Каб зарабляць, трэба быць больш “напорыстымі” і выпрацоўваць новую стратэгію

каб-зарабляць2

Такая рэкамендацыя прагучала падчас сустрэчы прадстаўнікоў Парламента і ўлады з членамі адной з будаўнічых арганізацый раёна.

Нядаўна з рабочым візітам Валожыншчыну наведалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 склікання, намеснікі старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Іван Станіслававіч Маркевіч і Максім Уладзіміравіч Місько, а таксама памочнік дэпутата, першы намеснік старшыні праўлення ГА “Беларускі фонд міру” Аляксандр Уладзіміравіч Чырко. Разам са старшынёй райвыканкама Мікалаем Анатольевічам Астрэйкам яны перад пачаткам рабочага дня правялі сустрэчу-нараду з калектывам ААТ “ПМК-188”.

Інтарэс парламентарыяў і прадстаўнікоў улады менавіта да гэтай арганізацыі ўзнік недарэмна. Тут апошнім часам прасочваецца складаная эканамічная сітуацыя. А яе галоўнай прычынай служыць тое, што істотныя фінансавыя сродкі, звязаныя з асноўнай дзейнасцю прадпрыемства – будаўніцтвам на Валожыншчыне,  праходзяць “міма” ўнутранага бюджэту: гэтай дзейнасцю займаюцца іншыя структуры. І практычна ўсе яны размешчаны па-за межамі нашага раёна. Адкрытае акцыянернае таварыства “ПМК-188” трымае на субпадрадзе 44 такія арганізацыі. А гэта заведама пройгрышная стратэгія: прыбытак, які можна было б атрымаць пры ўмове выканання будаўнічых работ уласнымі сіламі, паступае на рахункі іншых удзельнікаў рынку гэтых паслуг.

Сёння ў “ПМК-188” працуе 61 чалавек, сярэдняя заработная плата складае 460 рублёў. На парадку дня ў калектыве – будаўніцтва некалькіх аб’ектаў, буйнейшым з якіх выступае новы клюшачнік на тэрыторыі ААТ “Агра-Дубінское”. На яго ўзвядзенне і падрыхтоўку да ўводу ў эксплуатацыю плануецца асвоіць 130000 рублёў. Аднак пры гэтым знешняя запазычанасць перад арганізацыямі на парадак перавышае названую суму. Адчуваецца востры недахоп тэхнікі і ўмелых рабочых рук…

Як слушна заўважыў Іван Станіслававіч Маркевіч, ад сітуацыі, пры якой нашаму прадпрыемству даводзіцца прыцягваць да выканання работ староннія арганізацыі, пакутуе эканоміка ўсяго рэгіёну. Не сакрэт, што зацікаўленасць раённай вертыкалі ўлады заключаецца ў тым, каб прыярытэт у гэтай справе належаў усё ж будаўнікам Валожыншчыны. А таму, каб апраўдаць надзеі і палепшыць уласнае фінансавае становішча, патрэбна сканцэнтравацца на нарошчванні працоўнага і тэхнічнага рэсурсаў. Тады і атрымаецца выставіць патэнцыяльнаму заказчыку найбольш выгадныя ўмовы і выйграць тэндар. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў параіў шчыльней працаваць з банкамі, разгледзець варыянты набыцця неабходных тэхнічных сродкаў у лізінг – сёння існуюць дастойныя, вартыя ўвагі ўмовы. Магчыма, кіраўніцтву трэба арыентавацца і на набыццё кітайскіх агрэгатаў. Яны хоць і не самыя перадавыя па якасці, затое каштуюць танней. А калі на балансе ААТ “ПМК-188” акажуцца 10-12 новых машын (кранаў, экскаватараў і іншых), то можна будзе гаварыць і пра нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, стабілізацыю і рост як знешніх, так і ўнутрыкалектыўных заробкаў. У гэтым бачанні выйсця з кола праблем парламентарыя цалкам падтрымалі калегі.

Старшыня ж раённага выканаўчага камітэта, у сваю чаргу, заклікаў набіраць каманду ўмелых спецыялістаў. Мікалай Анатольевіч прывёў няхітрыя разлікі: толькі на тынкаванні сцен за 22 рабочыя дні можна дастаткова ўпэўнена зарабіць каля 900 рублёў на чалавека. Але пры ўмове, што работа будзе сапраўды выканана сумленна і якасна. А таму ўжо цяпер калектыву варта заяўляць пра сябе. Першым крокам у гэтым кірунку можа стаць рэкламаванне тавараў і паслуг у выглядзе інфармацыйнага шчыта каля ўваходу на тэрыторыю прадпрыемства з узорамі прадукцыі і цэннікамі.

Пасля сустрэчы з калектывам ААТ “ПМК-188” была арганізавана азнаямленчая паездка на пляцоўку, дзе ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва новага дубінскога клюшачніка. Таксама высокія госці наведалі і валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, дзе пазнаёміліся з працэсам вытворчасці экспартнай прадукцыі і абмеркавалі стратэгічныя шляхі выхаду на новыя рынкі збыту.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

каб-зарабляць

каб-зарабляць2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars