Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

21 верасня ва ўпраўленні ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама ўшаноўвалі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія найбольш плённа асвятляюць работу праваахоўных органаў прысталічнай вобласці.

Сярод прадстаўнікоў розных тэлевізійных каналаў і рэспубліканскіх СМІ была невялікая група газетчыкаў з рэгіёнаў, у тым ліку загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнага жыцця нашай раённай газеты Алена Вячаславаўна Збірэнка, якая каля дзесяці гадоў акрэдытавана ў РАУС. За асвятленне і прапаганду дзейнасці міліцыі Міншчыны, плённае супрацоўніцтва ў пытаннях прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў нашай калезе ўручылі Падзяку, грашовую прэмію і прыгожы букет ружаў. Віншуем і жадаем новых творчых перамог!

     Перад супрацоўнікамі РАНС пастаўлена задача на працягу бягучага года правесці абследаванне домаўладанняў сем’яў, дзе пражываюць непаўналетнія дзеці. Абследаванне праводзіцца згодна са спісамі, прадастаўленымі дырэкцыямі школ.

Прадстаўнікі РАНС ужо наведалі больш за 1,5 тысячы сем’яў. Працаваць даводзіцца і ў выхадныя дні, бо надзвычай цяжка застаць у доме гаспадароў. 26 верасня выратавальнікі працавалі ў аграгарадку Ракаў, дзе абышлі 66 дамоў, а трапілі толькі ў 16. У астатніх – бацькі знаходзіліся на рабочых месцах. Падчас такіх візітаў-праверак робіцца агляд пячнога ацяплення, электраправодкі, высвятляецца наяўнасць і спраўнасць аўтаматычных пажарных абвяшчальнікаў, правяраецца парадак на прыдамавой тэрыторыі. Пры наяўнасці парушэнняў выдаюцца інструкцыі-рэкамендацыі па іх ухіленні.

 

     Раённая газета неаднойчы пісала пра работу Інтэрнэт-магазіна РУП “Белпошта”. Нашы землякі, асабліва з сельскай мясцовасці, усё часцей карыстаюцца яго паслугамі. Штомесяц з раёна паступае прыкладна 40 заказаў у Інтэрнэт-магазін. Найбольшую актыўнасць праяўляюць жыхары, якія пражываюць у зоне абслугоўвання Івянецкага, Сівіцкага, Гародзькаўскага аддзяленняў паштовай сувязі.

Раённы вузел паштовай сувязі ўваходзіць у пяцёрку лепшых карыстальнікаў Інтэрнэт-магазінам у вобласці і трывала ўтрымлівае гэту пазіцыю. Не так даўно РУП “Белпошта” наладзіла супрацоўніцтва з найбольш буйнымі Інтэрнэт-магазінамі, якія дзейнічаюць у рэспубліцы, і выпусціла сумесны каталог. Такія каталогі паступілі ва ўсе аддзяленні сувязі і нават маюцца на руках практычна ў кожнага паштальёна. Супрацоўніцтва дазволіла значна пашырыць спектр тавараў і выбар, бо сам магазін “Белпошты” гандлюе таварамі толькі беларускіх вытворцаў. Дзейнічаюць розныя акцыі і скідкі, пра што таксама можна даведацца з каталогу. А з сярэдзіны верасня ў магазіне з’явіліся сертыфікаты трох наміналаў: 10, 20 і 30 рублёў. Гэта вельмі добры падарунак – прад’яўнік сертыфікату можа выбраць падарунак на гэту суму, але на свой густ.

 

 

23 верасня ў Слуцку адбылося абласное свята мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы”.

У ім прымалі ўдзел члены народнага аб’яднання народных майстроў па інтарэсах “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры. У канцэртнай праграме значнае месца было адведзена выступленню самага тытулаванага калектыву раёна – ракаўскаму “Гасцінцу”. Творчая дэлегацыя Валожыншчыны адзначана Дыпломам.

Майстар-класы праводзілі Крысціна Лямбовіч з Ракава (ткацтва паясоў), Раіса Малютка з Каменя (ткацтва ручнікоў), ганчары з Івянца Алег Капуста і Уладзімір Сасноўскі, Канстанцін Матус з вёскі Замасцяны (жывапіс). Таксама былі прадстаўлены работы з дамашніх калекцый Юліі Гісіч (батык) і Васіля Вакарава (лаза).

 

     Раённая арганізацыя ГА “Польска Мацеж Школьна” на мінулым тыдні арганізавала экскурсію па маршруце Валожын-Івянец-Мінск для школьнікаў горада, якія вывучаюць польскую мову.

Большасць вучняў упершыню пабывала ў старажытным Івянцы. Работнікі Івянецкага музея традыцыйнай культуры пазнаёмілі іх з музейнай экспазіцыяй, а затым правялі экскурсію па адметных мясцінах пасёлка. У сталіцы для школьнікаў было арганізавана наведванне двух музеяў. У Нацыянальным мастацкім музеі яны пазнаёміліся з выставай “Майстры польскага малюнка” і з творчасцю знакамітага мастака Напалеона Орды на выставе “Ілюстраваная энцыклапедыя краіны”. У Гістарычным музеі экскурсанты, падзеленыя на пяць каманд, прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні, звязанай з музейнай экспазіцыяй і некаторымі экспанатамі.

Калі вярталіся дадому, у аўтобусе арганізатары паездкі правялі віктарыну, у якой было больш за 20 пытанняў. Усе яны тым ці іншым чынам тычыліся праграмы экскурсійнага дня. Найбольш уважлівымі аказаліся Ілля Барысевіч, Настасся Праабражэнская, Уладзіслаў Лігорскі, якія атрымалі падарункі. Невялікімі сувенірамі за свае веды былі адзначаны і іншыя вучні.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars