Пачэсны абавязак – выслухаць і дапамагчы…

пачэсны-абавязак

     Мінулы час выдаўся багатым на магчымасці жыхароў раёна данесці свае праблемы і клопаты да старшыні раённага выканаўчага камітэта ў надзеі на іх хуткае вырашэнне. Мікалай Анатольевіч Астрэйка ўважліва ўнік у сутнасць кожнага звароту і аказаў неадкладную дзейсную дапамогу тым, каму яна патрабавалася ў першую чаргу.

У Пяршайскі сельвыканкам, дзе кіраўнік раённай вертыкалі ўлады праводзіў выязны прыём грамадзян, з запісаных пяці прыйшлі толькі тры чалавекі. Першым да Мікалая Анатольевіча звярнуўся малады мясцовы жыхар, які папрасіў пасадзейнічаць у асфальтаванні адной з вуліц аграгарадка. Паколькі на падобную справу патрабуюцца значныя фінансавыя выдаткі, не прадугледжаныя ў бюджэце бягучага года, то падчас перамоў было вырашана правесці грэйдзіраванне дарогі. Кіраўнік РУП “Валожынскі жылкамунгас” атрымаў даручэнне арганізаваць выкананне названых работ ва ўстаноўленыя канкрэтныя тэрміны.

Другая скарга тычылася пэўных супярэчнасцяў у адносінах да ўтрымання адной з пяршайскіх сядзіб, частка якой юрыдычна замацавана за мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Заяўнік займае палову дома, а вось у другой даўно ніхто не жыве, і яна пачала развальвацца. Мужчына не гатовы ўзяць на сябе клопаты, звязаныя з яе аднаўленнем, таму звярнуўся з просьбай прымусіць гаспадарку або навесці парадак на “сваёй” тэрыторыі, або ўвогуле прыслаць брыгаду для яе зносу. М. А. Астрэйка абавязаў разабрацца з сітуацыяй старшыню КСУП “Пяршаі-2014”.

Непрыязныя адносіны з суседам узніклі ў пенсіянеркі з аграгарадка пасля катэгарычнай яго адмовы замяніць гнілую агароджу, што размяжоўвае іх прысядзібныя ўчасткі. Пры дэталёвым аналізе сітуацыі аказалася, што праблема сапраўды ёсць, але вінаватага выявіць складана. Таму курыраваць вырашэнне канфліктнай сітуцыі даручана кіраўніку Пяршайскага сельвыканкама. Другая праблема, якая хвалявала жанчыну, была звязана з парадкам налічэння грашовых сродкаў за вываз цвёрдых бытавых адходаў транспартам жылкамугаса, але пасля падрабязнай кансультацыі і тлумачэння некаторых аспектаў заканадаўства эксцэс быў пагашаны.

 

 

 

 

      А вось у мінулую суботу магчымасцю звярнуцца на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама скарысталіся 8 чалавек. Большасць агучаных праблемных пытанняў тычыліся дзейнасці камунальнай і дарожнай гаспадарак.

Першым дазваніўся ў райвыканкам жыхар вёскі Слайкоўшчына. Ён паскардзіўся на нездавальняючы стан дарогі з роднага населенага пункта ў бок лесу. Сітуацыя ўзнікла з-за дастаткова інтэнсіўнага руху цяжкай лесавознай тэхнікі, таму чалавек папрасіў устанавіць на гэтым месцы знак абмежавання нагрузкі на вось. Разгледзець азначаны зварот і вынесці прапановы па ім кіраўнік раённай вертыкалі даручыў кіраўнікам сумежных службаў да 14 кастрычніка.

З аналагічнай праблемай звярнуўся да М. А. Астрэйкі і жыхар вёскі Люташ. Абочыны дарогі да названай вёскі зараслі дрэвамі і кустоўем, у выніку – дрэнны абзор і неабходнасць дарожных работ. Меры па забеспячэнні бесперашкоднага праезду будуць прыняты ў бліжэйшы час.

Жыхарка вуліцы Беларускай райцэнтра патэлефанавала на “прамую лінію”, каб выказаць нязгоду з устаноўленай суседам агароджай: па словах жанчыны, з-за вышыні плота і блізкага яго размяшчэння каля дома заяўніцы дажджавая вада з даху цячэ на сцяну. Выносіць рашэнне па гэтым пытанні будуць начальнікі аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і архітэктуры райвыканкама пасля правядзення нагляднага эксперыменту на месцы.

Жыхар вёскі Дубіна, які дазваніўся наступным, выказаў занепакоенасць тым, што ў гаспадарцы вядзецца будаўніцтва кароўніка, а недалёка ад яго размяшчаюцца ўчасткі грамадзян. Сітуацыя была растлумачана мужчыну падчас тэлефоннай гутаркі.

Мінчанін, што трымае дачу ў нашым раёне, падняў праблему размыцця маста на дарозе Леснікі-Задарожжа. Як паведаміў суразмоўца Мікалая Анатольевіча, раней мост падсыпалі, але цяпер гэтых мер недастаткова, і каб аб’ект не размывала, унёс прапанову разгледзець магчымасць уладкавання там сістэмы водаадводу. Старшыня райвыканкама запэўніў: сітуацыя будзе разгледжана непасрэдна з выездам на месца, а меры па ўхіленні праблемы прымуць ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Дарэчы, гэту ж праблему агучыла і яшчэ адна жанчына, якая тэлефанавала на “прамую лінію”.

А вось наступнага абанента – жыхара Крапіўнікаў – абурае той факт, што ўчастак зямлі абапал вёскі агульнай плошчай каля 150 гектараў не апрацоўваецца і зарастае пустазеллем. Заяўніка заспакоілі: у бліжэйшы час будуць прыняты меры для прыцягнення невыкарыстоўваемых зямель у гаспадарчы абарот.

Апошні зварот насіў фінансавы характар. Жыхарка вёскі Пугачы не змагла разлічыцца банкаўскай карткай за пакупкі ў мясцовым паштовым аддзяленні сувязі: сістэма не працавала. Аднак паступіла і дадатковае пытанне. Пры зняцці наяўных грошай у паштовым аддзяленні камісія даходзіць да 20%… Старшыня раённага выканаўчага камітэта даручыў адказным службам наладзіць зручнае для кліентаў абслугоўванне і высветліць, чаму здымаецца такі вялікі працэнт, да 14 кастрычніка.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars