Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Чарговай узнагароды ўдастоены заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Нагодай гэтаму паслужыла прафесіянальнае свята работнікаў культуры.

На мінулым тыдні ў Малой зале Палаца Рэспублікі кіраўніку калектыву Лізавеце Пятроўскай уручылі Ганаровую грамату Міністэрства культуры краіны. Ансамбль адзначаны за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны.

 

На абласным свяце “Дажынкі-2017” добра папрацавалі прадстаўнікі нашага камбіната бытавога абслугоўвання.

Толькі 14 калектываў вобласці, згодна з папярэдне зацверджаным у аблвыканкаме асартыментным пералікам, атрымалі дазвол на гандаль падчас свята. Асаблівым попытам карысталася жаночае і мужчынскае верхняе адзенне. Атрыманая выручка склала амаль 1000 рублёў.

У гэтыя выхадныя валожынскія бытавікі будуць прымаць удзел у кірмашы ля “Чыжоўка-Арэны” ў сталіцы. Жыхарам Мінска яны прапануюць поўны пералік прадукцыі ўласнай вытворчасці: пасцельную бялізну, падушкі, коўдры, трыкатажныя спартыўныя касцюмы, камбінезоны, курткі.

 

6 кастрычніка ў Салігорскім раёне на базе ДП “Экакомплекс” прайшоў конкурс прафесіянальнага майстэрства “Майстар Мінскай вобласці-2017” сярод вадзіцеляў аўтамабіляў (смеццявозаў па вывазе цвёрдых камунальных адходаў).

У конкурсе бралі ўдзел прадстаўнікі 17 камунгасаў вобласці. РУП “Валожынскі жылкамунгас” другі год запар прадстаўляў вадзіцель Віктар Іванавіч Зянько. Конкурс прафесіянальнага майстэрства праходзіў у два этапы. Тэарэтычная частка складалася з 10 пытанняў па Правілах дарожнага руху і ахове працы. На другім этапе патрабаваліся канкрэтныя практычныя навыкі. Сярод калег, лепшых прафесіяналаў сваіх жылкамунгасаў, наш В. І. Зянько заняў дзясятае месца.

 

Вядомы выраз “старасць іх дома не застане” якраз пра членаў аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтыя няўрымслівыя людзі, многім з якіх пад 80 гадоў, працягваюць вывучаць багатую гістарычную спадчыну нашай краіны.

За адзін дзень 20 экскурсантаў пабывалі ў адноўленым музеі-сядзібе Тадэвуша Касцюшкі і палюбаваліся палацам Пуслоўскіх, рэстаўрацыя фасада якога ідзе шпаркімі тэмпамі. У пасёлку Ружаны пазнаёміліся з экспазіцыяй мясцовага краязнаўчага музея, што месціцца ў рэстаўраваным крыле палаца знакамітага роду Сапегаў. Падчас экскурсіі па гарадку палюбаваліся комплексам драўляных скульптур у парку, сярод якіх  надзвычай прыемна было ўбачыць работу івянецкага разьбяра па дрэве Мікалая Задрэйкі.

7 кастрычніка ў Стоўбцах прайшлі занальныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы ў рамках абласной спартакіяды “Каласок” для дзяцей і моладзі аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў. Наш раён прадстаўлялі вучні Івянецкай сярэдняй школы.

На дыстанцыі 1000 метраў перамогу ў сваіх узроставых катэгорыях святкавалі Крысціна Ламака (2001 г. н.), Надзея Каландарава (2004 г. н.), Людміла Базыленка (2005 г. н.), Аляксей Галубовіч (2005 г. н.), Антон Бібік (2006 г. н.), Яна Шчарбачэня (2007 г. н.), Данііл Мамыш (2007 г. н.). Усе названыя пераможцы выйшлі ў фінал. Фінальныя спаборніцтвы пройдуць 14 кастрычніка ў аграгарадку Языль Старадарожскага раёна.

 

Нават той, хто рэдка глядзіць тэлевізар, не мог не чуць пра новы фільм расійскіх кінематаграфістаў “Салют-7”, які ў апошнія дні піяраць па ўсіх расійскіх каналах. Драма, прыгоды, трылер – так падаюць стужку, заснаваную на рэальных падзеях 1985 года.

Прэм’ерны паказ новага фільма ў фармаце 3D у кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра адбыўся 12 кастрычніка, працягнецца тры тыдні. Поспех фільма павінны забяспечыць вядомыя акцёры Уладзімір Удавічэнкаў, Павел Дзеравянка, Аксана Фандэра, Любоў Аксёнава і іншыя.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars