Госць у дом – радасць у дом

Официально

Кожны з выхаванцаў Чэхаўшчынскай школы-інтэрната ў мінулую пятніцу меў магчымасць папрасіць аўтограф у папулярнай эстраднай спявачкі Паліны Смолавай.

На Усходзе кажуць: “Госць у дом – радасць у дом”. Вось і візіт Паліны Смолавай у Чэхаўшчынскую школу-інтэрнат стаў прамым доказам гэтаму меркаванню. І не толькі таму, што папулярная спявачка прывезла выхаванцам установы, малышам з аддзялення сацыяльнага прытулку СПЦ ласункі кандытарскіх фабрык “Слодыч” і “Спартак”.

Скрынкі хоць і былі сустрэты водгукамі адабрэння, але па цікавасці адышлі на другі план перад магчымасцю пагутарыць з артысткай, узяць у яе аўтограф. Тым больш, што госця аказалася чалавекам добразычлівым, без “зорнага” снабізму і фанабэрыстасці.

Паліну Смолаву сустракалі па ўсіх правілах этыкету – хлебам-соллю, шчырымі словамі, а таксама песнямі і танцамі. Паліна пахваліла цудоўнае музычнае выкананне і галасы школьных артыстаў, а стаўленне да танцаў выказала тым, што сама з задавальненнем пайшла ў скокі. Невялікая экскурсія па школе прывяла спявачку ў захапленне. Уразіла яе і чысціня ўстановы, і выхаванасць дзяцей, і здольнасць педагогаў, праяўленая пры мастацкім афармленні. Асобыя словы пахвалы прагучалі ў адрас “кватэры”, якая створана спецыяльна для таго, каб старэйшыя вучні маглі прывучацца да самастойнасці. Палюбавацца на кватэру артыстка нават запрасіла свайго мужа, вядомага маскоўскага бізнэсмена, які суправаджаў спявачку.

Амаль паўтары гадзіны Паліна Смолава адказвала на шматлікія пытанні, якія датычыліся прафесіянальнай дзейнасці, асабістага жыцця, поглядаў на самыя розныя з’явы ў грамадстве. Напрыканцы артыстка акапэльна выканала песню “Рэха жураўлінае”, што прынесла ёй поспех на “Славянскім базары” ў Віцебску.

Вечарам таго ж дня ў кінатэатры “Юнацтва” адбыўся канцэрт спявачкі. Увазе валожынцаў былі прапанаваны песні з новага альбома Паліны Смолавай.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий