Прыцягальны для турыстаў, утульны для жыхароў…

Общество

Чаго не хапае, каб зрабіць райцэнтр яшчэ больш прыцягальным для дапытлівых турыстаў і, самае галоўнае, камфортным для жыхароў? Паразважаць на гэту тэму мы папрасілі нашых субяседнікаў.

Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ, дырэктар раённага музея:

– Наш горад геаграфічна размешчаны вельмі ўдала, на скрыжаваннях старажытных шляхоў. Не дзіва, што сюды заязджае шмат гасцей. А мы можам іх прыемна здзівіць: сёння 33 аб’екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У старадаўніх будынках праводзіцца своечасовы рамонт, і яны захоўваюць амаль што першапачатковы выгляд. Адпачываюць гараджане і на добраўпарадкаваным возеры. Не хапае толькі летняга амфітэатра накшталт таго, які дзейнічаў некалі ў парку.

Юрый КЛІЦОЎ

Юрый Андрэевіч КЛІЦОЎ, ваенны пенсіянер:

– Ужо 33 гады, як жыву ў Валожыне. Часам езджу на радзіму ў Мазыр, таму і параўноўваю з ім. Увогуле, валожынцам ёсць чым ганарыцца. Чыстыя, прыбраныя вуліцы, скажу шчыра, даюць фору мазырскім. Вырастаюць новыя дамы і сацыяльныя аб’екты, але… Калісьці ў будынку былой іешывы працаваў рэстаран, куды не сорамна было прывесці сям’ю: ветлівыя наведвальнікі і афіцыянты, атмасфера ўсеагульнай прыязнасці і даверу. У гарадскім парку гучала музыка, жыццё здавалася больш насычаным. Вось гэтага сёння, на жаль, і не стае…

Ірына ІНШАКОВА

Ірына ІНШАКОВА, маладая маці:

– Раённы цэнтр сёння імкліва мяняецца, прыгажэе. Вядома ж, не ўсё яшчэ ідэальна, але і Масква не адразу будавалася. Найбольш актуальнай праблемай лічу адсутнасць зоны адпачынку для дзяцей. Зразумела, ёсць у Валожыне гульнявыя пляцоўкі, але для такога вялікага населенага пункта іх, шчыра кажучы, малавата. Адзінае месца, куды можна схадзіць на прагулку, – былы дзіцячы гарадок. Калі б там навесці парадак, упрыгожыць, скажам, альтанкамі або невялікім фантанчыкам, гараджане з удзячнасцю шанавалі б такую прыгажосць…

Казімір БРАЗОЎСКІ

Казімір Казіміравіч БРАЗОЎСКІ, супрацоўнік аддзялення Дэпартамента аховы:

– У нас шмат аб’ектаў, цікавых падарожнікам. Аднак ёсць над чым працаваць. У прыгожым горадзе хацелася б мець прыгожы аўтавакзал. Няма і добрага комплекснага спартыўнага аб’екта, дзе дзеці маглі б не толькі загартоўвацца фізічна, але і весяліцца. Спіс “вінна-гарэлачных” устаноў, на якія сёння багаты цэнтр раёна, можна было б больш не пашыраць, а лепш папрацаваць над далейшым архітэктурным упрыгажэннем горада – і пачаць з уездаў.]

Святлана ГРЫНЯВЕЦКАЯ

Святлана ГРЫНЯВЕЦКАЯ, прадавец РУП “Белпошта”:

– У нас шмат помнікаў архітэктуры. Шкада, мы добра не ведаем сваю гісторыю, а таму маем павярхоўныя прадстаўленні пра багатую спадчыну. Яшчэ лічу, што дабрабыт і добраўпарадкаванасць складаюцца не толькі з прыгожых фасадаў і чыстых вуліц. У маленстве мы весела гулялі ў дзіцячым гарадку. Працаваў цір, не пуставаў будынак шахматна-шашачнага клуба. Усё гэта ўспамінаецца сёння, як казка. Хочацца, каб нашы дзеці атрымалі назад свой гарадок, каб казка зноў стала явай…

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий