Как зарождалась система образования в городе Воложине

Культура

У Валожыне першы курс агульнаадукацыйнай гімназіі змаглі адкрыць толькі дзякуючы таму, што ў 1938 годзе завяршылася будаўніцтва другой сямігадовай школы. Класы, пераведзеныя з першай школы, запаўнялі новы будынак толькі напалову, таму ў свабодных пакоях часова размясцілася гімназія. У перспектыве гімназія павінна была пераехаць у свой будынак, будаўніцтва якога тады ўжо пачалося.

Займацца ў гімназіі мне, на жаль, не давялося, бо за навучанне належала плаціць 25 злотых  у месяц (кошт каровы складаў 100 злотых). Да таго ж гімназісты абавязаны былі хадзіць на заняткі ў спецыяльнай форме. Патрэбна было купляць падручнікі, пісьмовыя прылады, плаціць яшчэ не менш за 5 злотых у фонд бацькоўскага камітэта. Усё гэта стварала ўмовы, непасільныя для нашага сямейнага бюджэту. Такім чынам, я мог толькі назіраць за гімназістамі, апранутымі ў прыгожую цёмна-сінюю форму, ды чуць ад іх незнаёмыя словы з нямецкай ці лацінскай моў.
Так прайшоў 1938-1939 навучальны год. 1 верасня Германія напала на Польшчу. Мяне, у ліку такіх жа падлеткаў, выклікалі ў магістрат. Кожнаму ўручылі мабілізацыйныя білеты, якія загадалі даставіць людзям, што падлягалі мабілізацыі, якіх затым аўтобусамі адвозілі на чыгуначную станцыю ў Гародзькі.

Мабілізацыя закончылася і зноў у горадзе ўсталявалася адноснае зацішша. Вайна працягвалася, але яна была ад Валожына далёка. У верасні, калі прыйшлі Саветы, неўзабаве стала вядома, што ўсе дзеці школьнага ўзросту павінны вучыцца, а тыя, хто скончыў 6 або 7 класаў, могуць запісацца ў гімназію. Туды і накіраваліся ўсе жадаючыя з Валожына і навакольных вёсак. Галоўная мэта настаўнікаў – навучыць дзяцей чытаць і пісаць па-руску і па-беларуску. Ніхто з вучняў тады яшчэ не ведаў кірыліцу, але праз 2-3 тыдні мы ўжо даволі паспяхова авалодалі ёй. Дырэктарам школы працягваў працаваць Канапніцкі (былы дырэктар гімназіі).  А вось настаўнікі часта мяняліся. Так працягвалася да зімовых канікулаў. Пасля канікулаў мы прыйшлі ў школу і ўбачылі на дзвярах шыльдачку, на якой было напісана: «5-ы клас». Вось табе і гімназія!

Дырэктар Канапніцкі быў пажылы, адукаваны, культурны, ветлівы чалавек. Ён быў паляк, але выдатна ведаў рускую мову. Гаварылі, што ён скончыў універсітэт яшчэ да рэвалюцыі. Пасля зімовых канікулаў яго ў школе мы ўжо не засталі…

Пачаўся 1940 год. Дырэктарам сярэдняй школы (у ёй не было яшчэ толькі 10 класа) назначылі  Пятра Іванавіча Біталя.  Працаваў дырэктарам нядоўга, неўзабаве яго перавялі ў РАНА на пасаду школьнага інспектара. Хаця наша знаёмства з новым дырэктарам было нядоўгім, ды і ён не паспеў нас усіх добра запомніць, але мы яго памяталі і заўсёды першымі віталіся пры сустрэчах. За кароткі час работы ў школе П. І. Бітэль пакінуў у сэрцах дзяцей вялікую павагу да сябе. Ён заўсёды з намі размаўляў па-беларуску. Мы душой адчувалі, што ён свой, наш.

З прыходам новай улады стала дамінаваць руская мова. Настаўнікі, што прыехалі з усходняй Беларусі, таксама пераважна размаўлялі на рускай мове.

Гімназістамі мы так і не сталі, але галоўнае тое, што мы вучыліся. У пачатку 1940 года ў клас прыйші незнаёмыя людзі і прапанавалі ўсім, хто пажадае, пайсці вучыцца на настаўніцкія курсы. З нашага класа запісалася некалькі вучняў. Заняткі праводзіліся ў першай школе (беларускай). Узначальваў курсы наш былы дырэктар Пятро Іванавіч Бітэль.

22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР. Наступленне немцаў было імклівым, на чацвёрты дзень яны захапілі Валожын. Акупацыйны рэжым быў цяжкі і жорсткі. Для таго, каб не выслалі ў Германію, трэба было ўладкавацца на якую-небудзь работу. Прыйшлося ісці ў нямецкую сталярню. У 1942 годзе стала чутна, што ў Валожыне адкрываецца гандлёвая школа.  Пачалі збіраць заявы ад жадаючых там вучыцца. Заявы збіраў Пятро Іванавіч Бітэль. Хаця ў сталярні праца была не вельмі цяжкая, але перспектыва вучобы надзвычай захапіла мяне, ды і бацькі хацелі, каб я ішоў вучыцца. Але  ў гандлёвую школу дазволена  было прымаць вучняў, не старэйшых за 18 гадоў, а мне споўнілася амаль 20. Але, дзякуй Богу, ніхто не правяраў у спісах, хто з якога года. Сабралася каля 70-і заяў. Дырэктарам гандлёвай школы назначылі Аляксандра Сабалеўскага. Ён выкладаў гісторыю Беларусі. Памятаю, што на пачатку заняткаў выкладала спадарыня Чантарыцкая. Пётр Іванавіч Бітэль вёў родную мову і геаграфію. Нямецкую мову выкладаў Сазановіч, таваразнаўства – Шынкевіч, а навуку аб гандлі – Гомель, матэматыку – Кжыжанскі.

У 1943 годзе ў раёне, як і па ўсёй Беларусі, пачаў пашырацца партызанскі рух, немцам спатрэбілася трымаць у Валожыне больш моцны гарнізон. Будынкі абедзвюх валожынскіх школ акупанты забралі для размяшчэння сваіх салдат. Заняткі на некаторы час спыніліся. Прыкладна там, дзе цяпер перакрыжаванне вуліц Партызанскай і Дзяржынскага, стаяў раней двухпавярховы невялікі дом, збудаваны з бетонных блокаў, узведзены яшчэ ў 30-ыя гады для манашак, якія выкладалі ўрокі рэлігіі для каталіцкіх дзяцей. Ён пуставаў. Там і размясцілася гандлёвая школа. Праз некаторы час немцам спатрэбіўся і гэты будынак. Зноў заняткі спыніліся. Здавалася, што другі навучальны год так і не будзе закончаны. Але выйсце знайшлося. У будынку раённай управы пустой заставалася даволі вялікая зала пасяджэнняў, тут мы і вучыліся.

У хуткім часе пасля вызвалення горада ад немцаў пачаў дзейнічаць райваенкамат. Туды спатрэбіўся чалавек, які мог бы выконваць мастацка-агітацыйныя работы. Хтосьці падказаў мяне. Там я працаваў мастаком, хадзіў у патрулі.  Праз тры тыдні захварэў дызентэрыяй і апынуўся ў бальніцы, лячыць пацыентаў там не мелі чым. Доктар Фамінскі загадаў прыносіць з дому парашок, зроблены з драўнянага вугалю. Маці рэгулярна дастаўляла гэты парашок, якім я лячыўся. У час выпіскі з бальніцы доктар даў мне даведку аб дрэнным стане здароўя. Ідучы дадому, я час ад часу прысядаў на зэдлічак, які нёс з сабой. Не хапала фізічных сіл…

Надышоў месяц жнівень. Пайшлі чуткі, што амаль усіх жадаючых бяруць на працу настаўнікамі (зразумела, дастаткова пісьменных). Бацькі настоілі, каб я ішоў у настаўнікі. Давялося пагадзіцца. Мяне прызначылі настаўнікам пачатковых класаў у Філіпіняцкую школу.

Васіль Гарбачэўскі,

жыхар горада Валожына, ветэран педагагічнай працы.



Добавить комментарий