Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

     У бягучым месяцы стаў здзяйсняцца сумесны праект РУП “Белпошта” і “ГіперМол”. Цяпер праз сельскія паштовыя аддзяленні сувязі можна заказваць прадуктовыя наборы з “ГіперМола”.

Мінімальная сума тавару павінна быць 30 рублёў. Даставяць “пасылкі” кліенту хутка і аператыўна. Першыя чатыры арганізаваныя кліенты з’явіліся ў аддзяленні паштовай сувязі “Сівіца”. У залежнасці ад колькасці прыцягнутых кліентаў “ГіперМол” паабяцаў узнагароду паштовым работнікам. У жыхароў сельскіх населеных пунктаў з’явілася магчымасць атрымліваць самыя разнастайныя прадукты з дастаўкай на дом. Дарэчы, самастойна ўжо асвоілі дастаўку “ГіперМол” жыхары ў райцэнтры, Івянцы, Гародзьках.

 

     З 6 кастрычніка па 15 лістапада ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры працуе выстава “Героі выходзяць з ценю”. На ёй прадстаўлены 29 графічных работ, якія адлюстроўваюць адзін з найбольш трагічных момантаў гісторыі Беларусі – Варшаўскі сойм 1773 года, на якім карумпіраваныя паслы, сенатары і міністры ўзаконілі першы падзел Беларусі і Польшчы.

Выстава прысвечана памяці выбітных дзеячаў беларускай гісторыі ХVІІІ стагоддзя, сярод якіх быў ураджэнец івянецкай зямлі Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі (1751-1817 гг.). Цэнтральнымі асобамі тых падзей сталі паслы-беларусы – ураджэнцы Навагрудка Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак, а таксама пасол з Міншчыны Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі, якія мужна выступілі ў абарону Бацькаўшчыны. З маладых гадоў С. Багушэвіч-Мінькоўскі меў шчырае сэрца, на ўсё жыццё захаваў адданасць роднай зямлі. Доўгі час ён выконваў функцыі ўрадніка Мінскага ваяводства. Быў ганаровым грамадзянінам Мінска. Але пахаваны разам з братам у Івянцы, у сутарэннях францішканскага касцёла. Выстава носіць асветніцкі характар і расказвае пра людзей, чые імёны яшчэ мала вядомыя шырокаму колу беларусаў. Яна суправаджаецца дэманстрацыяй дакументальнага фільма “Тадэвуш Рэйтан. Беларускі Дон-Кіхот”. Куратары і аўтары работ – Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін.

 

      У Маладзечне прайшлі занальныя спаборніцтвы Клуба вясёлых і знаходлівых на тэму “Асенні марафон”. Членамі каманд Вілейскага, Маладзечанскага, Мядзельскага і нашага раёнаў былі хлопчыкі і дзяўчынкі з групы “рызыкі”.

У склад журы была запрошана педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Міхайлаўна Кірасірава. Наш раён прадстаўляла каманда “Дынаміт” СШ № 2 райцэнтра ў складзе васьмі вучняў 7-8 класаў. Рыхтавала сваіх падапечных да спаборніцтваў настаўніца фізікі Ёана Смолка. Каманда заняла другое месца, прапусціўшы наперад толькі гаспадароў-маладзечанцаў, якія і будуць прадстаўляць нашу зону на фінальных гульнях.

З 24 кастрычніка па13 лістапада на санаторна-аздараўленчай змене ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” знаходзяцца вучаніца 8 класа гімназіі № 1 райцэнтра Арына Крэйніс і вучаніца 7 “Б” класа Івянецкай сярэдняй школы Аліна Княжэвіч. Дзяўчынкі адзначаны пуцёўкамі за высокія паказчыкі ў вучобе і грамадскай рабоце.

 

4 лістапада ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі будзе святкавацца дзень нараджэння васьмігадовага хлопчыка. Другі год запар работнікі ўстановы аказваюць такую платную паслугу.

Для правядзення ўрачыстасці прадастаўляюць святочна аформленае памяшканне, культурна-забаўляльную праграму з разнастайнымі конкурсамі, па жаданні гасцям робяць аквагрым. Аплата не абцяжарвае бацькоўскі кашалёк. Аднак не ў кожнай гарадской кватэры дастаткова месца, каб вялікая дзіцячая кампанія магла павесяліцца, патанцаваць і пагуляць у рухавыя гульні. Усё больш бацькоў гэта разумеюць і звяртаюцца ў цэнтр творчасці.

 

     У Смаргоні прайшоў Рэспубліканскі турнір па футболе “Залатая восень”.

Дзіцячая каманда Валожына (трэнер Аляксандр Кавяза) заняла другое месца. Лік у фінальнай гульні з пераможцамі-гаспадарамі быў 3:1. А вось у дзіцячай каманды “Дынама” (Мінск) нашы юныя землякі выйгралі з лікам 10:0.

 

     У кастрычніку ў райцэнтры прайшлі два баскетбольныя турніры. У першынстве раёна па баскетболе сярод юнакоў 2003-2004 г. н. першае і другое месцы занялі каманды № 1 і № 2 гімназіі. На трэцім месцы – каманда СШ № 1.

Шэсць каманд прынялі ўдзел у спаборніцтвах на кубак раёна па баскетболе сярод мужчын. Кубак паехаў у аграгарадок Багданаў, дзе падабралася моцная каманда аматараў гэтай гульні. Другое месца занялі баскетбалісты райаграпрамтэхнікі, трэцяе – каманда гімназіі № 1, куды ўвайшлі ігракі 2003 г. н. і старэйшыя, чацвёртае – воінскай часці № 30695. Камандам-прызёрам уручаны грашовыя прызы.



Добавить комментарий