Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Да Сусветнага дня пошты, які адзначаўся 9 кастрычніка, кіраўніцтва Мінскага філіяла РУП “Белпошта” ўзнагародзіла Ганаровай граматай паштальёна 6-га разраду ўчастка па апрацоўцы і абмене пошты Валожынскага раённага вузла паштовай сувязі Святлану Яўстаф’еўну Пашкоўскую. Прафесіянала з вялікай літары павіншавалі калегі па рабоце.

    Праект “Валожын без бар’ераў” пашырае межы. У яго рамках быў аб’яўлены конкурс ініцыятыў у галіне сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для аграсядзіб. Гаспадары 6-і аграсядзіб, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, падалі заяўкі на ўдзел у ім.

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылося пасяджэнне конкурснай камісіі, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў. Свае праекты па абсталяванні безбар’ернага асяроддзя і прыцягненні на сядзібы людзей з абмежаванымі магчымасцямі прадставілі аграсядзібы “Ганка”, “Свет пчол”, “Налібоцкія васількі”, “Коні-поні”, “За масточкам” і фермерская гаспадарка “Экафлора”. Каб атрымаць грант ад Еўрапейскага Саюза, патрэбна было папрацаваць і даказаць актуальнасць ініцыятывы, яе запатрабаванасць у будучых наведвальнікаў, прыцягальнасць свайго турпрадукту, яго ўнікальнасць і магчымасць распаўсюджвання вопыту за межы раёна. Больш за ўсё балаў набрала аграсядзіба “Коні-поні”, найменш – “Свет пчол”. Конкурсная камісія адабрала пяць лепшых ініцыятыў. На іх далейшае развіццё і абсталяванне безбар’ернага асяроддзя выдзелены ў цэлым 25 тысяч еўра. Да канца бягучага года гэтыя грошы павінны быць асвоены.

 

     Чарговую партыю гуманітарнага грузу на суму 761 рубель 90 капеек абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў наш раён.

470 слоікаў па 335 грамаў ёгуртаў “Прастаквашына” з клубніцамі і вішняй, а таксама ёгуртныя соусы двух відаў былі выдаткаваны сіротам, якія вучацца ў Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі, перасяленцам з Украіны, мнагадзетным сем’ям у Івянцы і Дорскім сельсавеце, адзінокім пенсіянерам і інвалідам. Нягледзечы на тое, што тэрмін іх рэалізацыі быў на зыходзе, паласавацца карыснымі прадуктамі людзі паспелі.

 

На працягу мінулага тыдня ў раёне ладзіліся самыя разнастайныя мерапрыемствы з нагоды Дня маці. Адно з іх – культурна-масавае мерапрыемства “Пагавары са мной, матуля!” – правялі сумесна работнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бібліятэкі. Удзельнікаў святочнай імпрэзы павіншаваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі.

Вядучая загадчыца аддзялення Ірына Кавяза падрыхтавала для ўдзельніц клубаў “Залатая восень”, “Лэдзі” і ўвогуле для ўсіх наведвальнікаў аддзялення, што былі запрошаны на святочную сустрэчу, цікавыя конкурсы, напрыклад, танцавальны рэтра-марафон, “Дзве справы” (не сакрэт, што жанчына можа адначасова рабіць і больш). Гасцей, сярод якіх былі і чытачы бібліятэкі, віншавалі харэаграфічны калектыў “Непаседы” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шыркова), вакальная група “Вясёлыя ноткі” гімназіі № 1 (кіраўнік Барыс Адамовіч), загадчыца раённай бібліятэкі Ірына Зянько. Спецыяльна была падрыхтавана выстава кніг, дзе прадставілі навінкі жаночай літаратуры і новыя кнігі вядомых жанчын-пісьменніц. За салодкім сталом у асяроддзі равесніц добра спяваліся песні маладосці, ліліся ўспаміны, прыгадваліся цікавыя гісторыі. Усе госці атрымалі невялікія падарункі.

 

     З 2 па 7 кастрычніка ў Гродне прайшла спартакіяда Саюзнай дзяржавы “Алімп” па баскетболе сярод юнакоў. У спаборніцтвах удзельнічалі 8 каманд: па чатыры з беларускага і расійскага бакоў.

Удзел у спартакіядзе прыняла і каманда нашага раёна, якая заняла шостае месца. Мы прывыклі, што выхаванцы трэнера Леаніда Хвядчэні нязменна займаюць прызавыя месцы, але на гэты раз не атрымалася. Нашы юныя баскетбалісты былі на год маладзейшыя за астатніх удзельнікаў, таму можна зрабіць ім скідку. Варта помніць  алімпійскі прынцып: галоўнае не перамога, а ўдзел, ды і любыя спаборніцтвы – добрая школа.

 

     У рамках спартакіяды школьнікаў адбыўся раённы асенні лёгкаатлетычны марафон.

Як і чакалася, у камандным заліку перамаглі лёгкаатлеты Івянецкай сярэдняй школы, многія з вучняў якой трэніруюцца ў ДЮСШ. Другое месца занялі спартсмены Пугачоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, трэцяе – Дорскага ВПК.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars