Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

    З 23 кастрычніка прыступіў да работы новы загадчык раённай паліклінікі. На гэту пасаду прызначаны Аляксандр Аляксандравіч Бурак.

А. А. Бурак у 2012 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, ён урач-кардыёлаг. Апошняе месца работы – Лідская цэнтральная раённая бальніца.

     Наша газета пісала раней, як раённы вузел паштовай сувязі прадаваў насельніцтву зерне новага ўраджаю і адначасова такім чынам вярнуў частку доўгу, што завінавацілі яму сельгаспрадпрыемствы раёна за падпіску перыядычных выданняў.

Усяго паштавікі рэалізавалі каля 40 тон зерня. І жадаючых прыдбаць яго на корм свойскай жывёле яшчэ дастаткова. Цалкам разлічыліся з доўгам КСУП “Падбярэззе”, перадаўшы ў продаж каля 13 тон зерня, і ААТ “Лоск” – каля 10 тон. Не ў поўным аб’ёме разлічыліся ААТ “Багданаўскае” і ААТ “Агра-Вішнеўскі”. Самы вялікі доўг застаўся за КСУП “Сугвазды-агра”.

 

     220 школьнікаў раёна атрымаюць магчымасць аздаравіцца ў лагерах з дзённым знаходжаннем падчас асенніх канікулаў.

На аздараўленчую кампанію з рэспубліканскага фонду выдаткаваны 5 тысяч 16 рублёў, на аднаго вучня ў дзень – 3 рублі 80 капеек. Лагеры будуць працаваць на працягу шасці дзён на базе 12 устаноў адукацыі раёна. У Івянецкай СШ аздараўленне пройдуць 40 вучняў малодшых класаў, у СШ № 1 райцэнтра і Ракаўскай СШ – па 30, у гімназіі № 1 – 25, у астатніх школах – па 10-15 вучняў.

 

     21 кастрычніка ў Мар’інай Горцы прайшоў 14-ы абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.

Дыпломам “За прапаганду творчасці мясцовых аўтараў” узнагароджаны народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка” Івянецкага ГПДК (кіраўнікі С. Бурачэўскі і Т. Аляшэвіч).

 

      На мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы рэспублікі адзначаўся 80-гадовы юбілей старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Іванавіча Чаргінца. запрашэнні прысутнічаць на ўрачыстасці атрымалі кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Валянціна Гіруць-Русакевіч і член Саюза пісьменнікаў Аляксандр Грынкін.

Падчас урачыстай імпрэзы дэманстраваўся дакументальны фільм пра юбіляра, у якога шмат званняў і рэгалій. Генерал-лейтэнант М. І. Чаргінец тры гады ваяваў у Афганістане, 10 гадоў прадстаўляў нашу краіну ў ААН, мае ўрадавыя ўзнагароды Беларусі, Расіі, Афганістана і Югаславіі. У 1998 годзе за дасягненні ў галіне культуры і навукі занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. На яго рахунку больш за 50 мастацкіх твораў, некалькі сцэнарыяў да фільмаў. Сярод віншаванняў ад Прэзідэнта і ўрада, міністэрстваў і ведамстваў не згубілася прыгожа аформленая карзінка з дарамі ад Валожынскай зямлі, што ўручылі нашы землякі. Аляксандр Грынкін прысвяціў гэтай падзеі свой новы верш, які зачытаў са сцэны. Жадаючыя маглі набыць кнігі юбіляра з аўтографам. У канцэртнай праграме выступалі Ядвіга Паплаўская, Алег Елісеенкаў, група “СССР”, іншыя спевакі. папуры са сваіх песень выканаў Эдуард Ханок, ён спецыяльна прыехаў з Масквы.

 

    Першы абласны фестываль-конкурс “Ветэранскі гармонік” сабраў у Рэспубліканскім Доме ветэранаў прадстаўнікоў усіх раёнаў Міншчыны і горада Жодзіна.

Наш раён прадстаўляў жыхар вёскі Ластаянцы Вішнеўскага сельсавета, добра вядомы Яўген Іванавіч Зінкевіч, якога ў народзе трапна ахрысцілі чалавекам-аркестрам. У Мінску ён выканаў са сцэны тры народныя творы, адначасова выкарыстоўваючы чатыры разнастайныя музычныя інструменты. У намінацыі “Арыгінальнасць нумару” яму не было роўных. Дадому самадзейны музыка вярнуўся з чарговай граматай і каштоўным падарункам.

 

     У нядзелю 22 кастрычніка на сцэне раённага Цэнтра культуры ўпершыню выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці Беразінскага СДК суседняга Маладзечанскага раёна.

Прыехалі яны ў Валожын з абменным канцэртам, які назвалі “Добры настрой”. І сапраўды падарылі гледачам добры настрой золкім асеннім днём.

 



Добавить комментарий