Жыццё — сельскае, сервіс — гарадскі

Официально

Будаўніцтва аграгарадка на цэнтральнай сядзібе СВК “Агра-Дубінское” набліжаецца да завяршэння. Каля новых дамоў праляглі асфальтавыя пешаходныя дарожкі, змянілі выгляд мясцовая школа, дзіцячы сад, звонку і знутры добраўпарадкаваны адміністрацыйны будынак сельгаспрадпрыемства. Рамонтна-будаўнічыя работы вядуцца на мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце, будынку сельскага Дома культуры і бібліятэкі, комплексна-прыёмным пункце камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Адным з першых відавочна папрыгажэла Узбалацкае аддзяленне паштовай сувязі. На рамонт выдаткавалі 5 мільёнаў рублёў, яшчэ на 5 мільёнаў сюды закупілі новае абсталяванне, на 3,3 мільёна рублёў – мэблю. На пад’ездзе да будынка радуюць вока акуратная дарожка, дабротны ганак, устаноўлены новыя металічныя дзверы. У памяшканні таксама змены: сцены і столь абшыты якасным сайдынгам, абноўлены стэлажы, з’явіліся гандлёвыя горкі.

Літаральна за тыдзень змяніўся інтэр’ер вясковага магазіна, перакрыты дах, устаноўлены адлівы. Набыты новая шафа-купэ для малочных прадуктаў і халадзільная вітрына для прэсерваў. На чарзе – замена старых складскіх памяшканняў. Вядуцца работы і ў суседнім з магазінам будынку СДК. Звонку кладзецца тынкоўка, устанаўліваюцца шклопакеты, пракладваецца ўнутраная ацяпляльная магістраль, ужо заменены падлога, дзверы.

Прыгажэе і разрастаецца будучы аграгарадок. Згодна з Праграмай адраджэння і развіцця вёскі, сёлета тут узведзены 4 новыя дамы агульнай плошчай 323 квадратныя метры і коштам 575 мільёнаў рублёў. Вядзецца будаўніцтва яшчэ чатырох сядзіб. Радаснай навіной для дубінцоў стала газіфікацыя вёскі. За сродкі інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі пракладзена каля 9 кіламетраў міжпасялковага газаправода высокага ціску, устаноўлены рэгулятарны пункт. Зараз будуюцца газаразмеркавальныя сеткі, і да канца года больш за 50 членаў кааператыва атрымаюць у свае дамы прыродны газ. У гэтым ёсць заслуга работнікаў РВУ “Валожынрайгаз” – вадзіцеля Сяргея Зянонавіча Анушэўскага і слесара Генадзія Міхайлавіча Сака (на здымку), якія рабілі неабходныя для пракладкі газавай трубы замеры.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *