Заснавальнік вадзіцельскай дынастыі

заснавальнік

Калі герой аповесці Міхася Лынькова “Міколка-паравоз” мог па гуку распазнаваць цягнікі, то яго шмат маладзейшы цёзка з Белакорца ў дзяцінстве беспамылкова ўгадваў, які аўтамабіль праехаў па вясковай вуліцы.

Вадзіцель Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” Мікалай Уладзіміравіч РУДОВІЧ школу ўспамінае з асаблівай удзячнасцю. У тыя часы існавалі вучэбна-вытворчыя камбінаты, дзе юнакі маглі асвоіць навыкі вадзіцеля і здаць на правы. Зразумела, што Мікалай такую магчымасць не ўпусціў. Сур’ёзна круціць “баранку” пачаў у арміі, дэмабілізаваўся ўжо добрым прафесіяналам. Шмат вады сплыло з той пары…

У 1987 годзе М. У. Рудовіч ажаніўся. Дзяўчына родам з Гомельшчыны была не супраць пераехаць на радзіму мужа. І работа па спецыяльнасці ёй тут адшукалася – медыцынская сястра ў санаторыі “Налібоцкая пушча”. Маладая сям’я пасялілася ў Яцкаве і, як аказалася, назаўсёды. Цяпер, калі да Рудовічаў унукі з горада прыязджаюць, дзядуля і бабуля радуюцца, што жывуць у сасновым лесе, а іх малыя, такія жаданыя госці, дыхаюць гаючым паветрам.

Доўгі час Мікалай Уладзіміравіч лічыў, што сыны Юрый і Дзяніс аднадумцамі яго не з’яўляюцца: не адчувалася ў іх замілаванасці да машын. Хлопцы аказаліся здольнымі да навук, марылі пра вышэйшую адукацыю. А вось вадзіцельства разглядалі толькі як патрабаванне сучаснасці – куды зараз без правоў? Аўтасправа давалася ім лёгка. Нездарма ж тата за руль яшчэ маленькімі садзіў! Скончыўшы ВНУ і атрымаўшы дыпломы, сыны доўга ў офісных работніках не затрымаліся. Як аказалася, заробак маладога спецыяліста далёка не дацягвае да таго, што кожны месяц атрымлівае на рукі бацька. Сыны падумалі ды і прадоўжылі сямейную дынастыю. Старэйшы зараз кіруе шматтоннікам і калясіць па дарогах Еўропы, малодшы працуе вадзіцелем у будаўнічай арганізацыі. Хлеб не лёгкі, але затое не сорамна глянуць у разліковы лісток са звесткамі аб заробку…

Тут варта сказаць некалькі добрых слоў і ў адрас кіраўніка Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” М. І. Радыны. Ён не толькі клапоціцца аб тым, каб раслі эканамічныя паказчыкі прадпрыемства, але і каб кожны член калектыву меў высокія даходы. Безумоўна, грошы неабходна зарабіць. Вадзіцель М. У. Рудовіч за 9 месяцаў праехаў больш за 46 тысяч кіламетраў, перавёз амаль 10000 тон разнастайных грузаў: збожжа, цвёрдае паліва, угнаенне, камбікармы. За шматгадовую працу ніколі не было, каб ён не справіўся з заданнем, змарнаваў час або дапусціў якія іншыя пралікі. Падчас гутаркі Мікалай Уладзіміравіч прызнаўся: “Справу сваю люблю. Ганаруся, што стаў заснавальнікам сямейнай дынастыі. І лічу, што сумленнае стаўленне да даручанай справы – аснова і дабрабыту, і задавальнення…”

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars