Наш клопат – дарога

Общество

У красавіку бягучага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на пасяджэнні па праблеме развіцця дарог паставіў задачу: мясцовая дарожная сетка Беларусі на працягу трох-чатырох гадоў павінна быць прыведзена ў парадак. На некалькі пытанняў аб тым, што робіцца калектывам філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” у дадзеным кірунку, нам адказаў начальнік У. М. Саевіч.

    – Уладзімір Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, аб сённяшнім дні арганізацыі? Якія пытанні на працягу года вырашаны, што знаходзіцца на кантролі?

– Галоўная наша задача – годнае ўтрыманне і своечасовы рамонт дарог на ўчастках, за якія нясём адказнасць. Гэта 1280 кіламетраў вуліц і дарог – адна з буйнейшых сетак у рэспубліцы. Па ёй павінен быць забяспечаны бесперапынны праезд. Зараз кожнае звяно філіяла працягвае працаваць над праграмай 2017 года. Мы завяршылі капітальны рамонт аб’екта “Радашковічы-Ракаў”. Што тычыцца бягучых рамонтаў – асвоена каля 100% сродкаў, якія выдаткаваны дзяржавай. Сярод найбольш значных работ – рамонт моста ў вёсцы Выганічы, устаноўка аўтапавільёнаў і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол іх у вёсках Філіпіняты і Русакі, добраўпарадкаванне стаянкі ў вёсцы Янішкі, асфальтаванне вуліцы і абсталяванне прыпыначнага пункта ў вёсцы Суднікі. Выканана асфальтаванне і часткова паверхнева апрацавана аўтадарога “Шараі-Доры-Сугвазды”, укладзены слой асфальтабетону ад райцэнтра да шашы М-7, паверхневая апрацоўка праведзена і на ўчастку дарогі на пад’ездзе да Ракава. Закончаны рамонтныя работы ў вёсцы Паморшчына. Сёння працуем на тэрыторыі РАУС, вось-вось распачнём рамонтныя работы на тэрыторыі станцыі Багданаў. У планах на лістапад – веладарожка ад санаторыя “Іслач” да Ракава.

    – Акрамя планавых работ, чым яшчэ займаецца калектыў, як зарабляеце грошы?

– Мы актыўна прапаноўваем свае паслугі, удзельнічаем у тэндарах. Дзве брыгады тры месяцы выконвалі ўкладку асфальтабетону і аздабленне пешаходных дарожак у Калодзішчах. Нашы работнікі і тэхніка працавалі на рамонце аўтадарогі “Радашковічы-Аляхновічы-Гарадок” і ў вёсцы Шаршуны Мінскага раёна. У бягучым годзе філіял выйграў тэндар на пастаўку сумесей падабранага саставу на рэканструкцыю аўтадарогі “Мінск-Гродна”.

    – Наколькі вашай працы перашкаджае ці дапамагае надвор’е? Як ажыццяўляецца догляд за дарогамі?

– Надвор’е – такі фактар, што можа работу замарудзіць. Але, калі б мы звярталі ўвагу на дождж, снег, туман, дарожная сетка прыйшла ў заняпад. Безумоўна, наша пара – лета – час, калі можам зарабіць. Зімой жа ў асноўным адказваем за ўтрыманне дарог і вуліц – чысцім, пасыпаем. Дарэчы, наша работа лічыцца якаснай, калі людзі яе не заўважаюць. Калі ж машыну кідае з ямы ў яму, вакол смецце, пустазелле – на такое звернеш увагу супраць волі. Шмат клопату з абкошваннем. Гэта працаёмкая работа, аднак спраўляемся. Працуем з гравійнымі дарогамі. Для правядзення прафіліроўкі маем восем грэйдараў. Ямачны рамонт – таксама наш клопат. У асноўным выкарыстоўваем струменева-ін’екцыйны метад. Набылі дзве ўстаноўкі “Тайфун”. У выніку – стала прасцей. Штодзённа, не зважаючы на капрызы нябеснай канцылярыі, работнікі філіяла заступаюць на розныя ўчасткі, каб жыхары раёна маглі спакойна праехаць па неабходным маршруце. У нас вялікі дружны калектыў. Хто хоча і можа працаваць, мае магчымасць зарабіць нядрэнныя грошы. Дарэчы, тэмп росту заработнай платы ў філіяле складае 156%. Мы ганарымся, што цякучасць кадраў у нас мінімальная. Прафесіяналізм такіх майстроў сваёй справы, як Дзмітрый Віктаравіч Князеў, Іван Іванавіч Галоўчыц, Сяргей Алегавіч Вількоўскі, Ігар Іванавіч Махіна дазваляе з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень. Напярэдадні прафесійнага свята адміністрацыя і прафкам прадпрыемства выступілі з хадайніцтвам перад генеральным дырэктарам КУП “Мінскаблдарбуд” Д. А. Сцяпанавым аб узнагароджанні некаторых работнікаў філіяла. У выніку Ганаровымі граматамі будуць адзначаны дарожны майстар Таццяна Іванаўна Русовіч і вадзіцель Раман Фёдаравіч Бычкоўскі. Падзякі атрымаюць трактарысты Аляксандр Уладзіміравіч Гомель і Іван Генадзьевіч Кербедзь.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий