Знаток аптэкарскай справы

знаток-аптэкарскай

У фармацэўтычнай галіне працуюць дакладныя, адукаваныя, сур’ёзныя і ўважлівыя людзі. Да такіх без перабольшвання можна аднесці правізара-рэцэптара аптэкі № 123, што размясцілася па вуліцы Камсамольскай райцэнтра, Л. В. ПРАКОПЧЫК.

Лідзія Валянцінаўна родам з Валожына. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта дзяўчына вярнулася на малую радзіму і тут уладкавалася на працу. Пастаянныя пакупнікі яе добра ведаюць, фармацэўт трэці год займаецца прыёмам і продажам медпрэпаратаў, якіх на паліцах больш за чатыры тысячы дзвесце найменняў.

Аптэка № 123 РУП “Мінская фармацыя” — адна з найстарэйшых у горадзе, яна мае і прамысловы профіль. Тут не толькі адпускаюць гатовыя лекі, але па рэцэпце ўрача-дэрматолага рыхтуюць неабходнага складу мазі і растворы. Л. В. Пракопчык упэўнена бярэцца за такую работу. У яе вялікая практыка, прыгатаванне лекаў уваходзіць у абавязкі. Займаецца яна і камплектацыяй тавару ў падведамасныя аптэкі. Іх у раёне 7: 3 – у горадзе, а таксама  па адной у Івянцы, Ракаве, Пяршаях і Вішневе. Для таго, каб лекавая дапамога была даступна жыхарам самых аддаленых вёсак і мястэчак, практычна ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя ў сельскай мясцовасці лекавыя сродкі і іншыя тавары аптэчнага асартыменту рэалізуюць медыцынскія работнікі.

Для кожнага наведвальніка ў Лідзіі Валянцінаўны знаходзяцца прафесіянальная парада і неабходны прэпарат. Яна лічыць вельмі важным, каб пакупнікі засталіся задаволенымі і абслугоўваннем, і вынікам лячэння набытымі сродкамі. Хворыя людзі патрабуюць асаблівых адносін, з імі трэба быць як мага больш уважлівымі, ветлівымі і дакладнымі. Таму фармацэўт павінен валодаць такімі якасцямі, як стрыманасць, тактоўнасць, цярпенне і чуласць. Часам бывае, што і добрае слова лечыць, упэўнена спецыяліст.

У прафесіі аптэчных работнікаў ёсць і яшчэ свае асаблівасці. Медыцынскія прэпараты купляюць, каб хутчэй паправіцца. А стаць здаровым адразу пасля прыёму лякарства немагчыма, у лепшым выпадку знімуцца сімптомы захворвання. Таму, калі ў фармацэўта просяць парэкамендаваць прэпараты ад той ці іншай хваробы, Л. В. Пракопчык робіць гэта вельмі ўважліва, каб не проста дапамагчы, але ў першую чаргу не нашкодзіць. Недакладнасць можа звесці на нуль усе намаганні ў вылячэнні чалавека.

У аптэцы заўсёды многа кліентаў, а з пачаткам халадоў іх колькасць павялічваецца, асабліва ў перыяд наступу грыпу. У гэты час выказванне “здароўе за грошы не купіш” губляе сваю актуальнасць: людзі актыўна набываюць лекі. Але трэба памятаць, што лекавыя прэпараты абмену не падлягаюць, таму неабходна праяўляць пільнасць. У гараджан ёсць магчымасць набыць лекі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Амаль палову асартыментнага раду медпрэпаратаў складаюць беларускія, яны карыстаюцца і большым попытам. Жыхары Валожыншчыны сталі давяраць айчынным вытворцам і робяць выбар на іх карысць. Улічваецца і тое, што і цэннікі на іх меншыя, ды і скідкі прадастаўляюцца.

З пачаткам асенняга сезона аптэку наведваюць больш за трыста чалавек за дзень. Вялікім попытам карыстаюцца супрацьпрастудныя, антыбактэрыяльныя, супрацьвірусныя прэпараты. Адны адпускаюцца толькі па рэцэпце, іншыя рэалізуюцца свабодна. Акрамя лекаў у аптэках РУП “Мінская фармацыя” можна набыць вырабы медыцынскага прызначэння, прадметы дзіцячага асартыменту, парфумерна-касметычныя сродкі, біялагічна-актыўныя дабаўкі і інш. Усе тавары аптэчнага асартыменту хоць часткова, але валодаюць гаючымі ўласцівасцямі, бо вырабляюцца на раслінных адварах і прыродных кампанентах.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars