Мая добрая настаўніца

Молодежный курьер

Гісторыя як школьны прадмет мне спачатку давалася цяжка: шмат разнастайнай інфармацыі, якая не заўсёды аказвалася цікавай, многа дат і лічбаў, што дрэнна запаміналіся і блыталіся ў галаве. Але я, адказная вучаніца, проста зубрыла параграфы падручнікаў.

І вось аднойчы да нас у клас прыйшла новая настаўніца той самай гісторыі – Ірына Мікалаеўна ЧУЙКО. Яна выкладала свой прадмет так, што я зацікавілася. Больш не прыходзілася прымушаць сябе вучыцца – настолькі было займальна. І ў далейшым жыцці мне спатрэбіліся веды, якія дала Ірына Мікалаеўна: я здала цэнтралізаванае тэсціраванне без падрыхтоўкі з рэпетытарамі на даволі высокія балы.

Настаўніца выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў Івянецкай школе ўжо дваццаць другі год і не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі. З чацвёртага класа яна любіла гісторыю, многа чытала і вырашыла паступаць на гістарычны факультэт. Сваё захапленне прадметам стараецца перадаваць вучням – у кожным класе ёсць аматары. З імі настаўніца праходзіць шлях ад пятага да адзінаццатага класа. Некаторыя выпускнікі, якіх вучыла Ірына Мікалаеўна, нават пайшлі на гістфак.

Самае важнае ў яе працы – паказаць дзецям на прыкладах гістарычных асоб і падзей, што дабро перамагае і што ў цяжкіх абставінах трэба берагчы сваю чалавечнасць.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ



Добавить комментарий