Каб маленства заставалася шчаслівым

i

Дзеці – гэта і “кветкі жыцця”, і “наша ўсё”, і “наша будучыня”. Старэйшае пакаленне гатова аддаваць сябе без астатку дзеля іх заўтрашняга дня. На дзяржаўным узроўні таксама шмат робіцца для таго, каб гады маленства засталіся ў памяці кожнага як самая бестурботная і шчаслівая пара. Аднак і пры такім раскладзе сярод сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак сустракаюцца маленькія гаротнікі…

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ірына Леанідаўна Жданюк больш за 12 гадоў прафесіянальна займаецца справай аховы дзяцінства і добра ведае, як дапамагаць падрастаючаму пакаленню, а часам і ратаваць некага ад смяротнай небяспекі.

    – Ірына Леанідаўна, якім чынам нядобранадзейныя сем’і трапляюць у поле зроку камісіі па справах непаўналетніх?

– Найперш усе звесткі паступаюць у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзе ёсць спецыялісты, якія адказваюць за дадзены кірунак справы. З імі супрацоўнічаюць розныя службы. Падчас рэйдаў і планавых праверак сем’і наведваюць выратавальнікі, прадстаўнікі праваахоўных органаў, мясцовай улады, настаўнікі і медыкі. Паведамляюць таксама і работнікі гандлю, калі заўважаюць, што да аўталаўкі мамы і таты спяшаюцца не па крупы ці малако, а каб алкаголем запасціся. Здараецца, што трывогу пачынаюць біць суседзі, аднавяскоўцы. Нераўнадушныя людзі заўважаюць: дзіця позна гуляе на вуліцы без дарослых, апранута не па сезоне, учыняе дробныя правапарушэнні, яго бацькі часта бываюць у нецвярозым стане. Насцярожанасць выклікаюць сляды пабояў або калі малое выглядае худым, недагледжаным. Гэта сігнал для нас, што неабходна выязджаць і на месцы ва ўсім разбірацца. Зайшоўшы ў дом, у першую чаргу звяртаем увагу на стан пячнога ці газавага ацяплення, электрычную праводку – іх няспраўнасць нясе прамую пагрозу жыццю. Дзяцей у такім выпадку адбіраем, пакуль бацькі не выправяць небяспеку. Потым высвятляем, як тут харчуюцца, ці ёсць патрэбная вопратка, спальныя месцы, стол для заняткаў, канцылярскія прылады, цацкі.

    – А можа нізкія заробкі не дазваляюць чалавеку ўсё гэта забяспечыць?

– Паверце, за шматгадовую працу мы выдатна навучыліся адрозніваць, матэрыяльнымі цяжкасцямі ці гультайствам выклікана пустата ў халадзільніку. Калі каструлі зараслі брудам у палец таўшчынёй, а на газавай пліце павуцінне, то відавочна, што тут і ваду кіпяцяць не кожны дзень. Малазабяспечаным выдаюць “гуманітарку”. Хачу асабліва адзначыць калектыў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – яны нікому не адказваюць у дапамозе. У раёне праводзяцца дабрачынныя акцыі тыпу “Сабяром партфель разам”. У клапатлівых бацькоў нават пры недахопе грошай дзеці будуць акуратна прычэсаныя, апранутыя па сезоне і накормленыя хаця б кашай.

    – Цікава, як часта малыя ўцякаюць ад дрэнных бацькоў? Ці скардзяцца на іх настаўнікам або, напрыклад, старшыні сельвыканкама?

– Вы будзеце здзіўлены, але абяздоленае дзіця любіць сваіх бацькоў-п’яніц, гультаёў, сумуе па іх, імкнецца жыць разам з імі, спачувае ім. Мы гэта ведаем і без важкай прычыны ніколі не забяром дзіця з сям’і. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў – мера надзвычайная і прымяняецца нячаста. Здараецца, што суд не падтрымлівае нашы довады. Літаральна на днях камісіі па справах непаўналетніх было адмоўлена ў такім іску. Калі коратка, то там маці-адзіночка злоўжывала алкаголем, дома ўмоў для выхавання немаўляці не стварыла. Але на судовае пасяджэнне прынесла даведку, што закадзіравалася ад алкагольнай залежнасці, адрамантавала электраправодку і печ. Толькі ці зможа яна трымаць сябе ў рамках і далей? Практыка паказвае: рэцыдывы ў гора-бацькоў здараюцца надзвычай часта. Але будзем спадзявацца…

    – Зараз, калі нядобрасумленныя мамы і таты па законе абавязаны пакрываць расходы ў адносінах да дзяцей, якія знаходзяцца на ўтрыманні дзяржавы, калі ўсё грамадства сочыць за выкананнем бацькоўскіх абавязкаў, можа колькасць нядобранадзейных сямей пачала зніжацца?

– На жаль, гэта не так. Сёння ў раёне налічваюцца 73 сям’і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, 143 непаўналетнія не могуць пахваліцца, што маюць шчаслівае дзяцінства, а 7 малых адабраны ад бацькоў, бо пацверджана, што яны маюць патрэбу ў абароне з боку дзяржавы. Зараз ужо “дынастыі” маем, калі недагледжаныя дзеці павырасталі і гэтак жа дрэнна выконваюць свае бацькоўскія абавязкі.

    – Як Вы да іх ставіцеся, ці верыце ў выпраўленне?

– Нехта і сапраўды варты жалю: нарадзіўся з псіхічнымі адхіленнямі, не атрымаў у маленстве ласкі і належнага выхавання. Людзі з такім вось “багажом” становяцца бацькамі. А вось той, хто страціў чалавечы воблік па прычыне п’янства, шкадавання не выклікае.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars