Музыка яе лёсу

музыка-яе-лесу

У Валожынскай школе мастацтваў працуюць таленавітыя і адданыя сваёй справе педагогі. Кожны з іх заслугоўвае павагі і добрых слоў. З нагоды Дня работнікаў культуры аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначыў Ганаровай граматай выкладчыка па класе цымбалаў А. Л. КЛІМЯНКОВУ.

Значную ролю ў выбары прафесіі і станаўленні Аліны Леанідаўны сыграла маці – Ірына Пятроўна, якая сама не была абдзелена талентам, добра спявала. Ёй вельмі хацелася, каб дачка паступіла ў музычную школу. Таму яшчэ ў дзіцячым садку пацікавілася ў музычнага кіраўніка, ці ёсць у дзяўчынкі здольнасці. А калі Аліна пайшла ў першы клас, жанчына дамовілася з настаўніцай з групы падоўжанага дня, што тая будзе адпускаць дачку на заняткі ў музычную школу.

На выбар дзяўчынцы прапанавалі вучыцца ігры на скрыпцы, домры, фартэпіяна і цымбалах. Наведаўшы розныя ўрокі, Аліна аддала перавагу цымбалам, вельмі спадабалася ёй прыгожая, статная настаўніца Г. М. Кулеша. Сем гадоў яна дапамагала нашай гераіні спасцігаць усе прамудрасці спецыяльнасці, з іх апошнія два – рыхтавала сваю вучаніцу да паступлення. Неўзабаве Аліна Леанідаўна стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па класе цымбалаў.

Праз чатыры гады малады спецыяліст вярнулася ў Валожын, пачала выкладаць у школе мастацтваў. Прапрацаваўшы год, вырашыла паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Адвучыўшыся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, атрымала спецыяльнасць сацыяльнага педагога. Жанчына гаворыць, што гэта адукацыя вельмі дапамагае ёй у рабоце з дзецьмі, у зносінах з іх бацькамі.

У новым навучальным годзе Аліна Леанідаўна вучыць ігры на цымбалах 13 чалавек, двое з іх толькі пачалі спасцігаць азы гэтай навукі. Сваю выпускніцу Ірыну Кадырка педагог рыхтуе да паступлення ў каледж. Нядаўна ў раённым конкурсе інструментальнага майстэрства «Асаблівы сусвет» дзяўчына заняла 1-е месца. Яшчэ адна выхаванка – Вікторыя Гаспарэвіч – на III адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя К. Паплаўскага ў малодшай узроставай групе заняла 3-е месца.

Аліна Леанідаўна ўпэўнена, што ў дзяцей, акрамя школьных урокаў, павінны быць яшчэ дадатковыя заняткі. Гэта спрыяе развіццю, вучыць правільна размяркоўваць час. Педагог на вопыце ведае, што вельмі часта талент раскрываецца ў працэсе навучання. Самае галоўнае ў выхаванні, лічыць яна, – прыклад бацькоў і іх падтрымка.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars