Івянецкая птушка

Общество

Такую назву займеў колішні Івянецкі племптушказавод.

Больш за год івянецкія вытворцы з’яўляліся ўласнасцю ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”. Напрыканцы кастрычніка сталі асобным прадпрыемствам – ТАА “Івянецкая птушка”, а ранейшыя гаспадары засталіся заснавальнікамі.

Самае галоўнае, што яны гатовы ўкладваць сродкі ў развіццё птушкагадоўлі і для гэтага актыўна шукаюць інвестараў. У прыватнасці, зусім нядаўна тут упершыню пабывалі замежныя спецыялісты ў гэтай галіне з Літвы і Польшчы, якія агледзелі пляцоўкі і дэталёва вывучалі ўмовы развіцця бізнесу на івянецкай зямлі. Застаецца спадзявацца, што дзелавое супрацоўніцтва будзе мець працяг. Тым больш, што і заснавальнікі, і цяперашняе кіраўніцтва не сядзяць на месцы.

Як адзначыў дырэктар ТАА “Івянецкая птушка” Анатолій Анатольевіч Шыроцкі, да 1 лістапада плануецца ажыццявіць пуск новага газаразмеркавальнага вузла высокага ціску ШРП, ад якога ў далейшым можна будзе падводзіць газ да ўсіх птушнікаў. Напрыклад, пяць гадоў таму на прадпрыемстве размяшчаліся 5 птушнікаў, дзе ўтрымлівалася больш за 70 тысяч курэй. На сённяшні дзень дзейнічаюць два з пагалоўем у 24 тысячы. Год таму з’явіліся новыя пасяленцы сямейства курыных – фазаны. Зараз іх налічваецца 1700 галоў: тавар карыстаецца попытам у паляўнічых гаспадарак, а яйкі, што яны нясуць толькі на працягу двух месяцаў за год, у далейшым ідуць на інкубатар.

Планы ў івянецкіх птушкаводаў вялікія: пры спрыяльным вырашэнні пытанняў з інвестарамі тут збіраюцца размясціць бацькоўскае стада бройлераў, вырошчваць на продаж сутачных куранят і маладняк курэй-нясушак, а таксама заняцца вытворчасцю экаяйка – экалагічна чысты прадукт атрымліваецца ў выніку ўтрымання курэй “дзедаўскім” метадам, калі куры ходзяць па волі і ўжываюць у корм зерне.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий