Мамы пра мам…

Таццяна-Паўленка-обр

      Валянціна Фёдараўна Бакланава прыехала ў Валожын па размеркаванні ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя і засталася тут назаўсёды. Яна вырасла ў дзіцячым доме і ўсё жыццё спадзявалася ў адзін цудоўны дзень даведацца, хто яе бацькі, які ў іх лёс. Пісала запыты ў розныя архівы. Толькі ў пачатку 90-х ёй дазволілі пазнаёміцца з некаторымі дакументамі. Заслона таямніцы, на жаль, не спала: звестак пра сям’ю не захавалася, а на пасведчанні аб нараджэнні стаяў штамп: “Удочерению не подлежит”. Неяк, ужо выгадаваўшы дзяцей, маючы дарослых унукаў, Валянціна Фёдараўна сказала: “Так хочацца маму! Хай бы яна была старэнькай, нядужай. Але каб да яе пляча можна было прытуліцца…” Жанчына так і пакінула гэты свет, не зведаўшы мацярынскай ласкі. Хочацца верыць, што там, у вечнасці, разлучаныя душы сустрэліся…

    Матуля застаецца самым блізкім чалавекам незалежна ад таго, колькі табе гадоў. Сёння пра сваіх мам раскажуць жанчыны, якія і самі даўно з’яўляюцца маці.

 Наталля-Лоўчая-обр

Наталля ЛОЎЧАЯ,

жыхарка г. Валожына:

– Вялікае шчасце быць маці, бабуляй і пры гэтым яшчэ і дачкой. Дзякуй Богу, мне выпала такая ўдача…

Мая матулечка, Алена Аляксандраўна Шчуцкая, нарадзілася ў 1926 годзе ў вёсцы Лужаны тады Сугваздаўскага, а цяпер Дорскага сельсавета. У сям’і было шасцёра дзяцей, усіх рана прывучалі да сялянскай працы, выхоўвалі ў строгасці. Клапаціліся таксама і пра адукацыю: у вёсцы працавала школа з польскай мовай навучання, дзе настаўніца вельмі сачыла за тым, каб вучні не размаўлялі між сабой па-беларуску. Той, хто забываўся аб гэтым, караўся: “пані ўчыцелька” моцна біла па руках лінейкай.

У адным класе з мамай вучыўся і мой будучы тата. Пасля вяселля яны паехалі з роднай вёскі ў свет, спадзеючыся зарабіць грошай. Жылі ў Карэлафінску, на Данбасе. Яшчэ і сёння ў нас дома захоўваецца фанерны зялёны чамаданчык, з якім яны падарожнічалі. Мама з дзяцінства вызначалася выключным эстэтычным густам, і гэта ёй дапамагло стаць запатрабаванай краўчыхай. Працавала яна дома і ніколі не мела недахопу ў кліентуры, што сведчыла пра яе майстэрства.

У чужых краях бацькі прабылі даволі шмат часу, вярнуліся ў Лужаны па настойлівай просьбе сваякоў. Тут ужо нарадзіліся і мы з сястрой. Колькі сябе памятаю, у нашым доме заўсёды падтрымліваўся ідэальны парадак. Мама сама вырабляла мярэжку для занавесак, вышывала накідушкі, вязала падузорнікі да ложкаў. Усё гэта даўно выйшла з моды, але ў нашай хаце засталося. Па-ранейшаму ложкі акуратна засланы посцілкамі, на іх стаяць пакрытыя падушкі. Усе рэчы ляжаць на сваім месцы, ніколі не ўбачыце, каб на крэсле вісела хустка ці ручнік, як гэта ў некаторых дамах назіраю.

Мама старалася прыгожа апранаць нас з сястрой. Часта з рэшткаў тканіны, што пакідалі заказчыкі, камбінавала нам сукеначкі, сарафаны. І мы з сястрой ганарыліся такімі моднымі ўборамі.

Сёння наша мамачка таксама часам сядае за швейную машынку, але шые для сябе. Акулярамі, нягледзячы на 92 гады, не карыстаецца. А яшчэ я заўсёды дзіўлюся, калі мама заўважае нейкія цікавыя дэталі гардэробу ў вядучых тэлепраграм, артыстаў. Зімовымі вечарамі яна вяжа дыванкі са стужак тканіны. І нават тут стараецца дабіцца гармоніі па колерах, па структуры матэрыялу. За работай любіць расказаць пра мінуўшчыну: жыццё пры Польшчы, ваеннае ліхалецце, ганенні на рэлігію і святароў у савецкі перыяд. Памяць у мамы выключная! На прозвішчы, на імёны, на даты… Гады быццам бы пашкадавалі яе. Бывае, разважае: “Я позна нарадзіла вас, дзяцей. Хіба магла падумаць, што дажыву да ўнукаў, праўнукаў?”

Дарэчы, усе праўнукі, а іх у мамы васьмёра, любяць бабулю Гелю (так мы яе называем), ахвотна прыязджаюць у вёску. Яна ўмее забаўляць сучасных дзяцей старадаўнімі песнямі, байкамі. Малыя ў яе ніколі не плачуць. Старэйшай праўнучцы ўжо 18 гадоў. Так што спадзяёмся павіншаваць нашу старэнькую, але такую родную і мілую мамачку са званнем прапрабабулі…

Ганна-Афоніна-обр

Ганна АФОНІНА, жыхарка в. Доры:

– Маю маму, Надзею Мікалаеўну Хартаповіч, можна назваць жывым прыкладам ахвярнасці і самаадданасці. Нас у яе трое, старэйшаму брату ўжо 50 гадоў, а маці клапоціцца пра яго, пра мяне і сястру, быццам бы мы малыя. Здаецца, каб можна было, яна б усе нашы цяжкасці ўзяла на сябе… Такой матуля наша ўрадзілася. Яна рана засталася сіратой, таму ў 14 гадоў ужо пайшла на ўласны хлеб, а ў 15 – паехала ў заробкі на Данбас. Пазней у ліку першых запісалася будаваць горад Салігорск, потым чатыры дзесяцігоддзі працавала там на калійным камбінаце. Мама мае шмат падзяк і грамат за сумленную работу. Пры гэтым яна ніколі не забывалася дапамагаць бацькам, а як выйшла замуж, то і ў бацькоў мужа стала лепшай памочніцай.

Наша нястомная матулечка не разумее філасофіі некаторых сучасных жанчын наконт таго, што трэба любіць сябе, даглядаць, а дзеці няхай рана прывучаюцца да самастойнасці, набіраюцца вопыту, набіваючы “шышкі”. Цяпер, калі мы дарослыя і мама не можа быць побач штодня, яна навучылася аберагаць нас малітвай, думкамі. І паверце, гэту духоўную апеку мы сапраўды адчуваем! Няхай жа Бог пашле нашай маці, а таксама ўсім матулям на свеце здароўя, даўгалецця, удзячных дзяцей.

Таццяна-Паўленка-обр

Таццяна ПАЎЛЕНКА, жыхарка в. Сакаўшчына:

– У дзяцінстве, юнацтве здаецца, што мама будзе заўсёды, і ты яшчэ паспееш з ёй нагаварыцца. Так думаюць многія і памыляюцца.

На лёс маёй маці выпала шмат выпрабаванняў, але для нас, траіх дзяцей, у яе заўсёды хапала сіл, любові, увагі. Яна цяжка працавала: у калгасе была цялятніцай, дома трымала вялікую гаспадарку. Сябе зусім не шкадавала. Не памятаю, каб мама сядзела склаўшы рукі, бавіла час перад тэлевізарам ці ў гаворках з суседкамі. Не магу таксама дакладна сказаць, у колькі яна клалася спаць і калі падымалася. А вось пра што марыла, ведаю: хацела, каб мы, дзеці, жылі лепш, чым яна, мелі дастатак, “чыстую” работу. Для гэтага раіла добра вучыцца, быць паслухмянымі, стараннымі.

Яшчэ наша мама ўмела гатаваць такія смачныя стравы, якіх нідзе больш паспытаць не ўдалося. Найперш гэта варэнікі. Начынкай туды ішлі чарніцы або сухафрукты, а вось цеста было з сакрэтам, заводзілася ў дзяжы. Часта ў печы млелі “цыганы” – бульбяныя пончыкі з ільнасемем. І чаму я не здагадалася запытацца тыя рэцэпты?..

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars