Электронная чарга дайшла да Валожына

Общество

Больш за два тыдні кліенты ЦБП № 514 у г. Валожыне Рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” абслугоўваюцца пры дапамозе электроннай чаргі.

Як адзначыў кіраўнік установы Віктар Зянонавіч Падгайскі, гэта праграмна-апаратны комплекс, які дазваляе фармалізаваць і аптымізаваць упраўленне патокам наведвальнікаў. Галоўная задача сістэмы – мэтанакіраванае размеркаванне карыстальнікаў банкаўскіх паслуг між спецыялістамі па розных кірунках.

Гэты сэрвіс даўно “прыжыўся” ў многіх, у тым ліку банкаўскіх, установах сталіцы і абласных цэнтраў. Надышоў час укараняць карыснае пачынанне ў малых гарадах. У пачатку кастрычніка цэнтральны офіс Белаграпрамбанка зрабіў шыкоўны падарунак некаторым сваім структурным падраздзяленням у раённых цэнтрах. Пашанцавала і ЦБП № 514. Зараз перш чым накіравацца ў любое з акенцаў (кабінетаў), папярэдне патрэбна ўзяць талон у спецыяльным аўтамаце, што размешчаны пры ўваходзе. На маніторы знаходзіцца некалькі пунктаў меню з відамі банкаўскіх аперацый. Выбраўшы адзін з іх, атрымліваеш нумар чаргі. Далей застаецца толькі чакаць сігналу на табло, які дубліруецца гукам. У гэты час можна пасядзець на канапе і паглядзець тэлевізар. Ёсць таксама бясплатны WiFi. У тым выпадку, калі плануецца здзейсніць не адну аперацыю, неабходна браць некалькі талонаў.

Добра вядомы ў свеце, для валожынцаў такі варыянт чаргі пакуль – навінка. Аднак кожны, хто паспеў наведаць установу па вуліцы Савецкай райцэнтра ў апошні час, пагодзіцца, што вырашаць пытанні з банкам стала прасцей. Палегчылася і праца саміх работнікаў. Начальнік аддзела рознічнага продажу Аляксандр Мікалаевіч Санюковіч пацвердзіў: новая сістэма абслугоўвання прыжылася імгненна. Работнікі асвоілі навыкі абыходжання з ёй за два дні. Кліентам жа дастаткова аднойчы раз сутыкнуцца з ёй, як адразу ўсё становіцца зразумелым. Зручнае новаўвядзенне працуе аўтаномна, не залежыць ад Інтэрнэту, таму збой магчымы толькі ў выпадку, калі адключыцца электрычнасць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий