На парадку дня – перспектыўны праект

на-парадку

У пачатку бягучага тыдня Валожыншчыну наведалі дэлегацыя з Самакіравання Вільнюскага раёна суседняй Літоўскай Рэспублікі на чале з мэрам Марыяй Рэксць, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль, саветнік Пасольства (гандлёва-эканамічныя пытанні) Аляксандр Ігнаценка, намеснік старшыні асацыяцыі ветэранаў дыпламатычнай службы Міністэрства замежных спраў Беларусі Вадзім Лазерка, старшыня праўлення Мінскага абласнога спажывецкага таварыства Валерый Марынічаў. На парадку дня стаялі абмеркаванне шэрагу стратэгічных пытанняў у галіне эканамічнага супрацоўніцтва паміж раёнамі-пабрацімамі, перспектыва рэалізацыі агульнага праекта, звязанага з рэканструкцыяй рынкаў у нашым раённым цэнтры і Рудамінскім старостве. Згаданыя аспекты і былі разгледжаны падчас перагавораў са старшынёй райвыканкама Мікалаем Астрэйкам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Глінскім. На сустрэчы прысутнічалі таксама прадстаўнікі зацікаўленых службаў і ведамстваў з абодвух бакоў.

Перад тым, як сесці за стол перагавораў, гасцей запрасілі на дзелавую экскурсію, падчас якой дэлегаты пабывалі на тэрыторыі гарадскога рынку, азнаёміліся з гісторыяй і слыннымі імёнамі нашай мясцовасці ў краязнаўчым музеі, наведалі прамысловыя прадпрыемствы горада – ААТ «Валожынскі льнокамбінат» і філіял Маладзечанскага малочнага камбіната. Завіталі прадстаўнікі суседняй краіны і ў найбольш паспяховыя сельгаспрадпрыемствы раёна, з’ездзілі на вытворчы ўчастак «Клім» лясгаса. Гэта была не проста дэманстрацыя прамысловых магутнасцей і культурных набыткаў нашай малой радзімы. Літоўцы выказалі гатоўнасць прапрацаваць пытанні прамых паставак драўніны і мёду на вытворчыя аб’екты Вільнюскага рэгіёну. Не выключана, што туды ў будучым адправяцца і партыі льнянога алею, кастрабрыкетаў і пялетаў – прадукцыі, што выпускаецца на льнокамбінаце і філіяле ДП «Мінаблпаліва». Зацікавіла нашых суседзяў і магчымасць наладзіць цесныя ўзаемавыгадныя сувязі з прыватнай фірмай «Мэбля ЛЕЎ».

Змест жа галоўнага пытання парадку дня зводзіцца да наступнага: рэканструкцыю рынкаў можна правесці за кошт прыцягнення сродкаў Еўрасаюза ў рамках адной з дзеючых праграм развіцця рэгіёнаў, асноўнай умовай якой выступае ўмацаванне і пашырэнне міжнародных партнёрскіх доўгачасовых сувязяў, у тым ліку і сярод бізнес-колаў. Для гэтага першапачаткова юрыдычна правільна аформіць і на працягу 2-3 месяцаў прадаставіць на конкурс праектаў тэхнічную праектную дакументацыю. Літоўскі бок ужо пачаў працэдуру падрыхтоўкі. Хутка і да нас завітаюць кансультанты, каб аказаць неабходную дапамогу. З пункту гледжання беларускага заканадаўства таксама існуюць пэўныя моманты, якія неабходна ўзгадніць. Аднак, галоўнае, кропкі ўзаемадзеяння на гэтых перагаворах былі намечаны, а рэалізацыя планаў стала справай часу. Рэдакцыя будзе сачыць за развіццём падзей.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars