Як абараніць дзяцей ад насілля?

image

Клопат аб дзіцяці патрабуе шмат сіл і цярпення. Практыка паказвае, што нават тыя бацькі, якія любяць сваіх сыноў і дочак, у выхаванні могуць выкарыстоўваць цялесныя пакаранні, запалохванне, жорсткія забароны. Становішча ў сем’ях з нізкім узроўнем культуры значна горшае: названыя вышэй формы ўздзеяння тут – норма. Сітуацыя яшчэ больш абвастраецца, калі родныя пакутуюць ад алкагалізму, наркаманіі або адчуваюць пастаянныя фінансавыя цяжкасці.

Трэба разумець, што ўсё гэта – парушэнне правоў дзіцяці. Такія метады ўздзеяння могуць стаць прычынай магчымых адхіленняў у псіхічным і фізічным развіцці. Жорсткае абыходжанне з дзецьмі – любая форма дрэннага звароту, што дапускаецца членамі сям’і, апекунамі, прыёмнымі бацькамі. Ёсць чатыры асноўныя формы жорсткага абыходжання:

Фізічнае насілле – наўмыснае нанясенне фізічных пашкоджанняў.

Псіхічная форма – перыядычнае, працяглае або пастаяннае псіхічнае ўздзеянне на чалавека, якое тармозіць развіццё асобы і прыводзіць да фарміравання паталагічных рыс характару. Сюды адносяцца адкрытае непрыманне і пастаянная крытыка дзіцяці, пагрозы, заўвагі ў абразлівай форме, наўмыснае абмежаванне зносін з аднагодкамі або іншымі значнымі людзьмі, хлусня і невыкананне дарослымі сваіх абяцанняў, грубыя ўздзеянні, якія траўміруюць псіхіку.

Грэбаванне патрэбамі дзіцяці –  гэта адсутнасць элементарнага клопату і належнай увагі, у выніку чаго можа здарыцца няшчасны выпадак. Недастатковае забеспячэнне харчаваннем, адзеннем, жыллём, адукацыяй і медыцынскай дапамогай парушае эмацыянальны стан і з’яўляецца пагрозай здароўю і развіццю.

Згвалтаванне – гэта ўцягванне непаўналетняга з яго згоды або без у сэксуальныя дзеянні з дарослымі. Згода не дае падстаў лічыць яго ненасільным – дзіця не валодае свабодай волі і не можа прадбачыць усе негатыўныя для сябе наступствы.

Псіхолагі вызначылі, што ў згвалтаваных дзяцей можа назірацца перакручанае паняцце аб адносінах. Часам яны дэманструюць сэксуальна афарбаваныя або празмерна “дарослыя” паводзіны, не ведаюць, як весці сябе з іншымі дзецьмі, спрабуюць уцячы з хаты. Адчуваюць страх і трывогу, вінавацяць у гвалце сябе, робяцца агрэсіўнымі. У падлетка прыніжаецца самаацэнка, ён становіцца схільным да дэпрэсіі, могуць з’явіцца суіцыдальныя думкі. У такіх сітуацыях у першую чаргу пакутуе агульнае кагнітыўнае развіццё: шмат энергіі ідзе на тое, каб справіцца з перажываннямі ад траўматычнай падзеі – назіраецца раптоўнае зніжэнне паспяховасці, страта цікавасці да любімых заняткаў.

У Беларусі штогод усё большая колькасць непаўналетніх падвяргаецца сэксуальнаму гвалту і гвалту з дапамогай інтэрнэту. Галоўная задача бацькоў і проста навакольных людзей – назіраць за паводзінамі дзяцей, заўважаць змены, своечасова на іх рэагаваць.

Жорсткае абыходжанне з дзецьмі разглядаецца заканадаўствам нашай краіны як адна з форм злоўжывання бацькоўскімі правамі. Выяўленнем сем’яў, дзе адбываюца злачынствы, у межах сваёй кампетэнцыі займаюцца ўстановы адукацыі, органы апекі і папячыцельства, органы ўнутраных спраў, установы аховы здароўя, жыллёва-камунальныя гаспадаркі і іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Звесткі пра факты насілля могуць быць прадастаўлены ў вышэйназваныя ўстановы сваякамі дзяцей, суседзямі і неабыякавымі асобамі, якія валодаюць дакладнай інфармацыяй. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў – жорсткая мера, у выніку якой пакутуюць і бацькі, і дзеці. Гэта цягне за сабой поўную страту ўзаемаадносін.

Сігналамі для выяўлення сямейнага недабрабыту могуць быць:

  • стан здароўя і знешні выгляд дзіцяці (небяспечнае для жыцця захворванне, лячэннем якога не займаюцца бацькі, наяўнасць траўмаў, сінякоў, неахайны выгляд і інш.);
  • асаблівасці паводзін ва ўстановах адукацыі: агрэсіўнасць у дачыненні да аднагодкаў і дарослых, замкнёнасць, празмерная ўзбудлівасць і інш.;
  • нізкі ўзровень педагагічнага патэнцыялу сям’і: адсутнасць цікавасці да спраў дзіцяці ў навучальнай установе і кантакту з педагогамі і адміністрацыяй, няяўка на бацькоўскія сходы;
  • запазычанасць па плаце за тэхнічнае абслугоўванне, карыстанне жылым памяшканнем, камунальныя паслугі;
  • заявы ў органы ўнутраных спраў аб сыходзе непаўналетніх з дома і інш.

Не дапускайце жорсткасці ў любой праяве! Памятайце: кожнае злачынства абавязкова цягне заслужанае і справядлівае пакаранне. Калі з вамі або вашымі знаёмымі жорстка абыходзяцца родныя, неабходна звярнуцца ў праваахоўныя органы па тэлефоне 102.

Аб фактах сямейнага няшчасця і насілля ў дачыненні да дзяцей можна паведаміць па кругласутачнай прамой тэлефоннай лініі Міністэрства ўнутраных спраў: (8-017) 372-73-87.

Ірына ШАКУН,

педагог-псіхолаг

Валожынскага раённага СПЦ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars