Расплата за аварыю

Культура

Пасля першага курса Вольга адбывала практыку ў вёсцы. Думала, што там давядзецца сумаваць, але памылілася. Цэлыя два мужчынскія студэнцкія атрады з РТІ, акрэдытаваныя на ўзвядзенне фермы, тут жа сталі ўдзяляць знакі павышанай увагі іх дзявочаму калектыву. Кожны дзень – дыскатэкі, спатканні. А колькі кемлівасці спатрэбілася, каб адначасова сустракацца з двума-трыма хлопцамі і не выдаць сябе! Найпрасцей было “круціць” Юрыкам, камісарам аднаго з атрадаў, выдатнікам і, вядома ж, “батанікам”. У тры гадзіны ночы ён заўсёды чакаў яе ва ўмоўленым месцы і аддана верыў, што раней Вольга выйсці не змагла, бо вельмі ж шмат накапілася справаздач па практыцы…

Юрык аказаўся настойлівым кавалерам і свае заляцанні да Вольгі не кінуў нават пасля канікулаў. Ён ледзь не штодня з’яўляўся ў іх інтэрнат, прыносіў пачастункі, “даставаў” білеты на самыя папулярныя канцэрты і ахвотна выконваў усе капрызы Вольгі. А на іх дзяўчына была мастачка! Часам яе наведвала думка, што здзекавацца над пачуццямі хлопца нельга. Разоў колькі мела намер сказаць, што не кахае яго, што ім трэба расстацца, але варта было толькі зазірнуць яму ў вочы, як балючыя словы самі сабой знікалі.

Неяк пасля выхадных Юрык прывёз з дому многа самых розных вясельных прысмакаў – сястра выйшла замуж. Суседкі Вольгі па пакоі накрылі стол, пачалі частавацца. Юрык, моцна стомлены, гаварыў і еў мала, а хутка і зусім заснуў, прыпаўшы галавой да тумбачкі. Дзяўчаты спрабавалі яго разбудзіць, ён шчыра імкнуўся гэтаму паддацца, але малады сон канчаткова адключыў яго свядомасць. Юрык так і праспаў апрануты на вузкім ложку, цесна прытуліўшыся да Вольгі.

– Ну, усё, Вольга! – кпілі суседкі па пакоі. – Цяпер Юра, як сумленны чалавек, проста абавязаны з табой ажаніцца…

– Яшчэ што выдумайце! Мы з ім і не цалаваліся нават!.. Ды і не кахаю я яго.

Недзе праз месяц Юра не прыйшоў у госці, а прыехаў: бацька даверыў яму сваю легкавушку. Парачка трохі пакаталася па горадзе, а потым выехалі ў чыстае поле, і Юра пачаў даваць Вользе ўрокі кіравання. Кемлівая дзяўчына даволі хутка ўвайшла ў курс справы. А аднойчы ўгаварыла Юрыка дазволіць ёй пакатацца па асфальтаванай дарозе. Хвалявалася, але ехала нядрэнна. І толькі калі наперадзе ўзнікла развілка, запытала: “А куды паварочваць, налева ці направа?”

– Куды хочаш, без розніцы, – адказаў закаханы “інструктар”. Не атрымаўшы дакладнага накірунку, Вольга паехала прама…

На невялікай хуткасці ўдар аказаўся не моцным, але такім недарэчным! Заўсёды спакойны Юрык, усвядоміўшы, што здарылася, разгневаўся і на сябе, і на Вольгу. Не здолеўшы суладаць з эмоцыямі, ён абрушыў на дзяўчыну цэлы шквал гневу:

– Куды цябе паперла! Ты што, дарогі не бачыла?

– Дык я ж пыталася ў цябе, як ехаць! Я б абавязкова скіравала, а без падказкі разгубілася…

– Ты дурніца, ты нават не ўяўляеш, якая ты дурніца!

Абразу Вольга сцярпець не змагла і з усяго размаху ўляпіла Юрыку звонкую аплявуху. Ударыла і спалохалася: шчака ў Юрыка аказалася такой безабароннай, мяккай. Вочы ў хлопца гнеўна ўспыхнулі, на нейкі міг Вользе падалося, што ён гатоў ударыць, дзяўчына войкнула і ад страху закрыла твар рукамі. Юрык, да гэтага моманту сарамлівы «батанік», рэзка і рашуча тузануў яе за плечы і моцна прыпаў гарачымі вуснамі да яе вуснаў. Пацалунак быў такім неспадзяваным, што Вольга паспела толькі цяжка выдыхнуць і адчуць, як перапляліся іх дыханні, губы.

Яны цалаваліся доўга і ўтрапёна, забыліся аб усім на свеце і не было той сілы, якая б змусіла іх адарвацца адно ад аднаго.

– А ты класна цалуешся! – сказала Вольга. – Прызнавайся, з кім вучыўся!

– Не паверыш! Гэта першы сапраўдны пацалунак. Раней, аказваецца, было проста прыцісканне ротавых поласцей…

Вольга і Юрый доўга смяяліся з такога прызнання, потым выйшлі з машыны, агледзелі пашкоджанні. “Пакрыўлены бампер, трэснула фара! Нічога страшнага, адрамантую!” – запэўніў хлопец, сеў за руль, і яны паехалі ў горад.

Дзяўчына тайком назірала за сябрам: “А ён прыгожы! І рукі ў яго вунь якія дужыя, упэўненыя, так і цягне на іх абаперціся, ці хоць датыкнуцца. Але ж які ён усё-такі гад! Мець такія цудоўныя вусны і так доўга хаваць іх! Няхай толькі давязе мяне да інтэрната, а там усядземся на заднім сядзенні і зноў будзем цалавацца!”

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий