Амерыканцы з валожынскімі каранямі жывуць на Манхэтэне

Люди и судьбы

Вуліцы Нью-Ёрка ўпрыгожаны помнікамі і скульптурнымі кампазіцыямі. Адной з такіх з’яўляецца «Водная Трылогія» Рона Мелмана. Яна ўстаноўлена ў 1986 годзе ў Манхэтэне. Гэты своеасаблівы фантан зроблены са светлага граніту, раздзеленага ў некаторых месцах праслойкамі шкла. Водныя патокі сцякаюць па скульптуры ў розных накірунках, трапляючы ў невялікі басейн, у якім і размешчана ўся кампазіцыя.

“Водная Трылогія» была заказана Рону Мелману Джэкам і Льюісам Рудзінымі – прадстаўнікамі вядомай нью-ёркскай дынастыі будаўнікоў і ўладальнікаў нерухомасці.

Дарэчы будзе сказаць некалькі слоў пра гэта сямейства. Усе пачалося з Валожына.  У 80-ыя гады XIX стагоддзя адсюль, як і з іншых мясцін мяжы аседласці Расійскай імперыі, пацягнуліся яўрэі ў Амерыку, ратуючыся ад магчымых пагромаў.

Валожынскія Рудзіны з’явіліся ў Нью-Ёрку ў 1888 годзе. Пасяліліся яны ў манхэтэнскім раёне. У 1902 годзе бацька Сэмюэла Рудзіна – заснавальніка дынастыі знакамітых прадпрымальнікаў – купіў дом у раёне Іст 54-ай вуліцы. Пазней Сэмюэл запытаўся ў свайго бацькі, чаму ён купіў дом так далёка ад таго месца, дзе яны ўсе тады жылі, і атрымаў просты адказ: «Калі гэта добра для Ракфелера, то нядрэнна і для мяне!»

Ён наказаў сыну ніколі гэты дом не прадаваць, а, наадварот, імкнуцца набываць нерухомасць вакол яго. На працягу наступных ста гадоў сыны і ўнукі Сэмюэла выконвалі яго наказ і ў выніку сталі аднымі з буйнейшых уласнікаў нерухомасці ў Манхэтэне. Першы крок да фінансавага поспеху быў зроблены тады, калі, пазычыўшы грошы ў  сваякоў, Сэмюэл купіў лесапілку ў Вестчэстэры, а затым пабудаваў шасціпавярховы жылы дом на Бэнсан-стрыт у Манхэтэне. Гэта быў адзін з першых дамоў у Нью-Ёрку, у якім быў ліфт. Праз некаторы час ён пабудаваў яшчэ два жылыя дамы, дзе выраслі яго сыны Льюіс і Джэк, якім у спадчыну перайшла кампанія.

Пасля Другой сусветнай вайны Рудзіны пачалі актыўна будавацца на Манхэтэне і ўжо да сярэдзіны 50-ых гадоў узвялі свой першы офісны білдынг на Мэдысан-авеню. Да цяперашняга часу  яны пабудавалі  больш  за дваццаць вялікіх жылых дамоў і паўтара дзесятка офісных будынкаў, у тым ліку і 44-павярховы небаскроб на вугле Іст 51-ай вуліцы і Парк-авеню, дзе знаходзіцца адзін з філіялаў кампаніі, якой Льюіс Рудзін кіраваў да 2001 года. Цяпер кампанію ўзначальвае сын Льюіса Уільям Рудзін.

«Водная Трылогія» з’яўляецца толькі адным з нямногіх скульптурных твораў, якія ўпрыгожваюць вуліцы Нью-Ёрка, і выкананы па заказу розных прадстаўнікоў сям’і Рудзіных, продкі якіх маюць валожынскія карані.



Добавить комментарий