Лепшая ў свеце жанчына – гэта матуля…

лепшая-у-свеце1

     Мінулы тыдзень у нашай краіне прайшоў пад знакам жанчыны-маці. Усе мерапрыемствы ладзіліся для матуль і пра іх. Хочацца спадзявацца, што ў кожным працоўным калектыве не абмінулі ўвагай такую падзею. Пра асобныя з іх – гэта падборка.

Па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з 9 па 14 кастрычніка была аб’яўлена рэспубліканская акцыя “Павіншуем маму разам!”. З нагоды свята дзеці самага рознага ўзросту і розных пасад мелі магчымасць лішні раз прызнацца ў любві і выказаць словы ўдзячнасці самаму роднаму чалавеку за клопат, падтрымку, цярплівасць і дабрыню.

Менавіта па прапанове прафсаюзаў тэматычна аформленыя “кропкі” ў гэтыя дні з’явіліся ў холах і на прахадных прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры. Многія члены прафсаюза скарысталі магчымасць запоўніць віншавальныя паштоўкі і адправіць іх сваім матулям.

Прафсаюзная арганізацыя ЦБП № 605 філіяла № 500 МУ ААТ ААБ “Беларусбанк” пры падтрымцы ўсіх грамадскіх арганізацый наладзілі для сваіх жанчын-пенсіянераў паездку ў аграсядзібу “Свет пчол”, што размешчана непадалёк Ракава.

І хоць надвор’е ў той дзень не песціла, але гэта не паўплывала на святочны настрой, на радасць ад сустрэчы з былымі калегамі, ад увагі цяперашняга пакалення банкаўскіх работнікаў. На сядзібе яны сустрэлі таксама цёплы прыём гаспадароў, якія падзяліліся сваімі ведамі пра крылатых працаўніц, расказалі шмат невядомага пра насякомых, якія даюць нам духмяны, гаючы і карысны прадукт – мёд. Былі гарачы чай і смачныя бліны з мёдам, іншыя пачастункі. Але галоўнае, што пра ветэранаў калектыву помняць, шануюць іх былыя заслугі. Гэта дарагога каштуе.

Работнікі ТЦСАН наведаліся з падарункамі да жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх у раёне засталося ўсяго тры: Ізабела Вікенцьеўна Елістратава жыве ў гарадскім пасёлку Івянец, Малання Ігнатаўна Мянцюк – у вёсцы Ласокіна Дорскага сельсавета, у гэтым жа сельсавеце ў вёсцы Бакшты пражывае і Ніна Антонаўна Тур. Утульныя байкі і гель для душа кожнай прыйшліся даспадобы. Але больш прыемнымі былі самі госці, што завіталі ў іх дамы з віншаваннямі.

Не абмінулі ўвагай і жанчын, якія перасягнулі стагадовы рубеж. Іх таксама нямнога. Аналагічныя падарункі ўручылі Марыі Антонаўне Юхнеўскай з вёскі Гелянова, Алімпіядзе Мікалаеўне Рамаховіч з вёскі Сарокі і Марыі Вікенцьеўне Канановіч з Лістападаў.

Вялікая нагрузка ў тыя дні выпала на работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны пастараліся зрабіць сапраўднае свята для ўсіх катэгорый жанчын, якіх абслугоўваюць, не забыліся і пра сваіх работнікаў.

У сваім калектыве ўшанавалі сацыяльных работнікаў раёна, што выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Такіх аказалася чатыры чалавекі, тры з іх адзначаны за свой мацярынскі подзвіг ордэнам Маці. Шасцёра дзяцей нарадзіла сацыяльны работнік з вёскі Дварэц Дорскага сельсавета Вольга Іванаўна Кароткая, па пяць – Таццяна Міхайлаўна Морская з Валожына, Алена Канстанцінаўна Лявіцкая з Гародзькаў і Марыя Фабіянаўна Бурак з Подберазі Вішнеўскага сельсавета (жанчына зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, урадавай узнагароды пакуль не мае). За салодкім сталом жанчыны-маці пачулі шмат прыемных удзячных слоў за дзяцей, за сваю нялёгкую работу. Ім уручылі прыгожыя парфумерныя наборы, якія ахвяраваў магазін “Мара” з райцэнтра, салодкія наборы, выдаткаваныя валожынскай прадпрымальніцай Т. І. Міхнеевай, прадуктовыя наборы ад прафсаюзнай арганізацыі.

16 кастрычніка загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра Ніна Яўгенаўна Радына разам са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Раісай Віктараўнай Барадой наведалі жанчын-парадзіх у радзільным аддзяленні райбальніцы.

Падарункі атрымалі Марта Матуз з Ракава, якая нарадзіла трэцяе дзіця, хлопчыка, і Надзея Сухадолец з Валожына, для якой народжаная дачушка стала другім дзіцём. Ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын ім уручылі спецыяльныя дзённікі для мамачак, дзе яны змогуць занатоўваць кожны месяц свайго дзіцяці, змены ў росце, вазе і іншыя назіранні. Маладым маці падарылі таксама цёплыя байкі, гель для душа, рэчы для асабістай гігіены і адзенне для немаўлят.

Наталля ШТЭЙНЕР

лепшая-у-свеце1

лепшая-у-свеце

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars