“Усё залежыць ад нас”, –

усё-залежыць-ад-нас

такую ўстаноўку даў старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА маладым спецыялістам падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, якая прайшла 22 верасня ў РЦК. Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт ГА “БРСМ”.

Пачнём з прыемнага: сёлета ў наш раён на першае рабочае месца прыехалі 187 маладых работнікаў – самая вялікая колькасць за апошняе дзесяцігоддзе. З іх 72 чалавекі – ураджэнцы Валожыншчыны, а вось для 115-і новай стала не толькі работа, але і месца пражывання. Больш за ўсё маладых кадраў улілося ў адукацыю – 44, 28 – накіраваны ў сельскую гаспадарку, 24 – папоўнілі калектыў райбальніцы. Яшчэ адна вельмі важная для раёна акалічнасць: замацаванасць моладзі мае станоўчую тэндэнцыю. А значыць, ідзе развіццё і ёсць будучыня.

Ужо другі год запар сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна праходзіла ў фармаце “адкрытага дыялога”: у кожнага з прысутных у зале была магчымасць задаць хвалюючае пытанне, так бы мовіць, “напрамую” і адразу ж не толькі атрымаць адказ, але і вырашыць праблему. Аднак, як стала бачна па рэакцыі залы, пытанняў у маладых работнікаў за два першыя месяцы працы ў раёне не ўзнікла. А гэта значыць, што і адміністрацыя, і калектыў з разуменнем і клопатам аднесліся да новай змены. Самае галоўнае, што ўсе, хто прыехаў на Валожыншчыну на работу па размеркаванні, забяспечаны жыллём.

У кожным працоўным калектыве, акрамя штомесячных выплат згодна з указам Прэзідэнта, прадугледжаны асобныя меры стымулявання для такой катэгорыі работнікаў. Так, у сельскай гаспадарцы яны атрымліваюць 50-працэнтную надбаўку за кантракт, працоўны водпуск павялічваецца да 5 дзён. Калі малады работнік здымае жыллё, то гаспадарка поўнасцю кампенсуе затраты на пражыванне. Дарэчы, сёлета ў двух сельгаспрадпрыемствах маладым сем’ям адразу ж прадаставілі асобныя дамы. У КСУП “Сугвазды-агра” пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі з Мазыра прыбыў інжынер па забеспячэнні Арцём Юр’евіч Барысенка разам з жонкай Таццянай Ігараўнай, якая ўладкавалася інжынерам па ахове працы. З Віцебска ў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” прыехала ветурач-гінеколаг Дзіяна Васільеўна Чарнякова-Мертэнс: яна скончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Мужу Андрэю Мікалаевічу ў сельгасупраўленні прапанавалі работу вадзіцеля.

Некаторыя вышэйпералічаныя льготы ёсць і ў медыцынскай сферы. Акрамя таго, маладыя ўрачы могуць дадаткова навучацца сумежным спецыяльнасцям, пры жаданні па хадайніцтве адміністрацыі ім выдзяляецца зямельны ўчастак для будаўніцтва жылля. Адным з пунктаў новага калектыўнага дагавора, які будзе прыняты ў хуткім часе, з’яўляецца кампенсацыя да 50 працэнтаў кошту найму жылля – пакуль спыніліся на суме не больш за дзве базавыя велічыні.

У раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму маладым педагогам, што накіраваны на работу ў сельскую мясцовасць, прадугледжаны дадатковыя гарантыі: устаноўлена даплата ў памеры 20 працэнтаў ад тарыфнай стаўкі, поўнасцю аплачваецца праезд да месца работы і часткова – затраты на здыманне жылля.

Вялікую ўвагу маладым кадрам надае і старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка. Расказваючы пра раён, яго сацыяльна-эканамічнае становішча, Мікалай Анатольевіч падкрэсліў: “Улада і кожны на сваім рабочым месцы павінны працаваць сумесна дзеля росквіту рэгіёну, дзеля дабрабыту яго жыхароў. Усе жадаюць аднаго і таго ж: каб жылося лепш, годнымі былі заробкі, за якія можна было б атрымліваць як мага больш матэрыяльных выгод. Моладзі на рабоце трэба быць у першую чаргу дысцыплінаванымі, адказнымі, праяўляць сябе і паказваць, на што здольныя, раіцца з вопытнымі калегамі, прыслухоўвацца да іх парад, пытацца, не баючыся быць незразумелым”.

Пацвярджэннем таго, што ініцыятыва і стараннасць заўсёды прыносяць плён, стала ўручэнне падзяк раённага выканаўчага камітэта маладым спецыялістам. Іх атрымалі хормайстар РЦК Вера Лявіцкая, якая прымае актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах; трэнер-настаўнік па дзюдо ДЮСШ Вадзім Калашнікаў, што прапагандуе развіццё гэтага віду спорту. За арганізацыю на высокім узроўні работы з моладдзю быў узнагароджаны начальнік РАНС Д. Я. Касоўскі.

Сёлета два маладыя журналісты прыйшлі працаваць і да нас у раёнку. Пасля заканчэння Інстытута журналістыкі з Івянца прыехала Настасся Лявінская, з Маладзечна – Марта Семяновіч. З іх прыходам значна пашырылася аўдыторыя газеты: супрацоўніцы актыўна абмяркоўваюць у сацыяльных сетках з моладдзю апошнія навіны з жыцця рэспублікі, вобласці, горада і раёна, абменьваюцца іншай цікавай і карыснай інфармацыяй, праводзяць розныя конкурсы ў Інтэрнэт-суполках і вызначаюць пераможцаў. І, трэба сказаць, досыць паспяхова. Гэты новы кірунак работы з “віртуальнымі” чытачамі толькі на карысць “Працоўнай славе”, бо ў недалёкім будучым, спадзяёмся, менавіта яны стануць нашымі прыхільнікамі.

На сустрэчы маладыя спецыялісты з першых вуснаў атрымалі падрабязную інфармацыю аб паляпшэнні жыллёвых умоў, ільготным крэдытаванні. Абмяркоўвалася пытанне аб 50-працэнтных скідках на наведванне платных культурных мерапрыемстваў і спартыўных устаноў. Таксама было вырашана арганізаваць экскурсію для 115-і “неваложынскіх” маладых работнікаў – у самы бліжэйшы час яны пабываюць на прамысловых прадпрыемствах, праедуць па новым турыстычным маршруце, азнаёмяцца з культурнымі славутасцямі, завітаюць на аграсядзібы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота аўтара і Сяргея САДОЎСКАГА

усё-залежыць2

усё-залежыць3

усё-залежыць4

усё-залежыць-ад-нас

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars