Праўда на ўсіх адна:

праўда-на-ўсіх

у сераду ў райвыканкаме правёў прыём грамадзян старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч ІСАЧАНКА.

Падобныя падзеі ў раёне заўсёды праходзяць нетрывіяльна. Людзі ажыўлена ідуць да кіраўніка вобласці ў надзеі як мага хутчэй вырашыць самыя набалелыя свае праблемы. На персанальную сустрэчу са старшынёй Мінаблвыканкама запісаліся 9 заяўнікаў, шырокім аказаўся і спектр агучаных імі пытанняў…

Адзін з буйнейшых фермераў Валожыншчыны сутыкнуўся з шэрагам праблем, вырашыць якія самастойна не атрымалася. У ліку найпершых клопатаў кіраўніка прыватнай гаспадаркі – набыццё дадатковых зямельных угоддзяў. Ён планаваў зрабіць гэта па дамоўленасці з ТАА “Тарасава” і КСУП “Пяршаі-2014”. Аднак справа “застопарылася” ўжо пры першых падыходах да яе. Абодва сельгаспрадпрыемствы папросту не маюць лішкаў зямлі, якімі можна было б падзяліцца без урону для ўнутрыгаспадарчай дзейнасці. Старшыня Мінаблвыканкама прапанаваў іншы варыянт: палеткамі можна “абмяняцца” на пэўны перыяд. Гэта будзе спрыяць у тым ліку і паляпшэнню структуры севазвароту. Падобнае выйсце з праблемы рэкамендаваў у свой час і кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, аднак чамусьці намеры зацікаўленых бакоў так і засталіся нерэалізаванымі. Відавочна, у бліжэйшым будучым іх чакае новы віток дзелавых перагавораў.

Другое пытанне, якое клапоціць фермера, – умовы выдзялення льготных крэдытаў пад вясновую пасяўную кампанію. Сёлета яны былі атрыманы не пад поўную патрэбу і часткамі. Выслухаўшы тлумачэнні кіраўніка Валожынскага філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”, Анатоль Міхайлавіч парэкамендаваў заяўніку засяродзіць увагу на пільнай падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі, а пытанні крэдытавання даручыў адказным няўхільна кантраляваць.

Трэцяй агучанай праблемай стала просьба пасадзейнічаць у ліквідацыі запазычанасці аднаго з акцыянерных таварыстваў перад фермерскай гаспадаркай за пастаўленую туды яшчэ ў 2015 годзе прадукцыю. Аднак у падобных пытаннях пазіцыя старшыні абласнога выканаўчага камітэта адназначная: унутраныя фінансавыя справы паміж арганізацыямі павінны вырашацца ў самастойным парадку. Трэба проста ўмець дамаўляцца.

На прыём да А. М. Ісачанкі наступнай завітала адзінокая шматдзетная матуля з Івянца. Сутнасць яе просьбы зводзілася да садзейнічання ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а дакладней, магчымасці больш хуткага выдзялення льготных крэдытных сродкаў на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома. Вядома, што сёння гэта сям’я знаходзіцца ў чарзе на атрыманне крэдыту на 8-й пазіцыі ў раёне. І грошы жанчына атрымае згодна з чарговасцю. Канкрэтны адказ ёй будзе дадзены пасля інспектавання сродкаў, выдзеленых на фінансаванне дзяржаўных сацыяльных праграм у абласны бюджэт. А да гэтага моманту першачарговая неабходная дапамога з боку раённых службаў і ведамстваў будзе аказана шматдзетнай сям’і ў гарантаваным Законам парадку.

Наступнае ўзнятае пытанне было звязана з дарогай, якая праходзіць праз тэрыторыю садовага таварыства “Аер” да СТ “Крыніца”. У час будаўніцтва другой кальцавой жыхары “Крыніцы” звярнуліся да суседзяў з прапановай сабраць сродкі, каб арганізаваць падсыпку і прафіляванне гравійнай шашы і потым сумесна з камфортам ёй карыстацца. Але не знайшлі паразумення. У выніку яны зрабілі работу сваімі сіламі, але пры гэтым устанавілі шлагбаумы. Так што “крынічане” вымушаны рухацца да сваіх сядзіб у аб’езд, а гэта істотны кіламетраж.

Напачатку заяўнік спрабаваў даказаць, што азначаная дарога не ўваходзіць у склад садовага таварыства “Аер”, аднак факты сведчаць пра іншае. Таму Анатоль Міхайлавіч параіў па-новаму ўстанавіць межы тэрыторыі населеных пунктаў, а потым папросту знайсці паразуменне ў спрэчным пытанні, узняцца над узаемнымі крыўдамі і наладзіць нарэшце добрасуседскія адносіны. Дарэчы, над гэтым жа пытаннем варта папрацаваць жыхарам экапасялення “Росы” і ўладальнікам сялянска-фермерскай гаспадаркі “Тэраскі”, якія таксама не могуць адшукаць шляхі да бесканфліктнага ўзаемадзеяння.

Наступныя наведвальнікі не першы год бываюць на прыёмах грамадзян на розных узроўнях. Іх мэта – устанавіць і пакараць вінаватых у пажары, што адбыўся на іх сядзібе, вызначыць адказных за абслугоўванне ацяпляльнага катла ў прадастаўленай сям’і пасля трагічнага здарэння кватэры. Гутарка выдалася дастаткова доўгай: пагарэльцы паспелі выдатна вывучыць нюансы заканадаўства. Аднак, выслухаўшы іх меркаванні, старшыня Мінаблвыканкама не спяшаўся даць канкрэтныя каментарыі. І гэта зразумела: пакуль вядзецца следства і працуюць эксперты, нельга рабіць нейкія адназначныя высновы. Абгрунтаваны адказ муж і жонка атрымаюць пасля дакладнага вывучэння сітуацыі.

Дзве жыхаркі вуліцы Загараднай райцэнтра ўзнялі праблему будаўніцтва цэнтральнага водаправода. Насамрэч, такая сітуацыя характэрная для 11 валожынскіх вуліц агульнай працягласцю амаль 4,5 кіламетра. Зразумела, што аб’ём работ патрабуе істотных фінансавых укладанняў, а РУП “Валожынскі жылкамунгас” мае права аказаць дапамогу падобнага характару толькі за кошт уласных сродкаў грамадзян. Жанчынам на месцы растлумачылі ўсе аспекты, звязаныя з будаўніцтвам водаправода. Пасля падліку высветлілася, што агульныя расходы на аднаго чалавека (сям’ю) складуць каля 800 рублёў. Жыллёва-камунальная гаспадарка гатова пайсці насустрач і прадаставіць жыхарам растэрміноўку плацяжоў да года. Задача заяўнікаў цяпер – данесці гэту інфармацыю да суседзяў і правесці вырашальны калектыўны сход.

Цікавай і перспектыўнай падалася просьба індывідуальнага прадпрымальніка, які займаецца ў раёне пасажырскімі перавозкамі, дазволіць арганізаваць дадатковы рэгулярны маршрут з Валожына ў Івянец. А. М. Ісачанка не супраць такога падыходу, але выступіў за тое, каб канкурэнцыя з валожынскім аўтапаркам № 14 ладзілася справядліва і дзялілася пароўну: не павінна быць крыўды, што хтосьці “захапіў” больш выгадныя рэйсы, а другому дасталіся неперспектыўныя. Таму задача, пастаўленая перад прадстаўнікамі пасажыра-перавозачнай галіны – знайсці агульныя кропкі ўзаемадзеяння і “гуляць” па агульных правілах.

Яшчэ адно пытанне, што паступіла да кіраўніка Міншчыны, тычылася праблемы ўзаемаразлікаў ААТ “Валожынскі льнокамбінат” з сялянска-фермерскай гаспадаркай “Касцюк-Агра”. Анатоль Міхайлавіч Ісачанка даручыў бакам на працягу месяца выпрацаваць дзейсную стратэгію пагашэння запазычанасці і ўзяўся асабіста пракантраляваць гэты працэс.

Падводзячы вынікі, старшыня Мінаблвыканкама адзначыў: тое, што людзі запісаліся на прыём –  нармальная з’ява, рэалізацыя права кожнага грамадзяніна. А задачай мясцовай улады як раз і з’яўляецца абавязак вырашаць набалелыя праблемы жыхароў рэгіёну. “Сістэма выбудавана, яна дзейнічае. Калі ўхіліць канфліктную сітуацыю не атрымліваецца на месцы, то трэба ўстанаўліваць прычыны. Калі справа ў банальным недахопе ведаў, падвучым. Але калі гэта нежаданне спецыялістаў уключацца ў працэс, такім людзям не месца ў камандзе прафесіяналаў”, – рэзюмаваў А. М. Ісачанка.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars