Тэлефон міліцыі – 102

ШЫРОКАЕ КОЛА

ЗЛАДЗЕЙСКІХ ІНТАРЭСАЎ

     Сталічных жыхароў, якія ўсё жыццё адпрацавалі на ніве культуры, маюць высокія пасады, прывабіла сваёй прыгажосцю старажытная вёска Лоск. Але настрой і добрыя ўражанні нядаўна здолеў сапсаваць нячысты на руку чалавек. Пад покрывам ночы ён спачатку пранік у дом да аднаго дачніка, дзе “разжыўся” тэлевізарам, а потым пабываў на суседнім участку, дзе яму прыглянуўся DVD-прайгравальнік. Вось толькі злодзей не разлічваў, што ў міліцыі хопіць умення і прафесіяналізму хутка яго адшукаць: хапуга не паспеў нават пакарыстацца ўкрадзенай маёмасцю, як быў арыштаваны і зараз знаходзіцца за кратамі.

Гэтак жа аператыўна прайшло расследаванне па факце знікнення тэлефона ў жыхара Забрэззя. Устаноўлена, што малады мужчына 1993 года нараджэння без ведама гаспадара пабываў у чужой кватэры і забраў сродак мабільнай сувязі.

А вось жыхарка райцэнтра сама запрасіла злодзея ў госці. Пасля візіту пацярпелая выявіла прапажу грошай і вымушана была звярнуцца за дапамогай у міліцыю. Па гарачых слядах супрацоўнікі праваахоўных органаў адшукалі і злачынца, і грошы.

Самы значны крадзеж адбыўся ў пасёлку Першамайскі. Сума ўрону там ацэнена ў 4700 рублёў. Менавіта столькі каштавала гаспадару агароджа з металапрофілю. Невядомыя асобы здолелі панесці 280 метраў профільных лістоў і 180 метраў профільных трубаў. Калі ёсць людзі, якім што-небудзь вядома аб дадзеным факце, то просьба паведаміць у міліцыю.

Вядуцца пошукі зламысніка, які абакраў пенсіянерку са Слайкоўшчыны. Жанчына захоўвала немалую суму грошай у пашпарце. Відаць, “распухлы” дакумент, што ляжаў на стале, і прывабіў злачынца.

Пацярпелы жыхар вёскі Люташ таксама панёс значныя траты: з яго падворка зладзеі ўкралі мангал коштам 700 рублёў.

 

ЗАГУБІЛА ЛЮБОЎ ДА ПІВА

    17 кастрычніка ва ўніверсаме “Ракаўскі” адбыўся адкрыты грабеж. І хоць у выніку “налёту” вялікага ўрону гандлёвай кропцы не нанесена, рабаўнік арыштаваны і яму пагражае рэальнае пазбаўленне волі на працяглы тэрмін.

Справа разгортвалася наступным чынам: пакупнік зайшоў у магазін, узяў дзве бутэлькі піва, адну выпіў, а другую паклаў за пазуху. Калі прадаўцы зрабілі яму заўвагу і папрасілі разлічыцца, мужчына і прыхаваную паўлітроўку асушыў у імгненне вока. Плаціць ён і не збіраўся…

ЧУЖЫЯ “ЖЫГУЛІ”

ДА ТУРМЫ ПРЫВЯЛІ

     У Подберазі затрыманы і адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрымання жыхар Смаргонскага раёна, які 12 кастрычніка з аўтамабіля “ВАЗ-2101”, прыпаркаванага на вясковай вуліцы, скраў акумулятар імпартнай вытворчасці.

Пакуль злодзей знаходзіўся за кратамі, праваахоўнікі ўстанавілі і даказалі, што на яго сумленні ёсць і больш цяжкія праступкі. Так, на наступны дзень пасля крадзяжу ён учыніў угон легкавушкі маркі “Жыгулі”. Патрыманую “капейку” мужчына заўважыў каля мясцовай піларамы і скарыстаўся ёй для паездкі. Гаспадару, праўда, пра свае планы паведамляць не стаў.

 

БАЙЦОЎСКІ РЫНГ У МАГАЗІНЕ

     Малады мужчына, які з хуліганскіх намераў распачаў бойку ў магазіне “Мерыдыян”, што размяшчаецца ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра, панясе крымінальную адказнасць.

На вачах наведвальнікаў і прадаўцоў ён некалькі разоў ударыў нагамі і рукамі немаладога грамадзяніна па тулаве. У выніку на целе пацярпелага засталіся сляды пабояў. Устаноўлена, што дэбашыр знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, а гэта толькі абцяжарвае яго віну.

 

ДА ЧАГО ДАВЁЎ ПРАГРЭС

     У Багданаве зафіксавана злачынства, распрацаванае пры дапамозе сучасных тэхналогій.

Мясцовая жыхарка патэлефанавала ў РАУС і паведаміла, што яе персанальны камп’ютар заблакіраваны, а для разблакіроўкі неабходна перавесці на чужы электронны кашалёк вялікую суму грошай. Па факце віртуальнага махлярства ўзбуджана крымінальная справа.

 

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars