Лае, але не кусае

Культура

      У прытулак для бяздомных жывёл, што адкрыўся сёлета ў вёсцы Алешчаняты, нядаўна прыйшла пасылка з Санкт-Пецярбурга. Аўчарка Блэйд, як сапраўдны вартаўнік, гучна абгаўкаў паштальёнаў. Адкуль цюцьку было ведаць, што непасрэдным адрасатам з’яўляецца менавіта ён…

На лёс Блэйда выпала нямала выпрабаванняў. Яго, абяссіленага, з перабітым пазваночнікам, адсечаным хвастом, падабралі валанцёры каля Мінскай кальцавой дарогі. Даставілі ў Алешчаняты і перадалі на рукі гаспадарам прытулку Алене і Ігару Крэйнісам. Ветэрынары не давалі ніводнага шансу на тое, што сабака выжыве. Але цуды ўсё ж здараюцца – няшчасная жывёліна ачуняла. Вось толькі хадзіць не магла, бо заднія канечнасці аказаліся паралізаванымі. З месца на месца аўчарка перапаўзала на жываце, абапіраючыся на пярэднія лапы.

На зварот Крэйнісаў дапамагчы Блэйду адгукнуліся замежныя дабрачынцы. За іх грошы ў Санкт-Пецярбургу быў набыты інвалідны вазок. Блэйд зараз яго асвойвае. А вось другі гадаванец прытулку, Сансік, з вазком упраўляецца, як сапраўдны віртуоз: разварочваецца з разгону, дае задні ход. Сансік у Алешчанятах аказаўся кантрабандным шляхам, прыбыў аж з Крыма. Гэта яшчэ зусім юны сабачка, можна сказаць, шчанюк. А ў маладосці, як вядома, куды лягчэй даюцца розныя тэхналогіі. Старэнькаму Блэйду адно застаецца: вучыцца ў свайго суседа. Сансік да інваліднай каляскі прывык хутка, ён наогул вызначаецца кемлівасцю і розумам. Рак пазваночніка скалечыў сабачку яшчэ ў маленстве. Крэйнісы знайшлі вопытнага ўрача, які паставіў хворага не на чатыры лапы, але жыццё ўсё ж захаваў. Хутка сабака адправіцца на новае месца жыхарства, дзе яго ўжо з нецярпеннем чакаюць клапатлівыя апекуны.

За першы год існавання праз прытулак у Алешчанятах прайшлі больш за 30 бадзяжных сабак. Гаспадароў для іх Крэйнісы шукаюць у Інтэрнэце. Цікава, што нават з-за акіяна прыязджаюць людзі, каб забраць беспародную, лахматую істоту. Два цюцькі зараз жывуць у Канадзе, адзін – у ЗША. Шмат “эмігрыравала” ў Еўропу: Галандыю, Германію, Польшчу, Расію. Некалькі асобін забралі дыпламаты з пасольства Польшчы ў Беларусі. Але найчасцей сабак разбіраюць нашы суайчыннікі, у тым ліку і жыхары раёна: з Макараўкі, Валожына, Забрэззя.

На дадзены момант у Алены і Ігара Крэйнісаў на ўтрыманні знаходзяцца 9 выхаванцаў. Кожны з іх перажыў трагедыю, але воляй лёсу выбавіўся з бяды і цяпер гатоў плаціць вернасцю і любоўю за чалавечыя да сябе адносіны…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий