Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

    З 14 кастрычніка ў ДУА “Ракаўская дзіцячая школа мастацтваў” новы дырэктар. Ім прызначаны Павел Анатольевіч Дварэцкі, які да гэтага працаваў у школе выкладчыкам па класе трамбона.

П. А. Дварэцкі мае спецыяльную вышэйшую адукацыю, дзесяць гадоў выкладчыцкай практыкі. Хочацца спадзявацца, што пры ім традыцыі і набыткі школы толькі прымножацца, а ўсе ранейшыя праекты будуць працягвацца і далей.

     У суботу 15 кастрычніка гасцямі жыхароў вёскі Дубіна сталі ўдзельнікі клуба “Кола” з Маладзечна (кіраўнік Вольга Трубач). Гэтыя людзі захапляюцца старадаўнімі беларускімі песнямі і танцамі. Аднак для большасці такое шматгадовае захапленне – хобі. Менавіта яны сталі ініцыятарамі “Ночы танцаў”, што праходзіць у нашым раёне на аграсядзібе Васіля Грыня.

Пасля канцэрта з нагоды Дня маці, падрыхтаванага сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці мясцовага сельскага клуба, госці давалі майстар-клас па танцах “Млын”, “Полька”, “Кракавяк”. З задавальненнем прымалі ўдзел у ім самыя юныя жыхары Дубіны і самыя сталыя – удзельніцы аб’яднання “Бацькаўшчына”. Прыемна было бачыць, як народная музыка, танцы аб’ядноўваюць людзей, збліжаюць пакаленні. У сваю чаргу госці з Маладзечна шмат цікавага даведаліся ад удзельніц аб’яднання, паехалі з жаданнем вярнуцца ў Дубіну яшчэ не раз.

 

    Самадзейныя артысты Івянецкага гарпасялковага дома культуры з праграмай, прысвечанай Дню маці, выступілі 18 кастрычніка ў Суднікаўскім сельскім клубе.

Жыхары вёскі цёпла віталі гасцей, асабліва шмат апладысментаў дасталося самым юным івянецкім талентам.

 

      53-гадовы жыхар вёскі Пагарэлка, рабочы Івянецкага “Івкона” Тадэвуш Жалток – вядомы ў нашай краіне марафонец. Лёгкаатлет не проста з правінцыі, а з сельскай глыбінкі на працягу апошніх 11 стартаў у сваёй узроставай групе нікому з сапернікаў не пакінуў шанцаў на перамогу.

На спаборніцтвах у аграгарадку Языль, якія праходзілі 14 кастрычніка, на дыстанцыі 10000 метраў ва ўзроставай групе спартсменаў, старэйшых за 50 гадоў, наш зямляк заняў першае месца. Напярэдадні ён прымаў удзел у забегу на марафонскую дыстанцыю на спаборніцтвах, якія праходзілі ў Кіеве, дзе таксама святкаваў перамогу ў сваёй узроставай групе.

 

     У Івянецкім доме культуры ў выхадныя дні жадаючыя могуць займацца харэаграфіяй і пілатэсам. Для дзяцей адкрыты тры групы: 4-6, 6-8 і 8-11 гадоў.

Заняткі праводзіць выхаванка І. В. Ляшчынскага Надзея Сідаровіч, якая шмат гадоў прафесіянальна займалася танцамі. Пробныя заняткі педагог правяла бясплатна. Для маладых дзяўчат і жанчын, што сочаць за сваёй фігурай, арганізаваны заняткі пілатэсам.



Добавить комментарий