Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

У апошнюю пятніцу верасня прадстаўнікі ўсіх раёнаў Міншчыны сустракаліся ў аблвыканкаме з Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне Цуй Цымінам. Падставай стаў Дзень пажылых людзей, ці, як гавораць у Кітаі, Дзень мудрых людзей. У сустрэчы таксама бралі ўдзел тры ветэраны вайны, якія ў 1945 годзе вызвалялі Кітай ад японскіх агрэсараў.

Наш раён прадстаўлялі старшыня ветэранскай арганізацыі Р. М. Русакевіч і вядомыя валожынцы С. С. Маляўскі і Т. Ф. Ціганіна. Пасол расказаў, як у іх краіне ставяцца да людзей шаноўнага ўзросту. Ветэранаў павіншавалі старшыня рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, прадстаўнікі абласнога выканаўчага камітэта, ім уручылі грашовыя сертыфікаты.

 

У мінулыя выхадныя старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі і прадпрымальнік Я. І. Грыбоўскі пабывалі на раённым свяце ўраджаю “Дажынкі” ў Вільнюскім раёне.

Праходзіла яно ў вёсцы Пікілішкі, дзе 23 адміністрацыйныя адзінкі (накшталт нашых сельсаветаў) прадставілі свае падворкі з дарункамі восені. Каталіцкія святары ўсіх парафій раёна правялі малебен за ўраджай. Цырымонія свята, зразумела, адрознівалася ад нашай, снапоў новага ўраджаю кіраўніку раённай адміністрацыі не дарылі. Але і ў Літве ўшаноўвалі чалавека працы, які корміць краіну, – прадстаўнікоў фермерскіх гаспадарак. Нашы прадстаўнікі на такім свяце пабывалі ўпершыню.

 

З 27 па 30 верасня з чарговым візітам на радзіме дзеда, мастака Фердынанда Рушчыца, пабываў яго ўнук Фердынанд Рушчыц разам са сваім унукам. З імі з Варшавы прыехаў архітэктар, які будзе займацца адаптацыяй будынка былога Багданаўскага сельвыканкама, дзе зараз месціцца філіял школы мастацтваў, пад музей мастака.

У Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі прайшла сустрэча рабочай групы, што працуе над праектам па адраджэнні спадчыны Рушчыца, акрэслены наступныя задачы. Унук і прапраўнук мастака наведалі Багданава, Вайганы, дзе да нядаўняга часу яшчэ былі пабудовы, якія належалі сям’і бабулі мастака. На 17 кастрычніка запланавана канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Польшчы, зацікаўленых у хутчэйшай рэалізацыі праекта.

 

У мінскай галерэі мастацтваў Універсітэта культуры, што знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі, рэалізуецца праект “Маё аблічча – толькі форма, адлітая для струн душы”. Гэтыя паэтычныя радкі належаць Яўгеніі Янішчыц. Арганізатарамі такой вечарыны жаночай паэзіі сталі кіраўнік народнага клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца” пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці Ірына Карнаухава разам з абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У першай імпрэзе прынялі ўдзел 5 жанчын, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, сярод якіх была і кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” нашага РЦК Валянціна Гіруць-Русакевіч. Пад суправаджэнне гітары паэткі чыталі свае вершы. Былі зададзены 5 тэм: філасофія, духоўнасць, прырода, каханне, паэзія. Сталічныя аматары паэзіі, а таксама група прадстаўнікоў Гомельшчыны аказалі творчым асобам цёплы прыём. Сустрэча атрымалася камернай і па-дамашняму ўтульнай.

 

У канцы верасня ў рэспубліцы праходзілі святкаванні з нагоды 25-годдзя кангрэгацыі ў Беларусі сясцёр святога Дамініка. Начное чуванне моладзі прайшло ў гэтыя дні і ў Ракаўскім касцёле св. Дамініка і Маці Божай Ружанцовай, куды з’ехаліся каля 200 прадстаўнікоў з усіх парафій рэспублікі, дзе працуюць сёстры супольнасці св. Дамініка.

Праграму чуванняў пачаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які спецыяльна прыехаў у Ракаў, каб прывітаць моладзь і даць ім пастырскае благаславенне. Затым выступалі прадстаўнікі парафій – спявалі, танцавалі, паказвалі тэатралізаваныя пастаноўкі. Маладыя людзі дзяліліся сведчаннем пра тое, як Бог змяніў іх жыццё. Калі малітоўная частка скончылася, святкаванне з дазволу мясцовых улад перанеслася ў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, дзе спевы, інтэрактыўныя танцы і забавы працягваліся да раніцы.

 

30 верасня ў Валожыне адбыліся традыцыйныя спаборніцтвы па футболе сярод мужчын памяці трэнера А. С. Латышава, у якіх прынялі ўдзел 5 каманд.

Першае месца заняла зборная Валожына. Другое і трэція месцы – каманды воінскай часці № 30695 і аграгарадка Сакаўшчына. Пераможцам уручаны Кубак і грашовыя прызы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars