Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

     Літаральна гэтымі днямі прыемная навіна прыляцела ў раённы Цэнтр культуры. Абвешчаны вынікі конкурсу па культурным абслугоўванні сёлетняй уборачнай кампаніі ў Мінскай вобласці.

У намінацыі “Песняй дакрануцца да жніва” пераможцамі прызнаны аматарскія калектывы Валожынскага РЦК. Трэба зазначыць, што на рахунку нашых самадзейных артыстаў больш за 90 выступленняў перад удзельнікамі ўборкі зерневых падчас абедзенных перапынкаў. А сцэнай для іх былі палі, зернетакі, мехдвары.

     З 9 кастрычніка работнікі лясгаса і іншых працоўных калектываў раёна працуюць на пасадцы зялёных насаджэнняў на дарозе М-14 (другой кальцавой). Запланавана высадзіць 10 тысяч сеянцаў сасны двухгадовай і каля 700 дрэўцаў ліставых парод. На гэтым тыдні работы павінны быць завершаны.

Адказнасць за пасадку дрэў цалкам ускладзена на работнікаў лясгаса: забеспячэнне пасадачным матэрыялам, дастаўка яго і калочкаў, вырабленых у цэху на “Кліме”. Сеянцы сасны высаджваюцца на выемках, а ліставых парод – на адной з дарожных развязак. Вакол кожнага маладога дрэўца выстаўляюцца калочкі. У дапамогу лясгасаўцам штодня адпраўляюцца па 2-3 работнікі жылкамунгаса, райспажыўтаварыства, ПМК-188, аўтапарка № 14, іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

 

     Асабліва святочна выглядала дорская Свята-Пакроўская царква ў мінулую суботу, ды і на службу сабралася прыхаджан больш, чым звычайна. У той дзень адзначалася не толькі храмавае свята, але і 20-годдзе службы ў адноўленай царкве.

Яна была адбудавана за сродкі і сіламі прадстаўнікоў Германіі, і першая служба прайшла менавіта ў кастрычніку 1997 года. 14 кастрычніка на службе прысутнічалі 10 чалавек, якія два дзесяцігоддзі таму дапамагалі адраджэнню храма не толькі фінансава, але і непасрэдна сваёй працай. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі Паўночнага аддзялення Хрысціянскага саюза маладых людзей Германіі “Сетка міру”. Пасля святочнай імшы госці наведалі дорскі мемарыял “Загінуўшых чакаюць вечна”. Раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” арганізавала ў адзін з дзён для іх экскурсію ў Мінск. Таксама немцы сустрэліся са сваімі знаёмымі ў вёсках Дубіна і Сугвазды.

 

     13 кастрычніка ў Ракаве віталі дэлегацыю са Швейцарыі. У яе складзе былі 20 чалавек, якія гэтым летам прымалі на аздараўленне ў сваіх сем’ях дзяцей з Беларусі. А ў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці яны завіталі, каб пазнаёміцца з традыцыйнай культурай нашай краіны. Тут іх сустрэлі караваем, які выпекла настаўніца-пенсіянерка Марыя Іванаўна Шумская.

Свае лепшыя канцэртныя нумары гасцям паказалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” і ўзорны калектыў “Вяночак”. Потым ракаўчане давалі майстар-клас па танцах. Паказалі гасцям танец “Кракавяк” у тройках, пераняты ад носьбітаў у нашым раёне, “Чачотачку” і танец-гульню. Пасля сумеснай творчасці – а замежнікі з радасцю вучыліся нашым народным танцам – запрасілі гасцей за салодкі стол. Тут сваё майстэрства дэманстравалі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Рошчына”, што існуе пры цэнтры творчасці. Упэўнена, такой смакаты, як дражджавыя пончыкі, іншае печыва, яны ніколі раней не каштавалі.

 

     У аграгарадку Языль Старадарожскага раёна прайшлі фінальныя спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе “Каласок” для дзяцей і юнацтва з аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў. У іх прынялі ўдзел пераможцы пяці занальных спаборніцтваў – з Валожынскага, Старадарожскага, Мядзельскага, Бярэзінскага і Капыльскага раёнаў.

Гонар нашага раёна абаранялі вучні Івянецкай СШ, выхаванцы трэнера Аляксандра Чарняўскага, якія не пакінулі сапернікам шанцаў на перамогу ў большасці забегаў. На рахунку нашай каманды першае месца. У спаборніцтвах удзельнічалі хлопчыкі і дзяўчынкі 2001-2007 гадоў нараджэння. Юныя спартсмены 2006 і 2007 г. н. пераадольвалі дыстанцыю 500 метраў, астатнія – 1000 метраў. Вось вынікі выступлення нашых спартсменаў. Першае месца – Яна Шчарбачэня і Данііл Мамыш (2007 г. н.), Насця Дубатоўка і Антон Бібік (2006), Людміла Базыленка і Аляксей Галубовіч (2005), першае месца – Надзея Каландарава і другое – Данііл Выдронак (2004), другое месца – Дзіяна Лапуцкая і трэцяе – Вадзім Хімарода (2003), чацвёртае месца – Валянціна Каландарава і трэцяе – Аляксандр Ждан (2002), першае месца – Лізавета Каранік і другое – Ігар Князевіч (2001). За першае месца рабяты ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прызамі па 15 рублёў кожны. За першае агульнакаманднае месца кожны член каманды атрымаў таксама па 15 рублёў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars