Вялікія дажджы нарабілі бяды

Общество

На мінулым тыдні свой чарговы прыём грамадзян у райвыканкаме правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. За дзве гадзіны прамога дыялога да народнага абранніка звярнуліся 10 чалавек.

Больш за ўсё пытанняў было да камунальнай службы. Таму нездарма на прыёме ў дэпутата прысутнічалі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Анатолій Ядулаевіч Аліеў і кіраўнік гэтай службы ў раёне Міхаіл Міхайлавіч Унучак.

Так, жыхарка шматпавярховага дома па вуліцы Міру райцэнтра скардзілася на павышаную вільготнасць у кватэры і нізкую тэмпературу ў двух пакоях. Каб дэталёва высветліць становішча, М. М. Унучак асабіста выехаў на месца. У кватэры ў той дзень быў +21 градус, аднак на вуліцы таксама было досыць цёпла. Сырасць назіралася ля акон, але працяканне нідзе не выяўлена. Як вынік, адна з галоўных прычын – няякасныя шклопакеты. Таксама Міхаіл Міхайлавіч параіў не толькі гаспадыні кватэры, але і ўсім, хто ўстанавіў сучасныя вокны, часцей праветрываць памяшканне – гэта дасць магчымасць пазбегнуць вільготнасці. А вось нізкая тэмпература ў пакоях можа назірацца з-за прамярзання сцяны, што дакладна будзе ўстаноўлена толькі, калі на дварэ стане мінус 5-7 градусаў.

Вельмі занепакоены затапленнем падвала жыхары дома № 6а па вуліцы Партызанскай райцэнтра. На наступны дзень камунальнікі ваду адпампавалі, але праблема па-ранейшаму застаецца адкрытай. З-за вялікай колькасці ападкаў сёлета рэзка ўзняўся ўзровень грунтовых водаў, таму ў раёне падтоплены многія шматпавярхоўкі, асабліва новабудоўлі па вуліцы Савецкай у Валожыне і ў вёсцы Паморшчына Ракаўскага сельсавета. Як варыянт вырашэння праблемы ў доме № 6а будзе прапрацоўвацца пытанне па праектаванні ў 2018 годзе дрэнажнай сістэмы, на што, па папярэдніх падліках, неабходна звыш 150 тысяч рублёў.

Карыстаючыся магчымасцю, дэпутат пацікавіўся ў кіраўніцтва камунальнай службы, ці пастаўлена кропка ў звароце шматдзетнай матулі, якая занепакоена недапрацоўкамі забудоўшчыкаў – цвіль у новай кватэры прынесла шмат нязручнасцей сям’і. У вырашэнні былі задзейнічаны многія службы: да іх гонару, праблема, нарэшце, вырашылася.

Нараканні, асабліва ў дачнікаў, выклікае аплата за вываз цвёрдых камунальных адходаў. Людзі не разумеюць, чаму яны павінны плаціць двойчы: налічэнні выстаўлены ў жыроўцы і за гарадскую кватэру, і ў квітку на дом у вёсцы, хаця не з усімі ўласнікамі заключаны адпаведныя дагаворы. І. С. Маркевіч адзначыў, што разбірацца ва ўсім трэба на ўзроўні Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каб гэту норму прадугледзець на заканадаўчым узроўні.

Ніяк не могуць прыйсці да паразумення з падзелам зямельных межаў дачнік і сусед з вёскі Улазавічы. Паміж іх участкамі выкапаны роў для сцёку вады, і ніводзін не жадае, каб ён прымыкаў менавіта да яго зямельнага надзела. Дэпутат патлумачыў, што ўлада не можа прымірыць суседзяў – камусьці з іх усё-такі давядзецца пайсці насустрач, каб у далейшым жыць у згодзе. Тым больш, што адзін з уласнікаў ужо аформіў дакументы на ўчастак згодна з заканадаўствам. Дачніку ж таксама прапанавана звярнуцца ў праектны інстытут, які займаецца ўстанаўленнем зямельных межаў на мясцовасці.

Да колішняга кіраўніка гаспадаркі, а цяпер – прадстаўніка ў заканадаўчым органе ўлады краіны, звярнулася былая даярка: яна незадаволена памерам налічанай пенсіі. У размове Іван Станіслававіч падкрэсліў, што падчас яго старшынства жанчына была самай сумленнай і адказнай работніцай, і даў даручэнне ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі, а пры неабходнасці – звярнуцца да цяперашняга кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, каб матэрыяльна падтрымалі сваіх ветэранаў працы. Людзі, якія ўсе жыццё аддалі нялёгкай рабоце ў сельскай гаспадарцы, не павінны быць пакрыўджанымі: яны заслугоўваюць не толькі пашаны, але і годнага пенсійнага забеспячэння.

Падчас правядзення прыёму грамадзян да дэпутата паступілі яшчэ тры звароты аб садзейнічанні ў працаўладкаванні, узнімаліся пытанні асабістага характару.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий