядзібах “Ганка”, “Свет пчол”, “Коні-поні”, “Экафлора”.

Пасля вяртання на радзіму Валянціна Валер’еўна правяла спецыяльныя кансультацыі для суб’ектаў турызму, што знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Яна ўпэўнена: сёння на Валожыншчыне ёсць усе ўмовы, каб прыняць прадстаўнікоў любой замежнай дзяржавы і зрабіць іх гасцяванне камфортным.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота прадастаўлены

Валянцінай БАШАРКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars