Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Невялікі магазін з паэтычнай назвай “Эдэльвейс”, што размешчаны непадалёк гарадской лазні ў райцэнтры, некаторы час быў закрыты.

На мінулым тыдні магазін адкрыўся ў новай якасці. Тут у значнай колькасці цяпер прадстаўлены кандытарскія вырабы трох буйных беларускіх вытворцаў: “Камунаркі”, “Слодыча” і “Чырвонага харчавіка”. Іх цукеркі і пячэнне ў дадатковай рэкламе патрэбы не маюць.

Цэны ў гэтым магазіне спажывецкай кааперацыі будуць на 25-30 працэнтаў ніжэйшыя, чым у астатніх. Кандытарскія вырабы займаюць 80 працэнтаў тавараў, аднак у краме па-ранейшаму можна будзе набыць хлеб і хлебабулачныя вырабы, малочную прадукцыю, бакалею і інш. За прылаўкам абслугоўвае пакупнікоў малады спецыяліст, выпускніца Мінскага гандлёвага каледжа Белкаапсаюза Вераніка Лашына. Гандлёвая кропка знаходзіцца ў вельмі зручным месцы. Цяпер усё залежыць ад напаўняльнасці паліц, зручнага графіка работы, кампетэнтнасці і абаяльнасці прадаўца!

 

     27 верасня ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі” адбылася выязная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі рэспублікі.

На калегіі разглядаліся пытанні аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і турызму.

Было разгледжана выкананне арганізацыямі галіны прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень-жнівень 2017 года. На калегіі прысутнічалі дырэктары ўсіх лясгасаў рэспублікі і прадстаўнікі абласных структур. На парадку дня стаяла таксама знаёмства з заказнікам “Налібоцкі”. Калегам прадэманстравалі адзіны ў краіне гадавальнік па развядзенні цецяруковых птушак, цэнтр па адлове і ператрымцы капытных, экалагічную сцежку, біятэхнічныя збудаванні. Работа ландшафтнага заказніка была ацэнена станоўча.

 

 

     З 25 верасня па 25 кастрычніка ў нашай краіне ў чацвёрты раз праходзяць Тыдні ўстойлівага развіцця. Іх арганізатарам і непасрэдным удзельнікам стала Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка.

27 верасня на базе бібліятэкі адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на тэму “Роля бібліятэк у папулярызацыі і рэалізацыі ідэй устойлівага развіцця”. У канферэнцыі прымалі ўдзел прадстаўнікі бібліятэчных устаноў Масквы, Бранска, Германіі, абласных бібліятэк Беларусі. Былі запрошаны і работнікі раённых бібліятэк. Міншчыну прадстаўлялі тры ўстановы. Разам з калегамі з Барысава і Нясвіжа ў рабоце канферэнцыі ўдзельнічала і дырэктар Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Міхайлаўна Зянько.

 

 

     З нагоды Дня пажылых людзей работнікі раённай бібліятэкі сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра правялі вечарыну “Нам мудрасць падарылі гады”.

На ёй прысутнічалі актывісты аддзялення, найбольш актыўныя чытачы, члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Софія Русецкая і Галіна Марцінкевіч.

Былі падрыхтаваны выстава “Перыёдыка ў нашым жыцці”, дзе змясцілі найбольш папулярныя і цікавыя выданні, якія выпісвае бібліятэка, слайд-фільм пра жыццё пенсіянераў і для пенсіянераў. За кубкам чаю людзям пажылога ўзросту было што абмеркаваць, падзяліцца ўспамінамі і планамі, бо жыццё не стаіць на месцы, яно працягваецца. А днём у нядзелю ў раённым Цэнтры культуры адбыўся канцэрт “Маладосць у душы іскрыцца”. Разнастайную тэматычную праграму падрыхтавалі для жыхароў горада члены клуба ветэранаў “Верас” пад кіраўніцтвам Л. Д. Гладчанкі.

 

 

     Восень – сезон кірмашоў і гарачы час для работнікаў гандлю. У суботу прадстаўнікі раённага спажывецкага таварыства мелі на плошчы ў райцэнтры тры гандлёвыя кропкі.

Выязджалі яны і ў Мінск. На кірмашы каля Лядовага палаца ў Фрунзенскім раёне сталіцы гандлявалі мясам і мяснымі паўфабрыкатамі. Пастаўляе ім мясную прадукцыю падсобная гаспадарка “Беларускалію”. Дарэчы, валожынцаў задавольваюць яе якасць і цэны. Кааператары разлічвалі, што ацэняць гэта і жыхары Мінска.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars