Песімізму не паддаюцца

Общество

У краіне праходзіць месячнік “Белая трысціна”, мэта якога – унікнуць у праблемы людзей сляпых і з дрэнным зрокам.

На мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў цэнтральнай бібліятэкі за круглым сталом сабраліся члены раённага аддзялення БелТіЗ і адказныя службовыя асобы райвыканкама, прадстаўнікі камунальнай і сацыяльнай службаў, Чырвонага Крыжа. Гутарка прайшла без лішняга фармалізму, расказаць пра набалелае мог кожны прысутны.

Раённае аддзяленне Беларускага таварыства інвалідаў па зроку зараз налічвае 76 членаў. У большасці выпадкаў бяда з людзьмі здарылася ў выніку агульнага захворвання ці фізічнай траўмы, і толькі тры чалавекі з’яўляюцца інвалідамі ад нараджэння. Як расказаў адзін мужчына, прычынай яго дрэннага зроку паслужыла складанае сямейнае становішча: у яго цяжарную маці бацька страляў з паляўнічага ружжа. Напалоханая жанчына ўцякала ў лес і ў выніку нарадзіла дзіцятка з пашкоджанымі вачамі. Фізічны недахоп не адбіўся на характары мужчыны: ён вырас добразычлівым, працалюбівым, у штыкі ставіцца да розных шкодных звычак.

Большасць членаў таварыства – людзі ўжо пажылыя, але ёсць і тыя, хто толькі ўступае ў пару росквіту. Дзякуючы падтрымцы грамадства і дзяржавы, маладыя юнак і дзяўчына са слабым зрокам атрымалі спецыяльнасць па душы і зараз працуюць у медыцынскіх установах масажыстамі. Наогул, праблема працаўладкавання паўстае вельмі востра перад людзьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Іх не палохаюць цяжкасці, невялікія заробкі, галоўнае – мець занятак і даход. Літаральна за капейкі яны гатовы збіраць электрычныя разеткі. А гэты просты бытавы прыбор, дарэчы, складаецца з вялікай колькасці дробных дэталяў, для ўпарадкавання якіх патрабуюцца 32 дзеянні. Інваліды па зроку спадзяюцца, што іх правы як работнікаў у хуткім часе будуць абараняцца лепш. Такую падставу дае прыняцце Канвенцыі аб правах інвалідаў. Аптымізму і жыццёваму запалу ў іх можна толькі павучыцца. Далёка не кожная здаровая асоба дзеля ўласнага дабрабыту пагодзіцца працаваць на дзвюх работах. А вось цалкам невідушчы Міхаіл Невядомскі на такое здольны…

Пачынаючы з 2002 года, члены раённага аддзялення БелТіЗ рэгулярна сустракаюцца з прадстаўнікамі мясцовай улады, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, каб у іх і нашым жыцці адбываліся змены ў лепшы бок. Людзі, якія кожны дзень асабліва востра адчуваюць боль, цяжкасці, пакутуюць ад розных бытавых дробязей, дакладна ведаюць усе недахопы. Шмат крытыкі з іх вуснаў выказана ў адрас узведзеных аб’ектаў у рамках праекта па безбар’ерным асяроддзі. Нейкая заганная практыка прыжылася: бардзюры “топяць” бяздумна, пакідаючы высокі нахіл, потым перарабляюць… Няўжо нельга загадзя ўсё прадумаць? Перакладваюць па некалькі разоў тратуарную плітку, а на ёй усё адно небяспечныя выступы застаюцца. У вёсцы Бялякі на вуліцы Калгаснай “прыжыліся” дзве яміны, кажуць, глыбіня адной дасягае метра паўтара. Аўтобусныя прыпынкі і ў райцэнтры, і ў сельскай мясцовасці не заўсёды крытыя дахам, а на лаўках не могуць умясціцца ўсе жадаючыя. У шматпавярхоўцы па вуліцы Чапаева падвал і першы паверх пастаянна заліты вадой.

Усе заўвагі былі ўважліва выслуханы. Як сказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А. Я. Аліеў, на заметку ўзяты 18 пунктаў. У першую чаргу вырашацца будуць самыя незатратныя, напрыклад, устаноўка падсветкі на табло з раскладам прыёму ўрачоў у паліклініцы. Давядзецца праявіць актыўнасць і супрацоўнікам службы ДАІ, бо ў жылой зоне каля шматпавярховых дамоў некаторыя аўтаўладальнікі парушаюць правілы паркоўкі. Легкавушкі каля пад’ездаў перашкаджаюць рухацца і здаровым пешаходам, а сляпым наогул пагражаюць траўмамі.

Напрыканцы сустрэчы прысутным раздалі памяткі з пералікам паслуг, якія можна атрымаць у супрацоўнікаў тэрытарыяльна цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а яшчэ ўсё жадаючыя з ліку членаў БелТіЗ мелі магчымасць атрымаць гуманітарную дапамогу.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *