Спакойнай ночы, малышы!

Молодежный курьер

Артыкулам 17.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць у адносінах да бацькоў, якія не выконваюць абавязкі па суправаджэнні ці забеспячэнні суправаджэння непаўналетніх ва ўзросце да 16 гадоў пасля 23.00 па-за месцам жыхарства.

На правапарушальнікаў можа быць накладзена пакаранне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 2 базавых велічынь. У выпадку паўторнага дапушчэння супрацьпраўнага ўчынку бацькам давядзецца раскашэліцца да 5 базавых велічынь.

Летась камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела тры такія пратаколы, складзеныя супрацоўнікамі РАУС. Міліцыя тады затрымала дзяцей, што позна ноччу блукалі без дарослых па горадзе. Асобы затрыманых хутка ўстанавілі, бацькі прыбылі ў аддзяленне і забралі “гулякаў” дадому.

У гэтым годзе колькасць правапарушальнікаў па дадзеным артыкуле рэзка вырасла: за тры кварталы пакарана 21 асоба. Бацькі дазваляюць дзецям самастойна наведваць позна ноччу масавыя мерапрыемствы: свята горада, Купалле, а таксама хадзіць у госці да сяброў, бавіць з імі час. Нярэдка непаўналетніх затрымліваюць вельмі далёка ад дома. Застаецца толькі здзіўляцца, чаму мамы і таты не хвалююцца за сына ці дачку, не цікавяцца іх інтарэсамі, кампаніяй. Ды ці мала якая бяда можа здарыцца ноччу? Няўжо дарослыя людзі спадзяюцца, што дзіця выручыць мабільны тэлефон, выпадковыя прахожыя ці міліцыя? Некаторыя бацькі выпускаюць на начныя прагулкі малалетняе дзіця ў суправаджэнні шаснаццацігадовага падлетка, забываючы, напэўна, што паўналетнім чалавек лічыцца толькі пасля 18 гадоў.

Праваахоўныя органы надзелены паўнамоцтвамі затрымліваць юных грамадзян, якія пасля 23.00 знаходзяцца на вуліцы без суправаджэння дарослых, і перадаваць пратаколы ў камісію па справах непаўналетніх для прыцягнення іх бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці.

У выпадку, калі дзіця затрымана, а звязацца з бацькамі не ўдаецца або іх асобы не ўстаноўлены, непаўналетняга неабходна адпраўляць у сацыяльны прытулак, забраць яго адкуль маюць права толькі бацькі ці апекуны.

Таму камісія па справах непаўналетніх пры райвыканкаме настойліва рэкамендуе: каб не мець лішніх турбот і грашовых расходаў, пасля 23.00 дзеці вашы няхай сядзяць дома або разам з імі гуляйце і вы…

Наш кар.



Добавить комментарий