Падабраць вакансію і пахадайнічаць за растэрміноўку

Общество

Такія просьбы прагучалі ў зваротах заяўнікаў да міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча КАРПЕНКІ ў час асабістага прыёму грамадзян, які кіраўнік ведамства правёў на Валожыншчыне ў мінулую пятніцу.

Мерапрыемства праходзіла ў раённым выканаўчым камітэце. Першай да міністра зайшла маладая настаўніца фізікі і матэматыкі адной са школ горада. Сутнасць яе праблемы заключаецца ў тым, што мужа – ваеннага – накіравалі служыць у сталічную воінскую часць, а яна пакуль не можа паехаць да яго. І справа не ў тым, што педагога «не адпускаюць» з раёна. Папросту яна не змагла знайсці вакансію дзесьці бліжэй да абранніка і, пачуўшы пра маючы адбыцца прыём, вырашыла наведацца са сваёй праблемай да Ігара Васільевіча. Той з разуменнем аднёсся да просьбы дапамагчы працаўладкавацца і тут жа даў даручэне абласному ўпраўленню адукацыі падабраць магчымыя аптымальныя варыянты. І. В. Карпенка таксама разважыў спецыяліста наконт ваганняў у выбары выкладання профільнага прадмета: не той, дык другі можна весці ў выглядзе факультатыўных заняткаў.

Яшчэ адзін настаўнік звярнуўся да міністра па жыллёвым пытанні, якое не можа вырашыць дастаткова даўно. Справа заключаецца ў рашэнні кіраўніка адной з гаспадарак раёна прадаць сям’і дабудаваны імі ж дом з максімальна сціслай растэрміноўкай плацяжоў. Сума, якую неабходна пагашаць штомесяц, аказалася непад’ёмнай для сямейнага бюджэту. А таму педагог папрасіла міністра адукацыі пахадайнічаць перад сельскагаспадарчай структурай аб павелічэнні тэрміну пагашэння растэрміноўкі і вылічыць з агульнага кошту фізічна панесеныя расходы. Уважліва выслухаўшы жанчыну, Ігар Васільевіч пацікавіўся дэталямі гэтага, прама скажам, несправядлівага дагавору і зазначыў, што ў праве сям’і было звярнуцца ў суд, каб абскардзіць памер выстаўленай «пазыкі». А таксама паабяцаў сваю падтрымку ў вырашэнні агучанай няпростай жыццёвай сітуацыі.

Пасля таго, як прыём грамадзян завяршыўся, кіраўнік Міністэрства адукацыі адказаў на некаторыя пытанні журналістаў. У прыватнасці, ён адзначыў, што гімназіі як від навучальных  устаноў захаваюцца. Як і звычайныя школы, яны будуць рэалізоўваць праграму пачатковай і базавай адукацыі. Набор у іх будзе ажыццяўляцца па тэрытарыяльным прынцыпе – для захавання роўнадаступнасці навучання. А вось дзевяцікласнікі ўжо змогуць самі зрабіць свядомы выбар у неабходнасці далейшага паглыбленага вывучэння прадметаў на павышаным узроўні — гэта будзе даступна ў 10-х і 11-х класах. Таму традыцыйныя ўступныя іспыты ў 5-я класы гімназій адменяць, замест гэтага адбор прапануецца ажыццяўляць па выніках атэстацыі за курс базавай школы. Па меркаванні І. В. Карпенкі, такі крок у сістэме адукацыі будзе зроблены ўжо ў наступным годзе. Ліцэі таксама ніхто не будзе скарачаць. Такія ўстановы, хутчэй за ўсё, пяройдуць у адзіны статус прафесіянальных каледжаў. Змены чакаюцца і ў працоўным навучанні. Па словах міністра, старшакласнікам прапануюць праходзіць навучанне ў сістэме прафтэхадукацыі, што дазволіць дадаткова асвойваць пэўную прафесію, а гэтыя гадзіны будуць улічаны пры ўмове далейшага навучання па профілі.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий