Самы родны чалавек

Общество

Напярэдадні Дня маці ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся святочны канцэрт.

На яго запрасілі матуль наведвальнікаў аддзялення. Распачалося мерапрыемства выступленнем Уладзіслава Рэута, які праспяваў для жанчын прыгожую песню.

Затым слова было прадастаўлена Благачыннаму Валожынскай акругі, настаяцелю прыхода Святых Роўнаапостальных Канстанціна і Алены протаіерэю Дзмітрыю Агіевічу. Ён узгадаў, што Дзень маці супадае з вялікім праваслаўным святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і гэта вельмі сімвалічна. Божая Маці сочыць за жыццём кожнага чалавека і абараняе ад розных нягод. Таксама заступніцтва і благаславенне нашых матуль уратоўваюць дзяцей ад шматлікіх выпрабаванняў. У кожнай з іх увасоблена святасць памкненняў, бязмежнасць пяшчоты і мудрасці, найвялікшая самаахвярнасць. Яны – самыя ласкавыя і справядлівыя, строгія і патрабавальныя, усёдаравальныя і нястомныя. Слова “мама” – вельмі дарагое, і ім сапраўды трэба даражыць. Айцец Дзмітрый пажадаў, каб кожнай жанчыне Бог даў сілы несці свой крыж, а мацярынская малітва заўсёды была пачута.

Павіншаваў прысутных са святам і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі. Ён выказаў упэўненасць, што Дзень маці мае вялікае значэнне для ўтварэння больш цеснай духоўнай сувязі паміж дзецьмі і іх матулямі. Напомніў, што стваральная роля жанчыны, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры моладзі – гэта тыя асновы, без якіх немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і. Леанід Вікенцьевіч падзякаваў мамам, чые дзеці наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, за подзвіг, які тыя здзяйсняюць, даглядаючы сваіх крывінак, бо нават самыя лепшыя выхавацелі ніколі не заменяць бацькоў, а інтэрнат – родную хату.

Шчырыя словы віншаванняў адрасавала прысутным намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Г. Пракопчык. Яна сказала, што няма чалавека, раднейшага за маці. Ніякія скарбы не заменяць яе любові, якую адчуваем яшчэ да нараджэння, і яна не пакідае нас на працягу ўсяго жыцця. Нават калі становімся дарослымі, нас заўсёды чакаюць цёплыя маміны рукі і добрыя вочы.

Далей працягваўся канцэрт з мноствам сюрпрызаў і прыемных нечаканасцей. У ім прынялі ўдзел вучні СШ № 2, якія падрыхтавалі многа цудоўных песень, і наведвальнікі аддзялення. Гучнымі апладысментамі суправаджаўся кожны нумар святочнай праграмы. Ад шчымлівай шчырасці на вачах матуль выступалі слёзы. Кожная з іх атрымала падарунак з рук свайго дзіцяці. Атмасфера была вельмі цёплай, неверагодна светлай і сонечнай.

На заканчэнні мерапрыемства да прысутных звярнулася загадчык аддзялення Л. У. Шчарбачэвіч. Яна павіншавала са святам матуль выхаванцаў. Словы пашаны і ўдзячнасці прагучалі і для супрацоўніц, якія кожны дзень знаходзяцца з падапечнымі, дапамагаюць ім авалодаць новымі навыкамі, адаптавацца да жыцця ў грамадстве. Ролю гэтых жанчын немагчыма пераацаніць. Пасля Ларыса Уладзіміраўна запрасіла ўсіх прысутных на чаяванне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

самы-родны

самы-родны2

самы-родны3



Добавить комментарий