А з-за стала як уставалі, то нават трохі і стагналі…

а-з-за-стала2

      Здаровае і збалансаванае харчаванне – адзін з важнейшых паказчыкаў якасці нашага жыцця. Падсілкавацца хутка і смачна гасцям і жыхарам Валожына можна адразу ў некалькіх пунктах грамадскага харчавання.

Не памылюся, калі скажу, што сталовая, якая размяшчаецца на першым паверсе пад рэстаранам “Іслач”, была і застаецца папулярным месцам у наведвальнікаў.

Ужо ў 8.00 самыя раннія кліенты могуць заказаць тут сняданак, апошні ядок будзе накормлены ў 19.30. Над меню “калдуюць” два повары, дзве буфетчыцы, кухонныя рабочыя, усяго – 8 чалавек. Гэта вопытныя прафесіяналы, старанныя працаўніцы, якія акрамя сакрэтаў прыгатавання ежы ведаюць, што добры апетыт у наведвальніка забяспечваецца таксама ветлівым і культурным абслугоўваннем.

Больш за 30 гадоў стаіць ля пліты Любоў Герасімаўна Часноўская. Да справы сваёй яна адносіцца з душой, вывучыла яе да драбніц. Нярэдка повару даводзіцца прыходзіць на рабочае месца і ў выхадныя, калі абедзенная зала заказана пад банкет. Тады ўжо Любоў Герасімаўна гатова паказаць усё сваё кулінарнае майстэрства і гатаваць разнастайныя святочныя стравы. Неабходна зазначыць, што гарадская сталоўка вельмі запатрабаваная для правядзення сямейных урачыстасцей, ад вяселля да хрысцін. Ёсць яшчэ і зала, дзе ладзяцца жалобныя сталы. А на такія мерапрыемствы патрабуюцца асобыя стравы. Іх трэба ўмець і прыгатаваць, і падаць своечасова…

І ўсё ж важнейшая задача сталовай – карміць усіх жадаючых. У сярэднім сюды штодня наведваюцца каля 200 чалавек. Гэта самыя розныя людзі, не аднолькавага дастатку, кожны са сваімі смакавымі перавагамі і патрэбамі. Попыт, як вядома, нараджае прапанову. Толькі найменняў халодных закусак ёсць у меню больш за дзясятак, заўсёды гатуюцца тры першыя стравы, не менш чым два гарніры, на гарачае падаецца рыба смажаная або запечаная пад гароднінай, мяса ў любым выглядзе: рубленыя катлеты ці шніцалі, смажаніна, каўбаскі. У асартыменце разнастайная выпечка, алкагольныя і безалкагольныя напіткі. Начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Валянціна Уладзіміраўна Шакун расказала, што калектыў сталовай заўсёды выконвае даведзенае планавае заданне і атрымлівае за месяц каля 28000 рублёў выручкі.

Кажуць, першае ўражанне самае праўдзівае. Любая сталовая адразу сустракае нейкімі пахамі. Бывае, на парозе адчуеш, што есці тут не зможаш нават з вялікай галадухі… У сталовай пад “Іслаччу” так прыемна разліваецца водар рознай смакаты, што, здаецца, адным духам наталіцца можна! Але ўсё ж лепш аддаць перавагу не духу, а нечаму больш істотнаму. Я не ўтрымалася і заказала міску расольніку, смак якога навеяў успаміны ні то пра піянерскі лагер, ні то пра студэнцкую сталоўку… Расольнік і сапраўды не расчараваў. Вось толькі раней яго разлівалі па такіх жалезных місачках з “вушкамі”. А зараз для супоў выкарыстоўваюць элегантны посуд з фарфору.

Дарэчы, у гарадской сталоўцы шмат што памянялася апошнім часам: на вокнах – прыгожыя шторы, на сценах – сучасны тэлевізар, карціны. Кухонную зону ад абедзеннай аддзяляе ажурная, выкаваная з металу шырма. Для салатаў і халодных дэсертаў набыта халадзільная вітрына. Нядаўна тут прайшоў касметычны рамонт. За ўласныя сродкі была выканана тынкоўка і афарбоўка сцен, абноўлена столь. Калектыў гэтай установы грамадскага харчавання робіць усё, каб наведвальнік застаўся задаволеным візітам і прыйшоў сюды яшчэ не адзін раз.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

а-з-за-стала

а-з-за-стала2

а-з-за-стала3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars