Абавязак кліча ў строй

Молодежный курьер

З мэтай арганізаванага і якаснага прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу ваенны камісарыят, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, РАУС правялі на мінулым тыдні традыцыйны “Дзень прызыўніка”. Урачыстасць адбылася ў раённым Цэнтры культуры.

Падчас мерапрыемства будучых вайскоўцаў віталі начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі палкоўнік запасу Аляксандр Мікалаевіч Шкрэба, выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юлія Фёдараўна Лагуціна, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік Сяргей Аляксандравіч Гелда.

Удзел у сустрэчы прынялі ваеннаслужачыя часці 30695. Спартыўны танец у іх выкананні ўзрушыў гледачоў. Таксама хлопцы ў пагонах прапанавалі сваёй змене паўдзельнічаць у конкурсах. Яфрэйтар Ілля Капцюг паказаў прыклад у разборцы і зборцы аўтамата, а Вадзім Занямонец паспрабаваў паўтарыць яго дзеянні. Арцём Тышкевіч не пабаяўся выйсці і паспрачацца за перамогу з радавым Арцёмам Цімафеевым у падыманні гіры. Безумоўна, больш падрыхтаваныя ваеннаслужачыя перамаглі, але іх паслядоўнікі прыклалі намаганні, каб таксама выглядаць годна.

З наказам да будучых абаронцаў Айчыны звярнуўся радавы Мікіта Ланц. У кароткім эмацыянальным выступленні ён падкрэсліў: “Служба – гэта важнейшы момант у жыцці юнака, які імкнецца стаць сапраўдным мужчынам”.

Удзельнікі канцэртнай праграмы – Аляксандр Шаўчэнка, Ірына Зянько, Вера Лявіцкая, Дзмітрый Завацкі, Віталь Крацюк, Карына Кашырская – падтрымалі маладых людзей творчымі падарункамі.

Завяршыўся армейскі “лікбез” экскурсіяй на тэрыторыю воінскай часці, правяла якую начальнік клуба брыгады Лілія Антонаўна Бітэль. Тым, каму ў хуткім часе давядзецца стаць салдатамі, паказалі пакой Баявой славы брыгады, пазнаёмілі з бытавымі ўмовамі. Некаторыя змаглі паспрабаваць сябе ва ўменні запраўляць ложак, абыходзіцца са зброяй.

Як адзначыў Ю. В. Нахай, асенняму прызыву бягучага года падлягаюць 30 жыхароў раёна. Гэта юнакі 1995-1999 гадоў нараджэння. Пачынаючы з 9 лістапада, шасцю этапамі яны будуць накіраваны ў часці рэспублікі. Большасці давядзецца несці службу на Міншчыне. Толькі дэсантнікі накіруюцца ў Віцебскую, а пагранічнікі – у Гродзенскую і Гомельскую вобласці. Многія з юнакоў даўно вызначыліся з пытаннем, дзе б яны хацелі правесці армейскае жыццё. Іх жаданні былі ўлічаны прызыўной камісіяй. Напрыклад, Ілля Відус вырашыў служыць у падраздзяленні МУС, у ПДВ папрасіўся Павел Лукашык. Дзякуючы спецыяльнасцям, набытым падчас вучобы ў навучальных установах тэхнічнага профілю, у валожынскай часці (радыёразведка) застануцца служыць Андрэй Шарко, Аляксей Жалняровіч, Георгій Кірыловіч. Самыя значныя патрабаванні традыцыйна пры адборы ў пагранічнікі. Што не дзіўна – менавіта ім даводзіцца абараняць рубяжы краіны. У хуткім часе шэсць маладых людзей прыступяць да ганаровага абавязку. Завяршыцца асенні прызыў 24 лістапада.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

абавязак

абавязак2



Добавить комментарий