Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

     У сярэдзіне кастрычніка чарговая рэарганізацыя адбылася ва ўнівермагу райцэнтра. Многія пакупнікі паспелі ўжо заўважыць, што аддзелы “Электратавары” і “Гаспадарчыя тавары” зліліся ў адзін. А на вызваленыя на першым паверсе плошчы пераехаў магазін “Будаўнік”.

Прыватную кропку “Аўтазапчасткі”, якая арэндавала памяшканне былога буфета, перавялі ў іншае месца. Там жа цяпер гандлююць буйнагабарытнымі будаўнічымі матэрыяламі. Далейшы лёс будынка, дзе на працягу многіх гадоў размяшчаліся магазіны “Мэбля” і “Будаўнік” (да гэтага “Гаспадарчыя тавары”), будзе вырашаць праўленне райспажыўтаварыства. Сам універмаг здае ў арэнду кожную вольную плошчу. На чарзе – каля 500 квадратных метраў свабодных складскіх памяшканняў, да іх маецца добры даезд, ёсць рампа.

 

     У мінулую суботу ў Мінску прайшлі святкаванні з нагоды 100-годдзя грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” і 15-годдзя ўтварэння Мінскага гарадскога аддзела арганізацыі.

Сярод шматлікіх гасцей былі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрадам Паўлікам, дэлегацыі з Віцебска, Магілёва, іншых рэгіёнаў рэспублікі. Запрашэнне атрымала і наша раённае аддзяленне “Польска Мацеж Школьна”. Пан пасол адзначыў, што яму заўсёды прыемна бываць на мерапрыемствах, якія ладзіць гэта арганізацыя, назваў прозвішчы настаўнікаў, што прапагандуюць польскую мову. Многія прадстаўнікі з рук пасла атрымалі медалі камісіі народнай адукацыі Польшчы. Падзякі за ўклад у развіццё грамадскага аб’яднання былі ўручаны многім членам, у тым ліку і з нашага раёна. У зале былі аформлены стэнды з фатаграфіямі з мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў розныя гады ў школах пад патранажам “Польска Мацеж Школьна”, і лепшымі малюнкамі дзяцей з розных конкурсаў і пленэру “Зямля і неба Фердынанда”, што ў апошнія гады праходзіць у нашым раёне.

 

     У рамках праекта “Валожын без бар’ераў” у райцэнтры праводзяцца адкрытыя лекцыі для простых людзей самых розных прафесій, якія вырашылі пачаць сваю справу, але не ведаюць як, ці для тых, у каго ўжо ёсць свой бізнес і яны жадаюць развіваць яго далей.

Газета паведамляла, што ў жніўні быў завершаны конкурс ініцыятыў, звязаных з праектам, адабраны пяць фіналістаў. Лекцыі праводзяцца ў тым ліку і для іх, але могуць прыходзіць усе, каго цікавяць узнятыя тэмы.

25 кастрычніка больш за 10 чалавек сабраліся ў РЦК на адкрытую лекцыю, як пачаць бізнес з нуля, як пралічыць усе выдаткі і гэтак далей. Падчас лекцыі ўдзельнікі мелі магчымасць кансультавацца з экспертам Аляксандрам Булахам, якім чынам пачынаць бізнес у невялікім горадзе накшталт нашага Валожына, без асаблівых рэсурсаў, дзе шукаць кропкі збыту і г. д. Наступная лекцыя пройдзе ў лістападзе. Эксперт Ксенія Маеўская раскажа, як ствараць паспяховы хэнд-мэйд, прадаваць свае вырабы за мяжу. Шаноўныя чытачы, калі вас гэта цікавіць, то пільна сачыце за аб’явамі на інфармацыйных стэндах горада.

 

     Цікава і пазнавальна праходзяць асеннія канікулы ў школьнікаў СШ № 1 райцэнтра. Для іх арганізаваны разнастайныя экскурсіі.

50 вучняў 1-2 класаў пабывалі ў забаўляльным цэнтры “Дыназаўр і Я” ў Мінску на інтэрактыўным шоу дыназаўраў. У мінулую нядзелю настаўнікі школы і вучні 3-4 і 6 класаў здзейснілі паездку ў старажытны Полацк. Яны наведалі манастыр, дзе мелі магчымасць дакрануцца да Крыжа Ефрасінні Полацкай, пабывалі ў музеі кнігадрукавання, зрабілі аглядавую экскурсію па горадзе.

 

      Сёлета на міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, які неўзабаве пачнецца ў Мінску, будзе дэманстравацца дакументальны фільм журналісткі Аўгіні Манцэвіч (дачкі рэдактара “Рэгіянальнай газеты” Аляксандра Манцэвіча) “Васіліна”.

Галоўная гераіня дакументальнай стужкі – амаль 90-гадовая жыхарка вёскі Лохаўшчына нашага раёна Васіліна Валадкевіч. Аўтар мае там лецішча, і таму на працягу некалькіх гадоў магла сачыць за жыццём сваёй суседкі. Гэта першая спроба дакументальнага кіно для маладой журналісткі. Аўгіня з’яўляецца вядучай праграмы “Аўтаспынам па Беларусі” на адным з тэлеканалаў. Фільм “Васіліна” можна будзе паглядзець 8 лістапада ў 17 гадзін у кінатэатры “Беларусь”.

 

     29 кастрычніка ў 3.08 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб загаранні лазні паблізу вёскі Туркаўшчына Ракаўскага сельсавета ў садовым таварыстве “Пралеска-плюс”.

У выніку пажару ў драўлянай лазні 6 на 6 метраў цалкам знішчаны дах, выгаралі сцены ўнутры. Перад гэтым гаспадары карысталіся лазняй, але на момант узнікнення ўзгарання там ужо нікога не было. Папярэдняя прычына – парушэнне правіл эксплуатацыі цеплагенерыруючых агрэгатаў і прыбораў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *