Лён павінен прыносіць плён

лён-павінен

Амаль паўтары тысячы гектараў у раёне сёлета былі адведзены пад лён. “Ільвіную” долю займаў даўгунец – 950 гектараў, на астатняй плошчы размяшчаўся алейны гатунак “кучаравы”.

Канчатковыя вынікі ўраджайнасці пакуль не падведзены, але дакладна можна сказаць, што абодва віды гэтай тэхнічнай культуры кіраўніцтва ААТ “Валожынскі льнокамбінат” радуюць і даюць надзею на станоўчы рост асноўных эканамічных паказчыкаў прадпрыемства. Планка па ўрадлівасці ў 10 цэнтнераў з гектара з’яўляецца ў галіне “чэмпіёнскай”, валожынцы ўшчыльную наблізіліся да гэтай адзнакі. Усяго ж на камбінаце сёлета плануюць сабраць 3600 тон ільновалакна.

Ільнаводы Валожыншчыны зведалі нямала і ўзлётаў, і спадаў. Але нездарма лічыцца, што і на памылках можна вучыцца. Важнейшым здабыткам калектыву смела можна назваць тое, што яны вырошчваюць лён якасны, апрацоўваюць яго згодна з патрабаваннямі рэгламенту і спяшаюцца не ўпусціць выгаду на рынках збыту. Так, харчовы льняны алей з Валожына запатрабаваны ўсімі айчыннымі гандлёвымі сеткамі. Тэхнічны ахвотна набываюць партнёры, якія працуюць у лакафарбавай вытворчасці. Праўда, яны пакуль не гатовы даваць за яго цану, выгадную камбінату, і таму ў бліжэйшы час алейны цэх будзе цалкам скіраваны на выпуск харчовага прадукту.

На прадпрыемстве паспяхова асвоілі і такую навінку, як паліўныя брыкеты з кастрыцы. Яшчэ некалькі гадоў таму “пабочная” сыравіна выкідвалася,  можна сказаць, на вецер. А цяпер запрацаваў лозунг “Адходы ў даходы”. Толькі ў гэтым годзе рэалізаваны 40 тон брыкетаў. Яго спажыўцы не прагадалі: цеплааддача ад кастры ў сем разоў большая, чым ад дроў. Ды і іншыя характарыстыкі льнобрыкетаў заманлівыя: яны лёгкія, пры захоўванні займаюць мала месца і, галоўнае, пры спальванні не пакідаюць попелу.

У верасні ААТ “Валожынскі льнокамбінат” заклала падмурак для чарговага рыўка наперад: набыта новая сушыльная машына, аналагаў якой няма ў рэспубліцы. Агрэгат выпушчаны ў Расіі, вызначаецца магутнасцю і энергаёмістасцю. Пробны запуск сушылкі прайшоў паспяхова. Паўнацэнная эксплуатацыя распачнецца пазней, калі ўвесь ураджай будзе перавезены з палёў для перапрацоўкі. Радуе і тое, што за дарагую машыну прадпрыемства здолела разлічыцца, абслугоўваць яе будуць два аператары-качагары.

Калі гаварыць пра кадравую палітыку, то яна будуецца ў першую чаргу на тым, што людзі павінны зарабляць і бачыць тут перспектыву для асабістага дабрабыту. Сярод 108 работнікаў немалую частку складаюць тыя, хто мае за плячамі вялікі працоўны стаж менавіта на гэтым камбінаце. Так, 42 гады назад сюды прыйшлі сёстры Галіна Карповіч і Марыя Сівая. Адна за гэты час стала майстрам змены, другая да драбніц асвоіла сакрэты прафесіі здымшчыцы доўгага валакна. Жанчыны – сапраўдныя гераіні, бо цэх, дзе апрацоўваецца лён, для навічка можа паказацца жахам. Цяжка паверыць, што высакародная, экалагічна чыстая тканіна нараджаецца ў такіх муках: тут шумна, пыльна, холадна. Магчыма, з-за складаных умоў ільнокамбінат часам становіцца перавалачным пунктам для розных “летуноў”. Яны ўладкоўваюцца ды доўга не затрымліваюцца. Але ёсць у калектыве два “доўгажыхары”, ад якіх няма карысці ні на рабоце, ні дома: так званыя “абавязаныя асобы”. Ад такога “баласту”, а таксама эканамічнага заняпаду нядаўніх часоў на ААТ “Валожынскі льнокамбінат” паступова выбаўляюцца. Звышнатуральнага ў гэтым нічога няма: лён ва ўсе часы лічыўся прыбытковай культурай.

 

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

лён-павінен

лён-павінен2

лён-павінен3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars