Прызванне – дарыць добры настрой

прызванне-дарыць

5 кастрычніка з нагоды Дня работнікаў культуры ў РЦК прайшло ўрачыстае мерапрыемства. У зале сабраліся прадстаўнікі розных падраздзяленняў: спецыялісты раённага Цэнтра культуры, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, музеяў, школ мастацтваў, работнікі сельскіх устаноў культуры.

Першым перад прысутнымі трымаў слова намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Ён сказаў, што Дзень работнікаў культуры – прафесійнае свята людзей, якія ў штодзённай працы дораць людзям добры настрой. Гэта спецыялісты самых розных прафесій – усе, хто дапамагае далучацца да здабыткаў айчыннай і сусветнай культуры, глыбей зразумець і палюбіць родны край. Прадстаўнік улады падзякаваў за значныя дасягненні, актыўную грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю, творчасць, пастаяннае ўдасканальванне, мэтанакіраваную работу.

Словы віншаванняў і падзякі за нястомную, але высакародную і патрэбную працу, адданасць сваёй справе прагучалі ў гэты дзень ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіча. Ён падкрэсліў, што работнікі культуры, а іх у раёне 296 чалавек, – людзі таленавітыя і творчыя. Яны дораць добры настрой у будні, запрашаючы на цікавыя мерапрыемствы, у бібліятэкі і музычныя школы, і, канешне ж, у святы, калі ўсе адпачываюць, а майстры сцэны аддана працуюць, радуюць публіку цудоўнымі канцэртамі, шоу-праграмамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі. Вікенцій Мікалаевіч адзначыў важную ролю ветэранаў, якія і зараз перадаюць свой вопыт маладым работнікам. Віншаванні і найлепшыя пажаданні былі выказаны маладым спецыялістам. За добрасумленную працу, узорнае выкананне прафесійных абавязкаў, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Граматы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама атрымалі лепшыя работнікі сістэмы.

Прафесійнае свята – гэта заўсёды своеасаблівае падвядзенне вынікаў. У 2017 годзе ў Валожынскім раёне паспяхова арганізаваны і праведзены рэгіянальны фестываль «Суседзі» на базе Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў і фестываль культур «Ракаўскі фэст-2017». Традыцыйна на базе Багданаўскага аддзялення Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў праведзены пленэр юных мастакоў «Зямля і неба Фердынанда», прысвечаны сусветна вядомаму мастаку Фердынанду Рушчыцу, нашаму земляку, і шмат іншых мерапрыемстваў.

Урачыстасць сабрала ў зале ўзнёслых, інтэлігентных, мудрых і цікавых людзей. Да сваіх калег з віншаваннямі звярнуліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Канановіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў культуры Н. П. Лоўчая, загадчыца Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Т. В. Кулік-Панарад, намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы М. З. Шынгер, дырэктар Валожынскага раённага Цэнтра культуры А. І. Конаўка. Кожны з іх жадаў прысутным аптымізму, новых магчымасцей, творчага запалу, натхнення, духоўнага пад’ёму, радасці.

Павіншаваць работнікаў культуры завітала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А. І. Клачко, якая ўручыла граматы і падарункі найбольш актыўным членам.

У зале панавала святочная атмасфера, тут сабраліся сапраўды крэатыўныя і творчыя асобы, якія не толькі ўмеюць арганізаваць свята для іншых, але і самі ўмеюць весяліцца. Шмат цёплых слоў, сэрдэчных песень гучала на гэтым мерапрыемстве. Яго ўдзельнікі не скупіліся на ўсмешкі і добры настрой, бо віншаваць даводзілася сваіх калег. На заканчэнні перад прысутнымі выступіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь музыкальная капэла “Санорус”.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars