Чырвоны крыж спяшаецца дапамагчы

чырвоны-крыж

Наша краіна стала сапраўдным прытулкам для тысяч людзей, што ў пошуках мірнага жыцця пакінулі наседжаныя месцы ў Луганскай і Данецкай абласцях Украіны.

На мінулым тыдні раённай структурай Чырвонага Крыжа праведзена кансультацыя для бежанцаў, якія сваім новым месцам жыхарства абралі Валожыншчыну. На сустрэчу былі запрошаны сем’і Іўковых, Зюбанавых, Андрыенка, Ткачовых з Манькаўшчыны, Гародзькаў, Кіяўца. Уцякаючы ад вайны, яны пакінулі назапашаны гадамі хатні скарб, таму не адмаўляюцца ад любой дапамогі. Валанцёры арганізацыі, кіраўніцтва гаспадарак, зацікаўленыя службы, простыя валожынцы адгукнуліся на чужую бяду. Дзякуючы ім, сёння гэтыя людзі маюць усё самае неабходнае.

Нядрэннай матэрыяльнай падтрымкай сталі і так званыя ваўчары, якія выдзяляюцца Чырвоным Крыжам. Налічваюцца яны з улікам многіх фактараў (колькасць членаў сям’і, іх узрост, працаздольнасць, працаўладкаванасць). Напрыклад, Фёдар Пятровіч і Вольга Мікалаеўна Кансеміры раней карысталіся такой ільготай, аднак зараз яны ўжо атрымліваюць пенсію, як і Лідзія Рыгораўна Андрыенка. А вось яе муж Мікалай Усцінавіч пакуль не пенсіянер, таму дапамога яму будзе аказвацца. Па-ранейшаму будуць атрымліваць ваўчары і непаўналетнія.

Галоўныя прававыя аспекты становішча падобных сем’яў у рэспубліцы растлумачыла Ганна Эрнстаўна Быстрова – начальнік юрыдычнага аддзела Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Іна Юр’еўна Іўкова і Іна Мікалаеўна Зюбанава не першы раз сустракаюцца з прадстаўнікамі службы, што займаецца кансультаваннем людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Яны з удзячнасцю адзначылі, што ў Беларусі ім аказваецца сапраўдная падтрымка. Усе сем’і забяспечаны жыллём, дарослыя працаўладкаваны, дзеці наведваюць школы, ёсць магчымасць атрымліваць медыцынскую дапамогу. Раённае прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа пастаянна выдзяляе аддзенне, абутак, у першую чаргу школьнікам. Інай і Юрыем Зюбанавымі выхоўваюцца дзве дачкі-блізняты, адна з якіх мае інваліднасць. Таму гэта сям’я карыстаецца асаблівай увагай.

Падчас сустрэчы кіраўнік раённай арганізацыі А. У. Трацэўская перадала жанчынам падарункі, што сабраны намаганнямі індывідуальных прадпрымальнікаў райцэнтра. Антаніна Уладзіміраўна заўважыла: “Жыхары раёна – людзі спагадлівыя, таму ахвяраванні, як у выглядзе рэчаў, так і грашовыя, паступаюць пастаянна. Ёсць магчымасць падтрымліваць перасяленцаў, пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетныя сем’і”. Дарэчы, у перыяд з 1 кастрычніка па 1 снежня ў рэспубліцы праводзіцца традыцыйная дабрачынная акцыя Чырвонага Крыжа “Клопат”. Старт не выпадкова штогод прымяркоўваецца да Дня пажылых людзей – падчас яе аказваецца матэрыяльная падтрымка адзінока пражываючым грамадзянам пажылога ўзросту. Раённай структурай ужо аб’яўлены збор сродкаў. У бліжэйшы час валанцёры накіруюцца на прадпрыемствы раёна. Усім, хто хоча і можа стаць дабрачыннікам, неабходна звярнуцца па адрасе: г. Валожын, вул. Партызанская, 6а.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars