Час запальваць ліхтары

Общество

На мінулым тыдні пачалося паэтапнае падключэнне вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах.

Электрычнасць – справа не танная, таму круглы год лямпачкі гараць толькі там, дзе пражывае шмат людзей або назіраецца актыўны рух грамадскага транспарту. З надыходам цёмнага перыяду колькасць працуючых ліхтароў значна павышаецца.

Як паведамілі ў бухгалтэрыі Івянецкага сельвыканкама, сёлета ў першым квартале на асвятленне вясковых вуліц было затрачана 10377 рублёў. Сродкі бяруцца з фонду, адведзенага на добраўпарадкаванне. Прыкладна такая ж сума спатрэбіцца і на апошні квартал. Дарэчы, жыхары дадзенай адміністрацыйнай акругі вельмі рэдка скардзяцца ў газету на цемень у сваіх вёсках, а гэта сведчыць аб наладжанай сумеснай рабоце прадстаўнікоў мясцовай улады і работнікаў арганізацыі “Электрасеткі”.

Усе 37 населеных пунктаў Гародзькаўскай зоны да канца гэтага месяца таксама дружна засвецяцца электрычнасцю. Старшыня сельвыканкама Г. Ф. Садоўская загадзя наведалася ў кожную вёску і пераканалася, што тут усё гатова да падключэння.

Самымі нецярплівымі аказаліся жыхары вёсак Ратынцы і Пялікшты Ракаўскага сельсавета: іх не задавальняе, што святла яны дачакаюцца не ў ліку першых. Але, як запэўнілі ў сельвыканкаме, хутка чарга падыдзе і да іх. Варта зазначыць: на асвятленне вуліц у гэтым рэгіёне грошы зарабляе сам сельвыканкам шляхам рэалізацыі пустуючых зямель.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий