Кропкі над “і” расстаўлены

Общество

Старшыня райвыканкама М. А. АСТРЭЙКА правёў чарговы выязны прыём грамадзян у СШ № 2 Валожына.

Вырашыць хвалюючае пытанне прыйшлі 2 пенсіянеркі з вуліцы Леніна райцэнтра – яны прасілі аднавіць работу магазіна, які за апошнія два гады некалькі разоў закрываўся і адкрываўся.

З красавіка гандлёвая кропка не працуе. Тавары першай неабходнасці жыхарам прапануе аўталаўка. Аднак графік заезду не захоўваецца: часам яе трэба чакаць гадзіну, а то і больш. Улетку ніхто не наракаў на спазненні, цяпер жа даводзіцца стаяць пад дажджом і на холадзе, бо схавацца няма куды. Дарога па вуліцы выходзіць на гродзенскую шашу, транспартных сродкаў штодзень праязджае шмат, таму патэнцыяльнымі пакупнікамі з’яўляюцца і вадзіцелі.

Адна з жанчын адпрацавала ў гэтым магазіне 24 гады – тады і асартымент тавараў быў вялікі, і пакупнікоў хапала. Цяпер, безумоўна, многае змянілася ў гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, але вуліца знаходзіцца ў райцэнтры і налічвае амаль 300 дамоў. Больш за пяцьдзясят домаўладанняў ёсць і на вуліцы 60 гадоў БССР, якая размешчана ў прамым напрамку ад вуліцы Леніна.

Па словах старшыні райспажыўтаварыства В. У. Біталя, за два гады ў магазіне змянілася 8 прадаўцоў, пастаянна выяўляліся недастачы і іншыя парушэнні. На двух апошніх справы перададзены ў суд. З-за невялікага тавараабароту жадаючых гандляваць тут няма, ды і ўтрыманне будынка з’яўляецца стратным.

Выслухаўшы абодва бакі, кіраўнік раёна М. А. Астрэйка пагадзіўся з довадамі людзей: калі на вуліцы ёсць магазін, то ён павінен працаваць. Абслугоўваць жыхароў горада аўталаўкай не выйсце. А знайсці добрага прадаўца – задача кіраўніцтва райспажыўтаварыства, якому, дарэчы, дадзена даручэнне да 15 лістапада аднавіць работу гандлёвай кропкі.

Прэтэнзіі да камунальнай службы выказала жыхарка мікрараёна Папоўка. У кватэры, дзе яна пражывае, некалькі дзён не было святла. У дыспетчарскай службе па нумары 115 прынялі заяўку і паабяцалі, што на наступны дзень прышлюць электрыка. Але той так і не з’явіўся. На паўторны званок, па словах маладой жанчыны, дыспетчар у грубай форме адказаў, што электрычнасць адключылі за неўплату: доўг за камунальныя паслугі складаў больш за 60 рублёў. Як толькі аплата паступіла на рахунак – святло было падключана.

Кіраўнік РУП “Валожынскі жылкамунгас” М. М. Унучак патлумачыў, што жанчына адносіцца да злосных неплацельшчыкаў – менавіта па гэтай прычыне яна была адселена з пакоя ў інтэрнаце. Зараз пражывае ў кватэры з малалетнім сынам, гаспадаром якой з’яўляецца бацька, інвалід II групы. Аплата за камунальныя паслугі не праводзілася на працягу трох месяцаў, таму вымушаны былі пайсці на крайнія меры, аб чым, дарэчы, паведамілі ў заказным пісьме: дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У маладой маці было яшчэ шмат пытанняў да камунальнікаў, таму старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка даў даручэнне больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі. А каб пазбегнуць нараканняў на работу дыспетчара, у самы бліжэйшы час неабходна ўстанавіць сістэму запісу размовы па нумары 115.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея Бобрыка



Добавить комментарий