Адным радком

Общество

З мінулага года прынята рашэнне аб выплаце камунальных субсідый для маламаёмных грамадзян. Сёлета ў летні перыяд такую дапамогу атрымліваў адзін жыхар раёна, з надыходам ацяпляльнага сезона адрасатаў стала трое. Налічаныя сумы за квартал у сярэднім складаюць 3-4 рублі.

5 лістапада ваенныя разведчыкі Рэспублікі Беларусь адзначаць  сваё прафесійнае свята. Хоць у радыёразведкі ёсць і асобная дата, валожынскія вайскоўцы ў гэты дзень таксама прымаюць віншаванні. На пляцы ваеннай часці 30695 адбудзецца ўрачыстае пастраенне, падчас якога да афіцэраў і салдат звернецца камандзір В. С. Галіеў, пасля чаго плануецца святочны канцэрт.

У гэтыя дні на базе СШ № 2 райцэнтра праходзяць раённыя алімпіяды па 14 вучэбных прадметах. Свае веды і здольнасці паказваюць 157 вучняў школ раёна з 8 па 11 класы і 2 навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Пераможцы раённага этапу прымуць удзел у абласных спаборніцтвах, якія традыцыйна праводзяцца падчас зімовых канікулаў.

Калектыў філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” падвёў вынікі работы ўстановы ў кірунку прафілактыкі наркаманіі і супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў. У рамках патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” для гледачоў Валожыншчыны былі наладжаны 103 кінасеансы для 5059 гледачоў па азначанай тэматыцы.

Восеньскія канікулы выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця правядуць у аздараўленчым лагеры каля Вілейкі. 20 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо ў перадапошні тыдзень кастрычніка былі дастаўлены на месца адпачынку. Пуцёўкі дапамагла набыць дабрачынная арганізацыя.



Добавить комментарий